В ряде районов объявлен третий класс пожарной опасности лесов: наш корреспондент заступил на дежурство вместе с авиацией МЧС

Пара ў паветраны дазор

Больш за тры дні зямля чакае дажджу — шэрагу раёнаў прысуджаны трэці клас пажарнай небяспекі лясоў. У неба падымаецца авіяцыя МНС, патрулюе лес з паветра. З пачатку года ратавальнікі выявілі і ліквідавалі больш за 2500 пажараў у экасістэмах: тарфяныя, лясныя, гарэла трава і хмызнякі. Між тым авіяцыя міністэрства з гэтага ліку выявіла 111 пажараў. Разам з лётчыкамі МНС на дзяжурства заступіў і карэспандэнт «Р».

Злева направа: лётчык-назіральнік Станіслаў ДЗІВІН, камандзір авіяцыйнай эскадрыльі Сяргей КАСАБУЦКІ, авіяцыйны тэхнік Аляксандр КАРНАВУХАЎ і камандзір паветранага судна Дзяніс ЗАЙЦАЎ.

Мне б у неба

На аэрадроме «Ліпкі» да вылету рыхтуецца самалёт Ан-2 і верталёт Мі-2. Першы паляціць патруляваць Магілёўскую вобласць, другі, і я разам з ім, — Мінскую. Раней на верталётах не лётаў.

— На атракцыёнах як сябе адчуваеш? — пачынае здалёк лётчык-назіральнік Станіслаў Дзівін.

— Так сабе, — адказаў і характэрна палавіраваў запясцем.

— Тады возьмем табе пакецік.

Задача Станіслава — агляд лясоў, палёў і рэк. За штурвалам верталёта інструктар Сяргей Касабуцкі, побач з ім камандзір паветранага судна Дзяніс Зайцаў. Экіпаж прайшоў медагляд: у іх праверылі тэмпературу цела, ціск, яны дзьмухнулі ў алкатэстар.

Свой агляд прайшоў і верталёт. Тэхнік праверыў рухавік, лопасці, прыборы, узровень усіх вадкасцей і працёр лабавое шкло. Наш Мі-2 запраўляецца палівам. У гэты час побач з ім дзяжурыць пажарная машына. Спецыяльная, аэрадромная. Цягне на сабе 12 тон вады і 720 літраў пенаўтваральніка. Адрозніваецца ад звычайнай аўтацыстэрны тым, што ў выпадку экстранай пасадкі паветраных суднаў спецыяльным грабянцом можа ўкладваць на ўзлётна-пасадачнай паласе пенную падушку. Заўважыў дэталь: перад заездам на верталётную пляцоўку ратавальнікі «Кёрхерам» старанна прамылі колы пажарнай машыны ад пяску і дробных каменьчыкаў, каб на рулёжнай паласе была ідэальная чысціня.

Відавочна, што верталёт Мі-2 заглушаны. Але згодна з тэхнікай бяспекі мы ўсё роўна абыходзім лопасці ў хвасце.

— Верталёт, як конь, ззаду падыходзіць да яго нельга, — усміхаюся цікаваму параўнанню ад інструктара Сяргея Касабуцкага.

Па баках Мі-2 два падвесныя бакі, афарбаваныя ў блакітны, кожны на 240 літраў, а асноўны — на 600. Субтыльны верталёт нібы натужліва нясе іх пад пахай. Паліва хопіць на тры гадзіны, за гэты час мы праляцім 385 кіламетраў. Кожны паварот на маршруце строга ўзгоднены: па кальцавой да Малінаўкі, далей на Узду, адтуль праз Чырвоную Слабаду ў Салігорскі раён, на мяжы Палесся разварот — і назад. На дазапраўку і другі круг. У палётным заданні пазначаны ўдакладненні для лётчыкаў аб хуткасці сённяшняга ветру, тэмпературы паветра за бортам, вільготнасці, мяжы аблокаў, гарызантальнай бачнасці.

Узлятаем не вертыкальна, з месца, бо мы цяжкія: чатыры чалавекі і поўныя бакі. Па рулёжнай паласе выходзім на ўзлётку і разганяемся, амаль як самалёт.

Станіслаў ДЗІВІН паведамляе па радыёсувязі аб загаранні дзяжурнаму лясгаса. Дарэчы, у кожнага лясгаса свой пазыўны.

Транзітны пасажыр


У вушы заткнуў берушы, наверх надзеў навушнікі. У салоне невыносна гучна. Па ўнутранай сувязі гутарым са Станіславам Дзівіным, ён распавядае:

— Верхавы пажар самы хуткі і небяспечны — калі гараць кроны дрэў. Яшчэ бываюць нізавыя і падземныя, тарфяныя пажары. У сухое надвор’е, ды яшчэ пры ветры, недагаркі галля, лісце, вуголле пераносяцца на дзясяткі метраў. Самаўзгаранне лясоў бывае хіба што пры моцнай працяглай спякоце. Большасць лясных пажараў узнікае па віне чалавека: ад пакінутых вогнішчаў, запалак і недакуркаў.

Нам зверху ўсё відаць


Ляцім на вышыні каля 500 метраў. Назіраем сельхозпалы, дым на падворках. Бачым удалечыню да дзесяці кіламетраў. Густыя лясы да самага гарызонту, звілістыя рэкі разразаюць бязмежныя палі. Да чаго ж прыгожая наша прырода!

Лётчык-назіральнік пастаянна звярае наш маршрут па «пяцікіламетровай» карце. Пры ім таксама чамадан, у якім больш дакладныя карты, кожны сектар кіламетровы і падзелены па нумарах. Так нам зразумела, якога лясгаса ўгоддзі. У вотчыне Старобінскага лясніцтва прымецілі падземны тарфяны пажар, такі можа тлець у нетрах не адзін дзень — на паверхню праступае толькі дымок. У гэтым месцы павалены бярозы, у іх выгарала каранёвая сістэма. Знізіліся да трохсот метраў, зрабілі пару кругоў над гэтым месцам, каб уважліва агле-дзець узгаранне. Тут жа Станіслаў Дзівін паведамляе па радыёсувязі аб сітуацыі дзяжурнаму лясгаса. Дарэчы, у кожнага лясгаса свой пазыўны.

У кабіне спякота. Ніякага табе кандыцыянера. Ратуюць прыадчыненыя дзверы з боку лётчыка, падзьме вецер — асалода.

Падземны тарфяны пажар.

Станіслаў Дзівін заўважыў, што я часта пазяхаю:

— З нязвычкі ўсіх закалыхвае, на сон хіліць. Гэта нармальная рэакцыя арганізма.

Палёт сапраўды мяне закалыхвае, раз-пораз коса пазіраю на пакецік. Але ўсё ж ён не спатрэбіўся. Нарэшце ў смузе гарызонту віднеецца Мінск белагаловы. Пасля пасадкі рухавік не глушыцца, яшчэ кароткі час працуюць лопасці.

— Астуджваем рухавік на малых абаротах, — тлумачыць інструктар Сяргей Касабуцкі. Спробы зрабіць фатаграфіі лётчыкаў у кабіне ўспрымаюцца імі ў штыкі, але тактоўна. Усяму віной закаранелая авіяцыйная прыкмета: ніякіх фота да вылету. Наперадзе ў іх яшчэ другі круг. Праўдамі-няпраўдамі ўсё ж угаварыў лётчыкаў на агульны здымак ля борта — краіна павінна ведаць іх у твар.


Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter