Што такое «насіць намётку»?

Папшыцкая намётка і глыбоцкія капыткі

Што такое «насіць намётку», Дзяніс Філіпчык ведае гадоў з пяці
Што такое «насіць намётку», Дзяніс Філіпчык ведае гадоў з пяці. З таго часу, як хлапчуком прыязджаў з роднага Глыбокага да бабулі ў вёску Папшычы, што кіламетрах у 15 ад горада, і разам з сялянамі ўдзельнічаў у старажытным абрадзе. Менавіта дзеці ў адпаведнасці з традыцыяй павінны былі несці галоўны атрыбут — вялікае палатно, намётку, хоць і не заўсёды разумелі малыя, навошта гэта і для чаго. 



Сёння Дзяніс — выпускнік гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці «музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», вучыцца ў магістратуры, працуе экскурсаводам. І асаблівасці з дзяцінства вядомага абраду маюць для маладога чалавека навуковы інтарэс. Яшчэ студэнтам ён стаў ініцыятарам яго грунтоўнага вывучэння, займаўся зборам неабходных звестак для ўключэння папшыцкай традыцыі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, што і адбылося летась. 

Абрад «Насіць намётку» быў распаўсюджаны ў Беларусі на працягу ХІХ стагоддзя. Ужо ў той час, расказвае Дзяніс, некаторыя даследчыкі лічылі яго этнавызначальным — тым, які вылучае беларусаў як народ сярод іншых. Абрад адносіўся да аказіянальнага тыпу. Прасцей кажучы, звярталіся да яго па патрэбе, калі жыхарам вёскі пагражала небяспека, нейкія неспрыяльныя прыродныя з’явы. Тады людзі аб’ядноўваліся і шукалі паратунку ў вышэйшых сіл. Абрад — свайго роду абярэг. Жанчыны збіраліся ў адной хаце і за дзень або адну ноч павінны былі выткаць адрэз палатна — колькі паспявалі. Палатно абносілі вакол вёскі, пасля вешалі на прыдарожны крыж, спальвалі альбо ахвяравалі царкве ці касцёлу, у залежнасці ад веравызнання жыхароў. 

Дзяніс ФІЛІПЧЫК
Дзяніс ФІЛІПЧЫК

У ХХ стагоддзі апошні зварот да абраду быў зафіксаваны ў Вялікую Айчынную вайну. Ткалі і насілі намётку, каб не спалілі карнікі, каб выжыла вёска, каб вярнуліся мужчыны дадому. Лічылася, што з таго часу гэты абрад застаўся толькі ў памяці людзей. Аднак, як высветлілася, у Папшычах яго не толькі памятаюць, але і здзяйсняюць. Праўда, з абраду аказіянальнага тыпу ён ператварыўся ў штогадовы. Але ўсё роўна застаецца ўнікальным, што пацвердзілі і эксперты Акадэміі навук.

«Нашэнне намёткі» ў Папшычах адбываецца на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў паводле календара каталіцкай канфесіі — на Пяцідзясятніцу. Палатно ўжо самі не ткуць. На набыццё намёткі збіраюць грошы ўсёй вёскай. У пазначаны дзень удзельнікі збіраюцца ля прыдарожнага крыжа, пасля рытуальных спеваў разгортваюць палатно і нясуць яго на могілкі, дзе адбываецца святая імша, пасля чаго намётку і ахвяраванні перадаюць у касцёл. Раней, расказвае Дзяніс, неслі палатно да самага касцёла, у суседнюю вёску. Цяпер у многіх няма моцы ісці далёка — удзельнікі ў большасці людзі немаладыя, таму нясуць палатно на могілкі за 2 км. Так было і сёлета, 24 мая.

Дарэчы, высветліў Дзяніс, падобны абрад існуе і ў праваслаўнай мадыфікацыі. Ён таксама захаваўся і жыве на Глыбоччыне — у вёсцы Старыя Шуняўцы. Праводзіцца ў снежні — на свята Святой Варвары. Матэрыялы пра яго таксама сабраны і перададзены спецыялістам-этнографам у Акадэмію навук. Не выключана, што спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Глыбоччыны папоўніцца.

А Дзяніс тым часам звярнуў увагу на традыцыйную страву родных мясцін — капыткі. Ужо і з экспертамі наконт новага элемента раіўся. Сказалі, цалкам адпавядае як прэтэндэнт у спіс. 

Рэцэпт капыткоў хлопец не хавае. Бульба абіраецца, варыцца, астужваецца, праціраецца. Да яе дадаецца крыху крухмалу, і з атрыманага цеста раскатваюцца доўгія каўбаскі. Пасля іх наразаюць на кавалачкі памерам з глазураваны сырок — капыткі. Адварваюць у кіпені. Падаюць са смятанай і зелянінай як гарнір ці асноўную страву.

КАМПЕТЭНТНА

Таццяна МАРМЫШ, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ДУА Інстытут культуры Беларусі:

— На сённяшні дзень у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей знаходзіцца 76 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС). Гісторыя іх уключэння пачынаецца з 1995 года, калі навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры разгледзела прапанову аб наданні статусу 49 гербам. Пасля вывучэння матэрыялаў і зацвярджэння ў Савеце Міністраў у 2007-м яны былі ўнесены ў спіс. Тады ж туды трапіла і брэсцкая царква, якая была пабудавана да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта нетыповы элемент нематэрыяльнай спадчыны. Таксама ў дзяржаўным спісе 26 класічных элементаў: традыцыі, абрады, святы.

За апошнія два гады рада разгледзела 25 прапаноў з розных рэгіёнаў, якія рэкамендаваны да надання статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Яны перададзены ў Савет Міністраў, які і павінен вынесці рашэнне.

Цікава, што сярод прапаноў з’явіўся абсалютна новы элемент — традыцыйная кухня. Была разгледжана «Адэльская кухня», выявілася, што ў Гродзенскім раёне захаваўся комплекс як святочных страў, так і будзённых, які і сёння актыўна практыкуецца мясцовымі жыхарамі.  Да таго ж зараз рыхтуецца прапанова па наданні статусу «Лепельскім клёцкам». Прэтэндуе на занясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і «Ваўкавыскі каравай», які выпякаюць па аўтэнтычнай традыцыі, але з сучаснымі элементамі.

На наступную раду ўпершыню будзе вынесена памінальная традыцыя аграгарадка Раздзялавічы Пінскага раёна. Наогул, рэзерв нематэрыяльных каштоўнасцей у нас вельмі багаты, і мы павінны іх зберагчы. Сёння НКС — гэта ўжо не толькі асобныя з’явы, якія дайшлі да нас ад нашых продкаў, гэта ўжо сапраўдны сацыяльна-культурны інстытут, які забяспечвае нашу ідэнтычнасць, культурную разнастайнасць і мае вельмі шырокае гуманітарнае значэнне.

Ірына СВІРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter