
Захаваць свежасць прадуктаў
Звычайная на першы погляд папера нiчым не выдае сваiх унiкальных функцый: шэрая, гладкая, добра мнецца. Але калi «апрануць» кавалачак сыра цi каўбасу ў гэтую спецыфiчную «вопратку», яны змогуць захоўвацца ў некалькi разоў даўжэй. Гэта атрымлiваецца дзякуючы спецыяльным харчовым дабаўкам. Яны «ўжыўляюцца» ў структуру паперы. Прытым настолькi моцна «кансервуюцца», што не пераходзяць з яе ў прадукты, не ўплываюць на iх смак i пах.

У Iнстытута досыць вялiкi вопыт працы з функцыянальнай паперай — той, якую надзяляюць спецыфiчнымi функцыямi. Амаль 30 гадоў спецыялiсты стваралi хiмiчныя кампазiцыi. Спачатку — для абароны каштоўных i дакументных папер ад падробкi. А калi вострая неабходнасць у гэтым адпала, пераключылiся на пошук функцыянальных дабавак для паперы iншага прызначэння.
— Папяровая ўпакоўка з дабаўкамi валодае бактэрыцыднымi альбо бактэрыястатычнымi ўласцiвасцямi, iстотна падаўжае тэрмiны захоўвання нарэзаных каўбасных вырабаў, сыру, гароднiны, садавiны, хлебабулачных кандытарскiх вырабаў. Важна, што для кожнай групы прадуктаў неабходны свой набор дабавак, якi спалучае зададзены ўзровень бактэрыцыднасцi, гiграскапiчнасцi, пара- i водапранiкальнасць i многiя iншыя характарыстыкi, — звяртае ўвагу Анатоль Кулак.
Яшчэ адзiн плюс разумнай паперы — у адрозненне ад традыцыйнай палiмернай плёначнай упакоўкi такi матэрыял з’яўляецца цалкам бiяраскладальным. А гэта значыць, што карыстацца распрацоўкай можна i з разлiкам на экалагiчнасць.
Перспектывы рынку
У мiнулым годзе праходзiлi доследна-прамысловыя выпрацоўкi i выпрабаваннi навiнкi на УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака» ў Барысаве. Тады ўдалося выпусцiць 72 тоны актыўнага ўпаковачнага матэрыялу. Сёння працэс выпуску не спыняецца. Наадварот, фабрыка шукае новыя перспектывы для пашырэння рынку збыту.
— У асноўным мы пастаўляем разумную паперу на Слуцкi сыраробны камбiнат. Зараз гаворка iдзе пра заключэнне дагавора аб пастаўцы на 70 тон у год. Таксама мы завезлi пробную партыю на iншыя прадпрыемствы. Напрыклад, ААТ «Малочныя горкi», СААТ «Белавежскiя сыры». Гэта, скажам так, для знаёмства з распрацаванай упаковачнай паперай. Сёння сфера самага шырокага яе практычнага выкарыстання — хлебабулачная прамысловасць. ААТ «Суперпак компанi», якое ўваходзiць у канцэрн «Беллеспаперапрам», займаецца вытворчасцю пакетаў. Мы з iмi правялi вопытныя выпрацоўкi ўпакоўкi, зрабiлi пакеты i адправiлi iх на хлебазаводы. Разумная папера добра сябе паказала: яна лёгка складваецца, добра прайшла друк. Калi ўсё пройдзе ўдала, мы разлiчваем рабiць 20—40 тон разумнай паперы ў месяц. Апрача таго, узоры адпраўлены ў Польшчу, Прыбалтыку. Такiм чынам, пашыраем магчымы рынак збыту. Наша асноўная задача — як мага шырэй расказаць аб прадукце i адправiць яго пробную партыю на рэалiзацыю, — падзялiўся першы намеснiк генеральнага дырэктара УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака» Павел Кашко.
Зараз супрацоўнiкi Iнстытута не спыняюць працы. У прыярытэце — распрацаваць тэхналогii атрымання новых вiдаў упаковачнай паперы, узмацнiць яе функцыянальныя ўласцiвасцi. Напрыклад, стварыць тлушча-вiльгацетрывалую паперу павышанай моцнасцi з бiястатычнымi ўласцiвасцямi.
— Сёння ў харчовай прамысловасцi (напрыклад, для ўпакоўкi сметанковага масла) часта выкарыстоўваюць паперу, насычаную фторарганiчнымi палiмерамi. Мы распрацоўваем паперу, якая не будзе змя-шчаць фторпалiмераў, а толькi бiяраскладальныя, — дзелiцца планамi Анатоль Кулак.
Таксама на падыходзе папера, якая будзе рэгуляваць хуткасць саспявання садавiны: затрымае працэс яе пераспявання альбо, наадварот, паспрыяе даспяванню пладоў.
tychko@sb.by