Пані «хлапаманка» Магдалена Радзівіл

Як у асіповіцкім музеі з'явілася скрыпка ад Магдалены Радзівіл

Лёгкая, з вытанчанымі формамі і не страціўшая за сто год яркасці фарбаў — здаецца, што скрыпка нават са сваімі дзвюма струнамі можа і сёння зайграць любую мелодыю. У мясцовы музей яе прынесла Антаніна Сцяпанава, дырэктар гэтай установы. Для іх сям’і гэта рэч была самай дарагой. І не толькі як матэрыяльная каштоўнасць: у пачатку ХХ стагоддзя рэліквію прэзентавала яе дзеду Аляксандру Герасімчыку сама Магдалена Радзівіл.

— Дзед даставаў скрыпку толькі па вялікіх святах, калі збіралася ўся сям’я. І не было большай радасці, чым слухаць яго мелодыі, — успамінае Антаніна Сцяпанава.

А яшчэ — гісторыю набыцця падарунка. Сельскі самародак, які служыў пры маёнтку княгіні ў вёсцы Жорнаўка, так хацеў іграць, што зрабіў скрыпку сам з ліпы, а струны — з конскага воласу. Магдалена гэта заўважыла і праз нейкі час прывезла для музыкі сапраўдны інструмент з Варшавы. «Дзед казаў, што гаспадыня была вельмі далікатнай, ніколі на людзей не сварылася», — адзначыла дырэктар музея.

Успаміны пра пані, якая вучыла сялянскіх дзяцей грамаце і дапамагала бедным, асіповіцкія старажылы перадаюць з пакалення ў пакаленне. Гісторыя захавала няшмат фактаў пра адну з самых багатых жанчын тагачаснай Беларусі. Але і тыя, што вядомы, не пакідаюць абыякавымі: мецэнатка выдаткавала грошы на выданне зборнікаў вершаў паэтаў, у тым ліку Максіма Багдановіча.

Лёс самой Магдалены пры гэтым лёгкім не назавеш.

— Калі быць дакладным, то імя яе больш складанае. Пры хрышчэнні дзяўчынку назвалі Марыя Ева Магдаліна-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына. Але праз гады захавалася толькі адно з іх, — адзначыла старэйшы навуковы супрацоўнік музея Марыя Саканцава. — А нарадзілася яна ў сям’і прадстаўніка старажытнага роду Івана Завішы і фрэйліны двара яго імператарскай вялікасці графіні Марыі Кванецкай.

Дзяўчына атрымала французскае выхаванне, выдатную адукацыю, валодала вытанчанымі манерамі. Жыла з бацькамі ў Варшаве, але кожнае лета імкнулася прыехаць у беларускія маёнткі, у тым ліку Жорнаўку, што каля Асіповіч. Тут ёй падабалася ўсё: простыя людзі, сціплая прыгажосць прыроды.

Ледзь толькі дзяўчыне споўнілася дваццаць, як бацькі выдалі яе замуж за графа Людзвіга Красінскага, які быў намнога старэйшы за маладую жонку. Іх вяселле сваёй раскошай уразіла вышэйшы свет Польшчы. Праз пэўны час Магдалена нарадзіла Людзвігу дачку Марыю. А ў трыццаць чатыры гады — аўдавела.

— За тое, што Магда аддавала перавагу беларускай мове і культуры, у вышэйшым свеце Беларусі і Польшчы яе называлі «хлапаманкай», — расказала Марыя Саканцава.

Сустрэча княгіні з адным з прадстаўнікоў роду Радзівілаў — асаблівая старонка біяграфіі жанчыны. Гэта здарылася ў Лондане. У сталіцы Брытаніі ў 1906 годзе Магда з Мікалаем і ажаніліся. Грамадства лічыла іх шлюб мезальянсам, бо князь Радзівіл быў амаль на дзевятнаццаць гадоў малодшы за сваю абранніцу! Дзверы многіх салонаў і гасціных для маладых аказаліся зачыненымі. Але іх гэта не вельмі і турбавала: над умоўнасцямі пара толькі пасмейвалася. І асела ў Беларусі.

— Яны многае зрабілі для развіцця Асіповіцкага краю. На сродкі сям’і адкрываліся розныя вытворчасці, была пракладена чыгуначная ветка. А Жорнаўка стала крыніцай ляснога даходу: здабытая тут драўніна выкарыстоўвалася для патрэб флоту, — паведала Марыя Саканцава.

Аднак сямейнае шчасце аказалася не вельмі доўгім. У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, і Мікалай адправіўся на фронт, дзе геройскі загінуў. Княгіня, нягледзячы на вялікую страту, засталася вернай самой сабе і прадоўжыла добрыя справы. Яна адкрывала беларускія школы, сялянскія крамы, заснавала грамадства цвярозасці. Размаўляла ў асноўным па-беларуску, і ўсё справаводства ў яе 18 маёнтках і 8 лясніцтвах таксама перавялі на родную мову. Пасля рэвалюцыі Магда была вымушана пакінуць родныя землі. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі.

Апошнія дзесяць год свайго жыцця княгіня правяла ў манастыры ў Швейцарыі, дзе ціха памерла ў пачатку 1945 года.

На здымку: гісторыкі мяркуюць, што гэта партрэт Магдалены Радзівіл.

Фота: Святлана МАРКАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter