Интервью с авторами исторических изданий Ириной Масляницыной и Николаем Богодяж

Папера не ўсё сцерпіць

Як падаць сівую даўніну цікава і чаму можна павучыцца ў нашых продкаў
Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж не толькі шчаслівая сямейная пара,
але і таленавітыя сааўтары шэрагу гістарычных выданняў, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гісторыю яны ўспрымаюць не проста як збор асобных фактаў і лічбаў, гэта ў першую чаргу людзі з жывымі пачуццямі і эмоцыямі, незвычайныя хітраспляценні лёсаў. Іх кнігі “Слава і няслаўе”, “Радзівілы — нясвіжскія каралі”, “Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі” і іншыя чытаюцца як захапляльныя раманы.

pisateli.png

Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж


— Ці абавязкова быць гісторыкам па адукацыі, каб пісаць у жанры гістарычнай публіцыстыкі?

Ірына: — Мяркуйце самі, па адукацыі я журналіст, муж — гісторык. Але і разам, і паасобку ў нас атрымоўваецца пісаць на гістарычную тэматыку. Чалавеку павінна быць проста цікава разабрацца, як жылі продкі і што адбывалася шмат стагоддзяў таму. У нас з мужам ідэальная садружнасць. Ён шмат ведаў, але баяўся пісаць папулярна, без спасылак на летапіс, хроніку ці іншую крыніцу. Я нічога гэтага не баялася, але мне не хапала нейкіх прафесійных ведаў.

— Ці часта сустракаюцца вам кнігі на гістарычную тэматыку ў беларускай і расійскай літаратуры з падтасоўкай рэальных фактаў?

Мікола: — Вельмі часта. Апошнім часам усё больш і больш з’яўляецца гістарычных дэтэктываў, твораў у жанры рэканструкцыі, у якіх можна сустрэць усё што заўгодна. Больш за ўсё абурае, калі аўтар апісвае нейкі факт, прыводзіць лічбы і падрабязнасці, якіх — ты дакладна ведаеш — у гісторыі не было, бо ты працаваў з гэтым перыядам. Аўтар выдумляе факты, каб яго твор быў не падобны на іншыя. У выніку ўзнікае невядомая гісторыя, дзе ўсё перавернута з ног на галаву.

— Чатыры гады таму свет пабачыла ваша кніга “Беларусь далетапісная”. Яна прысвечана персонам і падзеям беларускай гісторыі дахрысціянскага перыяду, калі летапісы яшчэ не вяліся. Дык на чым жа яна заснавана?

belarus.pngМікола: — У прадмове да кнігі якраз і напісана, на чым яна заснавана. Паколькі ў выданні змешчаны не вельмі растыражаваныя і папулярныя веды, у масавага чытача можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: “А ці не прыдумалі аўтары ўсё гэта самі?” Каб яго супакоіць, мы апісалі кожную выкарыстаную крыніцу. Сярод іх твор Герадота “Мельпамена” — самая ранняя пісьмовая крыніца звестак аб насельніцтве тэрыторыі Беларусі, праца гоцкага гісторыка Іярдана “Гетыка”, дзе змешчаны цікавыя сведчанні аб землях Беларускага Палесся, і многія іншыя. Шчыра кажучы, калі працавалі над “Беларуссю далетапіснай”, для сябе асабіста зрабілі шмат адкрыццяў.

— Які  з перыядаў нашай гісторыі цікавіць вас найбольш?

Ірына: — Цяжка сказаць. Чым больш паглыбляешся ў нейкі перыяд, тым больш разгараецца да яго цікавасць. Памятаю, калі пазнаёмілася з будучым мужам, я трызніла XVI і XII стагоддзямі. У XVI стагоддзі мяне цікавіла Еўропа, а ў XII — усходнія славяне. На гэтым перыядзе мы з Міколай і перасякліся. Не так даўно скончылі трэцюю кнігу пра Радзівілаў, якая тычыцца XVIII стагоддзя. Гэта час Уршулі Радзівіл і яе мужа Міхаіла Рыбанькі. Ох, як захапіліся!

— А чым менавіта?

Мікола: — Звычайна, працуючы з нейкім гістарычным перыядам, у асноўным знаходзіш толькі дакументальныя сведчанні, а перажыванні чалавека дадумваеш ужо сам.

А тут мы працавалі з такімі крыніцамі, як асабісты дзённік Рыбанькі, п’есы Уршулі, іх перапіска. Там столькі пачуццяў і эмоцый! Кніга атрымалася з зусім іншым прысмакам.

— У вас ёсць некалькі кніг, прысвечаных жанчынам у беларускай гісторыі. Чаму б вы параілі павучыцца ў іх нашым сучасніцам?

Ірына: — Прыярытэтам. На працягу стагоддзяў жанчыны дабіваліся сваіх правоў. Дабіліся, але ж разам з тым страцілі шмат рэчаў. Успомнім, як Аўдоцця Разаначка выбірала, каго з трох дарагіх ёй мужчын выкупіць з палону — брата, мужа або сына. Хан Батый дазволіў выратаваць толькі аднаго, і яна выбрала брата. Чаму? “Я магу замуж выйсці, у мяне будзе муж. Будзе муж — нараджу дзіця. А бацькі ў мяне ўжо памерлі, і брата мне ніхто не верне”, — разважала Аўдоцця. Мы часта забываем пра каштоўнасці сям’і. Муж і жонка яшчэ неяк трымаюцца разам. А вось браты і сёстры ў нас часта раз’яднаныя. Мы аддаляемся ад сям’і.

— Разам з мужам вы напісалі каля дваццаці кніг. Як праца ў тандэме ўплывае на асабістае жыццё? Спрэчкі не ўзнікаюць?

Ірына: — Узнікаюць. Нядаўна ледзь не прыбіла мужа, калі надрукавалі наш агульны артыкул, а паставілі толькі яго прозвішча... Але ўсё гэта дробязі. Стараемся не пераносіць працоўныя моманты ў сямейную атмасферу.

mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter