Как новогодние снежинки связаны с белорусской традицией

Папяровыя цуды

Беласнежныя анёлы і домікі, елачкі і сняжынкі, зоркі і шары — напярэдадні Новага года шыбы дзіцячых садкоў, школ і жылых дамоў пачынаюць “ажываць” рознымі папяровымі цудамі. Традыцыя выразаць з паперы не новая. Выцінанка, а менавіта так называецца гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з’явілася на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Найбольшую папулярнасць яна набыла ў пасляваенныя гады. Адчуваючы недахоп у многіх матэрыялах, але жадаючы хоць неяк упрыгожыць жыллё, нашы бабулі і дзядулі выкарыстоўвалі тое, што было пад рукамі, і ў першую чаргу — паперу. З яе рабілі фіранкі, сурвэткі, упрыгожванні для абразоў і многае іншае. Сёння выцінанка спрабуе сябе ў абсалютна нечаканых рэалізацыях. Ёю афармляюць ёлачныя цацкі, завушніцы і многае іншае.

Выразаюць з паперы ў многіх краінах. Але ў кожнай — па-свойму. Беларуская выцінанка мае свае адметныя асаблівасці. Сярод іх — прынцып шматразовага складвання, стварэнне нават самай складанай выявы з парэзак простых геаметрычных форм, сіметрычнасць узору, дэкаратыўнасць і, галоўнае, стылізаванасць. Прадметы ў выцінанцы не проста адлюстроўваюцца — яны дэкаратыўна асэнсоўваюцца, ім надаюцца форма, стыль.
Існуюць у нашай краіне і зусім унікальныя традыцыі. Да прыкладу, навагрудская выцінанка-выбіванка — адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнку на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата, расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі ці вострай алюміневай трубачкі. Асновай вырабаў з’яўляецца ромбападобная сетка, якая імітуе ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі, птушкі, матылькі, а па краях выбіваюцца зубчыкі. Раней такія фіранкі вешалі на вокны і ў чырвоным куце. Сёння вырабы ў тэхніцы навагрудскай выцінанкі-выбіванкі ўспрымаюцца як унікальныя творы мастацтва. Чатыры гады таму традыцыі быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter