Папараць кветка ля Мірскага замка

Вядомая беларуская спявачка Ірына Дарафеева напярэдадні Купалля прадставіць грандыёзнае шоу ля чырвона-белых сцен сярэднявечнага замка ў Міры. Бывае, што артыст, выконваючы сваю першую песню крычыць: "Дзе вы? Я вас не чую! Рукі! Рукі!" Калі спявае Ірына Дарафеева, зала замірае ад замілавання яе голасам, пранікнёнымі песнямі, і апладысментаў выпрошваць ёй не трэба. У гэтым можна было ўпэўніцца яшчэ раз у час закрыцця выставы "СМІ ў Беларусі", дзе Ірына выступала і дзе карэспандэнт "НГ" распытала спявачку аб яе планах на лета.

— Самым эмацыянальным і, думаю, запамінальным стане мой сольны канцэрт 24 чэрвеня ў Мірскім замку. У сваё шоу я запрасіла вельмі шмат артыстаў, прычым не толькі спевакоў, але і каскадзёраў, акрабатаў. Усяго ў канцэрце на сцэне задзейнічана больш як 300 чалавек. Чым буду здзіўляць гледача? Новымі песнямі. Для мяне напісаў цудоўную песню расійскі кампазітар Кім Брэйтбург "Дзяўчына на беразе". Адну песню стварыў і заслужаны артыст Украіны Аляксандр Панамароў. Піша зараз для мяне і югаслаўскі аўтар Жэлька Яксімавіч, вядомы ў нас як пераможца конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары" ў Віцебску. Усе, хто прыйдзе на мой канцэрт у Міры, пачуюць у маім выкананні і песні на музыку легендарнага кампазітара Аляксандры Пахмутавай.
— Што асаблівага будзе ў пастаноўцы шоу?
— Я проста не хачу пакуль што раскрываць усе сакрэты. Магу сказаць, што напярэдадні канцэрта выйдзе альбом, які будзе называцца "У першы раз". У ім будуць сабраны ўсе мае песні, напісаныя з 2003 года, а таксама новыя. Будзе ў ім і любімая многімі "Вышыта сарочка".
Сцэнарый канцэрта ў Міры задуманы вельмі цікава. Арганізатарам яго з`яўляецца канал "ОНТ", які і пакажа запіс шоу ў адзін з купальскіх вечароў. У ім прымуць удзел музыканты майго калектыву, бэк-вакалісткі, Прэзідэнтскі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і, канешне, харэаграфічныя калектывы — Дзяржаўны ансамбль танца пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча, харэаграфічны калектыў Беларускага дзяржаўнага Універсітэта культуры і мастацваў пад кіраўніцтвам Святланы Гудкоўскай, а таксама шоу-група "Pops Fondation". Будуць у канцэрце лазерныя і піратэхнічныя эфекты. На сцэне з`явяцца нават рыцары, але тэматыка ўсё ж купальская. Я буду ўвасабляць сабой вобраз Беларусі сярод чатырох стыхій — паветра, вады, зямлі і агню.
— Вы будзеце працаваць усё лета. А як жа адпачынак?
— Я планую адпачынак на верасень. Паколькі пасля сольнага канцэрта ў Міры паеду яшчэ на "Славянскі базар". Працягваецца і мой тур "Пад мірным небам". З канцэртамі пабываю ў гарадах Гомельскай і Мінскай абласцей. Так што адпачываць можна будзе, калі збяром ураджай.
— Вы не засмуціліся, калі даведаліся, што не ўвайшлі ў тройку фіналістаў праекта "Дзве зоркі"?
— Не. Вынікі — гэта адно, а любоў гледача — зусім іншае. Мы з Аляксандрам Аверкавым адчулі прызнанне аўдыторыі. Цяпер, калі мне прапаноўваюць кудысьці прыехаць з канцэртам, просяць, каб са мной на сцэну выйшаў і Аляксандр. Ён жа ў сваю чаргу думае зрабіць мяне вядучай.
— Георгій Калдун, напэўна, выдатнік з тых артыстаў, з кім вы дзеліцеся сваім вопытам?
— Ён у мяне не студэнт. Георгій зараз працуе ў маім калектыве і абавязкова прыме ўдзел у канцэрце ў Міры. Зараз ён актыўна рыхтуецца да конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары" ў Віцебску. Прыемна, што ён у апошні час вельмі ярка засвяціўся як артыст. Я ў яго веру і думаю, што ён дастойны самай высокай узнагароды.
— Вас с Георгіем яшчэ не паспелі пажаніць?
— Не, пакуль што не паспелі. (залівіста смяецца. — Аўт.) Мы — калегі. Я да яго адношуся як да дарослага артыста. Мы ж з ім равеснікі. Проста так атрымалася, што ў мяне больш творчага вопыту, і я вельмі рада падзяліцца ім з Георгіем Калдуном. У ім гарманічна сплецены і выканаўчыя даныя, і прыгожая знешнасць.
— Які прагноз вы робіце наконт яго малодшага брата Дзімы, што прымае ўдзел у "Еўрабачанні"?
— Я за яго "хварэю". Гэта вельмі дастойны артыст. У мяне нават была мара, каб у Хельсінкі паехалі абодва Калдуны. Гэта было б незабыўнае відовішча!
— А вы самі ў наступным годзе не думаеце паспрабаваць паехаць на "Еўрабачанне"?
— Спрабаваць не буду, а вось калі трэба будзе, то паеду, канешне.
— Дзякуй вялікі за інтэрв`ю.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter