Штраф ад 490 рублёў: як мы разам з інспектарамі лавілі тых, хто гандлюе ў горадзе першацветамi

Папаўся, батанiк!

Па смаку нагадвае часнок, знешне падобны на ландыш, які яшчэ не расквітнеў. Гэту расліну называюць мядзведжай цыбуляй,  а прасцей — чарамшой. Ужо з сярэдзіны красавіка яна з’явілася ў лясах і на агародах. І кожны красавік у Мінпрыроды нагадваюць: чарамша занесена ў Чырвоную кнігу. Гэта рэдкая расліна, збор якой у лясах забаронены. Але ці спыняе гэта дзялкоў, якія зарабляюць ёю на рынках і ў пераходах? Карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася ў рэйд са спецыялістамі, якія кожную вясну змагаюцца з тымі, хто не паважае прыроду.

Мінакам раздаюць лістоўкі, каб папулярызаваць інфармацыю пра тое, што, купляючы гэты першацвет, людзі стымулююць тых, хто рве кветкі.

Адразу расставім усе кропкі над «і». Закон абвяшчае, што самавольная канфіскацыя дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу краіны, продаж іх і здзяйсненне любых іншых дзеянняў, здольных прывесці да гібелі ці скарачэння колькасці такіх раслін, забараняюцца. Зрываючы, а пасля прадаючы першацветы, чалавек парушае яшчэ адзін закон — правілы гандлю. Калі не палохае тое, што сапсуеце сабе карму, як жартуе моладзь, то варта задумацца хаця б пра тое, што можна страціць кругленькую суму: за зрыванне «чырванакніжнікаў» пагражае штраф ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь! Перакладаем у лічбы: ад 490 да 1225 рублёў. Індывідуальны прадпрымальнік заплаціць ад дваццаці да ста пяцідзесяці базавых, а юрыдычная асоба — ад трыццаці да пяцісот базавых велічынь. 

Усе гэтыя штрафы тычацца не толькі чарамшы. Да першацветаў, якія лепш у лесе не чапаць, адносяцца і ландыш майскі, пралеска, прастрэл раскрыты і іншыя. Дарэчы, тыя самыя фіялетавыя пралескі, якія падчас вялікіх выхадных некаторыя людзі набралі ў лясах, выставілі фота ў Instagram, прывезлі ў Мінск, — гэта таксама першацвет. Так, яны не занесены ў Чырвоную кнігу, але гэта тыя расліны, якія павінны заставацца ў лесе. Калі вы іх зрывалі, то, канешне, заўважалі — яны вельмі хутка вянуць. Дык навошта іх ірваць?

— Мы хочам данесці да людзей, што першацветамі лепш любавацца ў лесе, дзе іх дом, дзе яны прыносяць карысць навакольнаму асяроддзю, — з такой філасофскай ноты пачынаецца наша знаёмства з Юліяй Міхнюк, галоўным спецыялістам аддзела аператыўнага кантролю па Маскоўскім, Ленінскім, Цэнтральным раёне Мiнска  Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Разам з ёю і яшчэ трыма спецыялістамі мы накіроўваемся ў рэйд.

Упершыню ў краіне чарамша ўзята пад дзяржаўную ахову ў 1964 годзе. Уключана ў Чырвоную кнігу 1-га і 2-га выдання (1981, 1993 гады). Але ўсё роўна людзі зрываюць яе.

Рынак «Серабранка» на вуліцы Пляханава, 89. Камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў аддзела гандлю адміністрацыі Ленінскага раёна, РУУС Ленінскага раёна, Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і цэнтра гігіены, правярае рынак — ці ёсць сярод радоў з агароднінай тая самая «чырванакніжная» чарамша. Калі парушальнікаў знойдуць, на іх будзе складзены пратакол. Нас адразу папярэджваюць: тыя, хто займаецца самавольным збіраннем кветак і іх продажам, маюць вочы як у арла — убачаць нас ды дадуць дзёру. 

Нярэдкі выпадак, калі чарамшой гандлююць у пешаходных пераходах. Правяраючыя задаюць прадаўцу пытанні ў ролі пакупнікоў: «Колькі каштуе, а дзе бераце?» Адказ: аддасць за два рублі за букецік, а ўзяў у лесе. Маўляў, людзі патапталі, не прападаць жа дабру — сабраў, вырашыў прадаць. Калі ж чалавек разумее, што гэта не простыя пакупнікі, думкі яго блытаюцца… Штраф за такі гандаль па арт. 12.17 КаАП — ад 5 да 10 базавых велічынь — мінімум 122,5 рубля за тавар, забаронены да продажу, плюс у не ўсталяваным для гандлю месцы. 

— На жаль, ні канфіскаваць чарамшу, ні даказаць, што парушальнік сарваў яе ў лесе, мы не можам, — тлумачыць Юлія Міх-нюк. — Штрафы за самавольнае выдаленне дзікарослых раслін могуць атрымаць тыя парушальнікі, якіх зловяць у лесе з доказамі віны супрацоўнікі раённых інспекцый.

Чарамша ахоўваецца законам і ў Смаленскай вобласці Расіі, і ва Украіне, і ў Літве, і ў Латвіі.

На рынку мы нікога не знайшлі, і гэта добра. Адпраўляемся на вуліцу Малініна, 35, дзе знахо-дзіцца яшчэ адзін рынак — «Свелта». На шчасце, і там ніхто чарамшы не прадае. Цікавімся ў Юліі Міхнюк, а ці можна легальна прадаваць чарамшу, калі яна расце на сваім агародзе? 

— Вядома, калі чалавек вырошчвае ў сябе на градцы, гэта не парушэнне. Толькі трэба мець пры сабе даведку з сельсавета аб тым, што чарамша вырашчана на вашым прысядзібным участку.

Мы зноў накіроўваемся да пераходу, дзе могуць прадаваць чарамшу. На гэты раз знаходзім парушальніка: на кардонцы, якая імітуе столік, — пара букетаў чарамшы, побач — пакет, у якім таксама ляжыць чырванакніжны тавар. Прадавец трохі паводдаль, каб было поле для манеўру — збегчы. Не паспеў.

— Я ў першы раз выйшаў гандляваць, — апускае ён вочы.

— Дзе вы яе рвалі? 

— Не рваў, перакупіў. Тут, у пераходзе, — прызнаецца прадавец. — Прыходзьце сюды ў 17—18 гадзiн вечара, шмат яе прывозяць. Аддаюць за рубель, я прадаю за два. Я не ведаў, што яна ў Чырвонай кнізе. Вінаваты…

Тры бабулі ў гэтым жа пераходзе прадаюць бульбу, агуркі і... чарамшу. Толькі падышлі — бабулькі ўрассыпную. Тая, у якой была чарамша, патлумачыла, што ёсць у яе папера, якая пацвярджае, што чарамша з градкі. Праўда, паперу яна забылася. Праўда ці не? На гэты раз удзельнікі рэйду зразумелі  яе становішча. Спецыялісты кажуць, што, купляючы мядзведжую цыбулю, мы робім мядзведжую паслугу ўсяму гэтаму гандлю. Яны растлумачылі бабулям: вазьміце даведку ў сельсавеце і прыйдзіце на рынак, дзе дазволена пенсіянерам  сваёй прадукцыяй бясплатна гандляваць. І не трэба ні бегаць, ні хвалявацца. Канешне, калі не з лесу ўзялі першацвет. 

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter