“Панарама”, бывай!

Падарунак, які абяцалі мінчукам і гасцям сталіцы арганізатары ІІІ Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва, атрымаўся шыкоўны. На працягу пятнаццаці дзён лепшыя спектаклі тэатраў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Швецыі, Германіі радавалі нераўнадушных да мастацтва Мельпамены. Завяршыўся тэатральны форум спектаклем “Гульцы” Студыі тэатральнага мастацтва Сяргея Жэнавача (Расія).

Адметнасцю фестывалю стаў унікальны праект “Тэатр On-Line”. Ён праходзіў у Беларусі не ўпершыню, але на гэты раз жадаючых убачыць вынік працы міжнароднай творчай групы, якая стварала міні-спектаклі ў рэжыме рэальнага часу (што і азначае паняцце “оn-line”), было столькі, што ў Купалаўскі тэатр, на базе якога і праходзіў сёлетні фестываль, было амаль немагчыма праціснуцца нават акрэдытаваным журналістам.
Сутнасць гэтага праекта ў тым, што на працягу васьмі дзён рэжысёры і драматургі з Расіі, Беларусі, Украіны, Швецыі і Літвы працавалі над пастаноўкай кароткіх завершаных спектакляў-аднаактовак працягам не болей як 20—25 хвілін. Аснову акцёрскай трупы склалі артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, акцёры іншых мінскіх тэатраў, а таксама студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Заяўлены напачатку дэвіз праекта “В человеке все должно быть прекрасно...” поўнасцю быў апраўданы зместам і творчым увасабленнем спектакляў. Амаль што ва ўсіх імправізацыях у цэнтры ўвагі так ці інакш былі закрануты вечная тэмы кахання і сэнсу існавання на Зямлі.  Распрацоўваліся яны на рэальных карцінах жыцця сучаснага чалавека. Найбольш таленавіта ўдалося данесці галоўную думку п’есы Віктара Іванова “Сола для дваіх” украінскаму рэжысёру Андрэю Прыходзьку. Таленавітыя беларускія акцёры Аляксандр Малчанаў, Вольга Скварцова, Сяргей Кавальскі настолькі пранікліся вобразамі герояў, што стварылі сапраўдную атмасферу прысутнасці і ўдзелу гледача ў развіцці дзеяння. Аўтар п’есы, прапанаваўшы прагледзець адзін зусім невясёлы сюжэт з жыцця звычайнай сямейнай пары, якая знаходзіцца на мяжы разводу, у другой палове спектакля паказвае, што разбурае каханне — халоднасць душ, эгаізм і дрэнныя звычкі. Творчая група, якая працавала над гэтым міні-спектаклем, была ўзнагароджана дыпломам І ступені фестывалю “Панарама”.
Завяршыўся тэатральны форум спектаклем “Гульцы” Студыі тэатральнага мастацтва Сяргея Жэнавача (Расія), якая была ўзнагароджана спецыяльным прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
Хаця з самага пачатку фестывалю было заяўлена, што журы на ім не будзе, а лепшыя спектаклі вылучыць глядач, меркавання аўдыторыі наконт прадстаўленых работ на праекце “Тэатр On-Line” ніхто не спытаў. Усё вырашыла раптоўна створаная камісія. Але справа не ў гэтым. Самае галоўнае, што драматургі, рэжысёры, акцёры і гледачы атрымалі вялікую асалоду існавання ў адзінай прасторы рэальнага часу. Ужо толькі гэта здымае ўсялякія пытанні накшталт: ці патрэбен такі фестываль Беларусі?
Як адзначыў у час закрыцця фестывалю міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвяйчук, “Панарама” спрыяе развіццю тэатральнага мастацтва нашай краіны. “Лепшыя спектаклі тэатраў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі ўпрыгожваюць гэты фестываль, але сапраўдны бальзам на душы адчуваецца, калі бачыш, як таленавіта ў праграме “Панарамы” прадстаўляюць сваю работу беларускія тэатры, — сказаў Уладзімір Фёдаравіч. — ІІІ Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва ўдаўся, але яго арганізатарам, крытыкам трэба папрацаваць, каб пасля наступнага фестывалю мы маглі сказаць, што трэці тэатральны форум быў добры, але чацвёрты — лепшы!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter