Памяць роду

У Беларусі ствараецца музей звычайнага чалавека
Ініцыятарам праекта выступіў бізнесмен, пісьменнік і лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў, які больш за 25 гадоў займаецца вывучэннем шляхетных беларускіх родаў. Ён адкрывае беларусам гісторыю Айчыны, высвечваючы яе праз гісторыі і лёсы канкрэтных сем’яў, і нават прысвяціў гэтай тэме серыю гісторыка-дакументальных кніг “Я — сын Ваш”.



А пачалося ўсё з цікаўнасці да гісторыі роднай сям’і. Да слова, сваю радаслоўную Анатолю ўдалося вывучыць да XV стагоддзя. На цяперашні час ён ведае каля 400 сваіх бабуль і дзядуль па розных лініях, а дрэва яго сям’і складае 7 метраў у шырыню — і гэта толькі прамыя продкі. І вось цяпер даследчык заахвочвае вывучаць гісторыі сваіх сем’яў усіх жадаючых. Больш таго, абяцае ўзяць даследаванні за аснову новага музея. Для гэтага трэба прыняць удзел у конкурсе “Памяць роду” — даследаваць гісторыю сваёй сям’і, аформіць яе на паперы і падмацаваць фамільнымі рэліквіямі. Усе работы апублікуюць у інтэрнэце і на паперы, а прадастаўленыя прадметы трапяць у экспазіцыйныя вітрыны.

Пакуль першую экспазіцыю Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў сфарміраваў у сябе дома, але ўжо праз год абяцае запрасіць на афіцыйнае адкрыццё музея звычайнага чалавека.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter