Почему серию «Шлях Скарыны» поставили в один ряд с наилучшими образцами медалей, монет и коллекционных ценностей мира

Парад манет

Скульптуры, манументы, карцiны, фрэскi, нават будынкi — менавiта яны для нас адлюстраванне мiнулых часоў. Аднак значныя падзеi, эпохi, жыццё знакамiтых асоб адлюстроўваюць i ў манетах — гэты спосаб дзiвосны, незвычайны, звязаны з мноствам складаных працэсаў. На маленькiм кавалачку металу трэба размясцiць цэлую гiсторыю! Ды яшчэ так, каб сэнс зразумелi нават тыя, хто не мае да яе дачынення. Як жа гэта зрабiць? Нацбанк да 500-годдзя выдання Бiблii Францыска Скарыны ў мiнулым годзе выпусцiў серыю з шасцi манет «Шлях Скарыны». «Р» даведалася аб усiх тонкасцях яе стварэння, а таксама аб тым, чаму работу высока адзначылi ў Еўропе.

Глыбокі каштоўны гістарычны змест серыі аб’ядноўвае адразу некалькі краін.

Выключэнне з правiл

Iдэя выпусцiць серыю манет, прысвечаную беларускаму кнiга­друкаванню, належала Нацбанку. Нароўнi з эмiсiяй плацёжных срод­каў банк ужо больш за 25 гадоў ажыццяўляе распрацоўку i выпуск памятных манет. Дзякуючы высокiм мастацкiм якасцям i тэхнiчнай дасканаласцi вытвор­часцi некаторыя памятныя манеты паспелi ўжо стаць вiзiтнай карткай нашай краiны.

Дзеля ажыццяўлення выпуску серыi «Шлях Скарыны» навуковую канцэпцыю Нацбанк запрасiў распрацаваць вядучага навуковага спецыялiста Нацыянальнага гiстарычнага музея Iрыну Зварыка. Разам з галоўным спецыялiстам — мастаком Нацбанка Святланай Някрасавай яны пачалi працаваць у 2014 годзе, а ўжо ў канцы 2015-га свет убачыла першая манета серыi — «Шлях Скарыны. Полацк».

У серыi «Шлях Скарыны» шэсць манет.

У 2016 годзе з-пад чаканачнага станка на Лiтоўскiм манетным двары ў колькасцi 2000 экзэмпляраў выйшла яшчэ пяць срэбраных манет гэтай серыi, кожная дыяметрам пяць сантыметраў. Такiя ж манеты, але выкананыя ў медна-нiкелевым сплаве, дыяметрам 3,7 сантыметра былi выпушчаны ў агульнай колькасцi 3000 экзэмпляраў.

Серыя манет «Шлях Скарыны» хутка прыцягнула ўвагу прэзiдэнта iтальянскай акадэмii нумiзматычных даследаванняў Раберта Ганганелi, якi ў мiнулым годзе нават прысвяцiў ёй свой артыкул на старонках спецыяльнага нумiзматычнага выдання «Сусветная гiсторыя».

Звычайна сучасных памятных манет выдаўцы Ватыканскай Апостальскай бiблiятэкi ў сваiм часопiсе не змяшчаюць. Але «Шлях Скарыны» — выключэнне з правiл. Глыбокi каштоўны гiстарычны змест, якi аб’ядноўвае адразу некалькi краiн, цудоўная тэхнiчная рэалiзацыя i не падобная да iншых мастацкасць, усеагульнасць i вечнасць тэмы Бiблii — складальнiкi манет, якiя прывабiлi iтальянскiх экспертаў. Серыю паставiлi ў адзiн шэраг з лепшымi ўзорамi медалёў, манет i калекцыйных каштоўнасцей свету.

Iтальянскi даследчык напiсаў грунтоўны артыкул пра серыю «Шлях Скарыны». Бачна, наколькi глыбока зацiкавiла яго гэта тэма. Больш таго, на Захадзе дастатковую колькасць iнфармацыi пра жыццё Францыска Скарыны, як i пра гiсторыю Беларусi, знайсцi цяжка.

I карабель паплыў

— Тыя гарады, якiя адыгралi вялiкую ролю ў рэалiзацыi галоўнай справы яго жыцця — выданнi перакладзенай iм Бiблii, — з’явiлiся шляхам Скарыны ў серыi манет. Напачатку былi выбраны гарады, якiя будуць змешчаны на манетах, — Полацк, Кракаў, Падуя, Венецыя, Прага i Вiльня, — расказвае аўтар навуковай канцэпцыi серыi «Шлях Скарыны» Iрына Зварыка.

Першая манета прысвечана вытоку станаўлення Скарыны, яго айчыне — Полацку.

Першая манета прысвечана вытоку станаўлення Скарыны, яго айчыне — Полацку. Герб горада ўяўляе сабой карабель, якi плыве па хвалях. А калi прыбраць рамку — карабель «паплыве» на Захад. Так i Скарына, узяўшы з сабой каштоўны скарб ведаў, атрыманых на радзiме, адправiўся ў Еўропу. На манеце гэта бачыцца праз стылiзаванае акно ў свет. Iрына Зварыка таксама дапаўняе:

— Быццам Скарына са сваёй будучынi ўзiраецца ў мiнулае. А на падаконнiку ляжыць разгорнутая кнiга, якая ў кампазiцыi адыгрывае ролю знака Полацка як тагачаснага цэнтра асветы i кнiжнай культуры. На аверсе манеты змешчана вядомая цытата з прадмовы Скарыны пра любоў да Радзiмы. Скарына нёс слова. Таму серыя манет пачынаецца не з iлюстратыўнай выявы, а з цытаты.

У Кракаў Скарына прыйшоў, каб паступiць ва ўнiверсiтэт. На аверсе гэтай, другой па лiку, манеты размяшчаецца гравюра «Дыспут». Навучэнцам Кракаўскага ўнiверсiтэта абавязкова трэба было навучыцца абараняць высновы сваёй навуковай працы, тэзiсы i меркаваннi. На рэверсе манеты — сярэдневяковы горад, скарынаўская лiтара «К», з каронай i кветкай лiлеi — як сiмвал горада Кракава i каралеўскай улады. Выява пададзена як сiмвалiчная брама, праз якую Скарына ўвайшоў у свет еўрапейскай культуры.

Працягваецца шлях Скарыны ў iтальянскiм горадзе Падуя, дзе Скарына не вучыўся, але блiскуча абаранiў ступень доктара медыцыны ва ўнiверсiтэце ў прысутнасцi навуковай элiты ўнiверсiтэта i горада. Такiм чынам, на аверсе трэцяй манеты размешчана iлюстрацыя (да кнiгi «Руф»), на якой жняцы збiраюць багаты ўраджай. Сiмвал таго, што Скарына ў Падуi атрымаў важкi плён сваёй працы — ступень доктара медыцыны.

— Iрына прапанавала змясцiць на рэверсе армiлярную сферу — астранамiчны прыбор, прэстыжную рэч, якая ў XVI стагоддзi была паказчыкам высокай вучонасцi, сiмвалам ведаў зямных i нябесных. Армiлярная сфера, дарэчы, прысутнiчае i на аўтапартрэце Скарыны. Таксама на манеце выкарыстоўваецца экстэр’ер — вiд вулiцы горада, — адзначае Святлана Някрасава.

Дакументальна тое, што Скарына быў у Венецыi, не пацверджана. Аднак уплыў венецыянскай культуры яскрава прасочваецца на старонках скарынаўскай Бiблii, таму стваральнiкi серыi ўключылi Венецыю ў шэраг маршрутаў Скарыны. Больш таго, менавiта Венецыю можна назваць тагачаснай сталiцай кнiгадрукавання.

Зенiт славы

Пражскi перыяд — зорны час у жыццi Скарыны. Тут свет убачылi найважнейшыя яго працы — кнiгi Бiблii. Распрацоўшчыкi гэтай манеты знайшлi, на iх погляд, адзiную магчымую лiтаратурную метафару — «зорны час», — якая ўвасобiлася ў метафары выяўленчай, пражскiм гадзiннiку, Арлоi. Ён паказвае тры ступенi часу, фазы Месяца, Сонца, задыякальныя сузор’i. Але ж якi час павiнен паказваць гадзiннiк на манеце? Вядома, вышэйшую пазiцыю — зенiт.

— Першая кнiга Скарынавай Бiблii пабачыла свет 6 жнiўня 1517 года. Астранамiчныя паказчыкi гадзiннiка на манеце адлюстроўваюць менавiта гэты час, калi Сонца знаходзiлася ў знаку Льва, Месяц — у знаку Скарпiёна, фаза Месяца складала 0,7699 (гэта быў маладзiк). Паказчыкi на гадзiннiку для гэтай даты разлiчылi для нас супрацоўнiкi факультэта астраномii БДУ. Нават давялося зрабiць кардонны макет гадзiннiка, каб дакладна адлюстраваць разлiчаныя пазiцыi на паверхнi манеты, — расказвае Святлана Някрасава.

Дарэчы, пятая манета, прысвечаная Празе, у 2018 годзе атрымала прыз на прэстыжным мiжнародным нумiзматычным конкурсе «Манетнае сузор’е» ў Маскве.

Завяршэнне шляху — Вiльня

Серыя пачынаецца са слова, словам i заканчваецца: на аверс вынесены фрагмент пасляслоўя Скарыны з кнiгi, надрукаванай у Вiльнi, дзе засведчана, кiм, дзе i калi гэтая кнiга выдадзена. Словы выкананы ў чырвоным колеры. Скарына, як вядома, упершыню актыўна ўвеў гэты колер у свой друк менавiта ў вiленскiх выданнях.

У Вiльнi Скарына з нуля стварыў першую тыпаграфiю i выдавецтва ва Усходняй Еўропе. Яму нават давялося ўзяць на сябе абавязкi тэхнiчнага характару, якiя ў празе выконвалi прафесiйныя друкары. I гэтая акалiчнасць была пазначана ў яго тэкстах.

— У адным з вiленскiх стара­друкаў Скарына змясцiў выяву Мацi Божай. I менавiта гэтая выява была выкарыстана пры стварэннi мастацкага вобраза манеты. Мастак зрабiла кампазiцыю такой, быццам бы вобраз Мацi Божай лунае над старадаўняй Вiльняй. На манеце фрагментам паказаны гравюры з кварталам, дзе знаходзiлася друкарня Скарыны, — распавядае Iрына.

Працаваў Скарына над кнi­гамi, каб даць людзям магчымасць самастойна атрымлiваць веды праз Бiблiю. Iдэя шляху, станаўлення чалавека актуальная i зараз. «Шлях Скарыны» — гэта не проста геаграфiчны шлях беларус­кага генiя. Гэта праходжанне прыступак, гэта выклiк, якi чалавек прымае ад лёсу, гэта складанасцi, няпросты працэс самаўдасканальвання. Скарына ў пачатку свайго шляху — прыродны скарб. Скарына на пiку — агранены дыямент, якi да гэтага часу выпраменьвае сваё святло на гiсторыю Беларусi.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter