Каля 250 прадметаў узбагацілі калекцыю музея ў Клімавічах

Папаўненне ў доме Мяшчэрскіх

За дзесяць месяцаў гэтага года каля 250 прадметаў папоўнілі калекцыю Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея. Адкуль такое багацце? Большасць будучых экспанатаў прынеслі жыхары горада. Але ёсць і нечаканыя знаходкі і набыткі.

Драўляны асабняк князёў Мяшчэрскіх, у якім размяшчаецца музей, — унікальная славутасць Клімавічаў

Весткі з Амерыкі

Усё пачалося з юбілею. Гэтай вясной споўнілася 150 гадоў з часу будаўніцтва асабняка знакамітага роду Мяшчэрскіх. Менавіта ў ім, упрыгожаным вытанчанай разьбой помніку драўлянага дойлідства XIX стагоддзя, месціцца музей. З нагоды памятнай даты ім была аб'яўлена акцыя «Падары музею рарытэт». І землякі ахвотна адгукнуліся.

Дырэктар Дар'я Эверс пералічвае набыткі:

— Прыгожыя саматканыя падузорнікі, вышываныя накідкі на падушкі, манета 1861 года, кірзавыя боты 1970-х... Каштоўны падарунак — касцюм з ўзнагародамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Дзмітрыевіча Зубава, нашага земляка. Вайна застала яго ў Брэсцкай крэпасці, служыў там кінамеханікам. Яшчэ адзін рарытэт — сапраўдны старадаўні дзеючы самавар. Яго за ўласныя сродкі купілі сябры нашага музея на чале з дырэктарам Ціманаўскай сярэдняй школы Пятром Леанідавічам Шашковым. Месца самавару — у адноўленым у экспазіцыі чайным пакоі Марыі Мяшчэрскай. Гэта для яе, сваёй дачкі, Мікалай Мяшчэрскі — калежскі саветнік, прадвадзіцель дваранства Мсціслаўскага павета — у 1867 годзе і пабудаваў дом у Клімавічах. Асабняк гэты стаў цэнтрам свецкага жыцця. Тут ладзіліся балі, да князёўны з'язджаліся мастакі, музыканты, артысты. Адмысловыя тэматычныя імпрэзы для наведвальнікаў у чайным пакоі ладзім цяпер і мы.

Уладзіслаў МІЦІЧАЎ са знаходкамі ваеннага часу

Паступленне сёлета здарылася нават з далёкай Амерыкі. У музей патэлефанаваў жыхар ЗША Сямён Глагоўскі. Спытаў, ці збіраюць у Клімавічах інфармацыю пра вядомых ураджэнцаў свайго раёна. Адказ, канешне, быў сцвярджальным. І праз час на адрас музея прыйшоў важкі пакет — Сямён Абрамавіч даслаў фатаграфіі, дакументы і ўспаміны пра сваю маці Рыву Сімхаўну Глагоўскую, у дзявоцтве Міхліну, і двух яе братоў, роднага і стрыечнага. Паважаныя і высокаадукаваныя былі людзі. Рыва Глагоўская, напрыклад, усё жыццё працавала ў медыцынскай прамысловасці, яшчэ з ваенных гадоў у Маскве вывучала спосабы атрымання антыбіётыкаў. За вынаходства аднаго з іх атрымала аўтарскае пасведчанне СССР.

Пасланне ў будучыню

Старшы навуковы супрацоўнік музея Уладзіслаў Міцічаў асцярожна дастае з невялікай трубачкі, магчыма, некалі ў ёй захоўваўся звычайны тэрмометр, згорнутую паперчыну:

— Гісторыя знаходкі банальная. У вёсцы Барсукі, што ў 10 кіламетрах ад Клімавічаў, калісьці размяшчаўся авіяполк. Зараз гэты ўчастак зямлі арандуе прыватнае прадпрыемства. Праводзілі рамонт у будынку былой вайсковай казармы. Падчас яго і вывалілася са сцяны пакрытае тоўстым пластом цэменту пасланне да нашчадкаў.

Капсулу ачысцілі і адкрылі. Высветлілася, што «замуравалі» яе ў сцяне ў 1968-м тры вайскоўцы. Падобна, паўстагоддзя таму гэтак жа рабілі рамонт. 

На аркушы са сшытка ў клетачку — жартаўлівы тэкст з просьбай нашчадкам-прадаўжальнікам успомніць «декабристов» добрым словам, «хотя бы по случаю того, что проживали здесь свое последембельное время». Няйначай праславуты дэмбельскі акорд ў салдацікаў зацягнуўся.

Капсула з лістом з мінулага

Аўтары — радыёмеханік Волдчанка з Баку, радыётэлеграфісты Агафонаў з Волагды і Дзмітрыеў са Свярдлоўска. Дарэчы, Жоржа Георгіевіча Дзмітрыева клімавіцкім музейшчыкам удалося адшукаць у Маскве. Адгукнуўся на запыт праз сацсеткі. Пацвердзіў: сапраўды служыў пад Клімавічамі і да таго паслання ў будучыню дачыненне меў.

Рэха вайны

Ёсць знаходкі і з ваеннага часу. Увосень раскопкі нямецкіх пахаванняў на тэрыторыі раёна праводзіў атрад 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Частку паднятых з зямлі прадметаў ужо перадалі ў музей — каскі, гільзы, узрывацелі ад мін, патроны, гузікі, манеты — рэйхсмаркі і рэйхспфенінгі, металічную набіванку-падкову на боты, нацельны крыжык, бранзалетку-талісман з драўляных пацерак на ланцужку...

Знойдзена шмат цікавых рэчаў, якія сведчаць пра ваенны побыт нямецкіх салдат. У ліку іх — ёмістасці з хлоркай для абеззаражвання, фрагмент цюбіка з надпісам «ADA» з-пад плаўленага сыру «Цільзітэр», ён уваходзіў у рацыён ваяк вермахта, бутэлька ад французскага каньяку Martell з рэшткамі запіскі ўнутры, прачытаць яе, на жаль, немагчыма: сапсавалася ад вільгаці.

Ужо ў бліжэйшы час знаходкі будуць канчаткова даследаваны і ўключаны ў музейны фонд. Яны папоўняць тэматычны раздзел пастаяннай экспазіцыі, прысвечаны гісторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і стануць даступнымі наведвальнікам.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter