Памяць пра памерлых

Першага лістапада ў літургіі Рымска-каталіцкага касцёла адзначаюць урачыстасць усіх святых. Другога лістапада — усіх памерлых вернікаў, гэта значыць тых, хто яшчэ патрабуе духоўнага ачышчэння і пакуль не з’яўляецца святым. Пакуль мы жывём на зямлі, мы не ведаем лёс нашых памерлых, таму можам узгадваць у малітве кожнага, каго з намі ўжо няма.

Часам мы не можам прыехаць на могілкі менавіта другога лістапада, таму дапускаецца рабіць гэта ў бліжэйшы зручны дзень — часта вернікі робяць гэта ў выхадныя дні ў пачатку лістапада. У некаторых сітуацыях людзі прыходзяць на могілкі ў той дзень, калі святары запрашаюць мясцовых вернікаў сабрацца разам на малітву і благаславенне магіл.

На пачатак лістапада прыпадае баць­коўская субота, калі праваслаўныя таксама адведваюць магілы сваіх блізкіх. Таму гэта пара ў нашай краіне для католікаў і праваслаўных з’яўляецца часам асаблівай памяці пра памерлых. Яна выражаецца ў клопаце пра месца пахавання нашых блізкіх, малітве асабістай і малітве падчас літургіі.

У католікаў пераважае традыцыя прасіць духавенства служыць літургію за памерлых не менш чым пяць разоў у год: пры пахаванні памерлага, на сёмы дзень пасля смерці, на трыццаты дзень, у кожную гадавіну пасля смерці і другога лістапада, калі ўзгадваюцца ўсе памерлыя вернікі.

Касцёл вельмі просіць сваіх вернікаў не зладжваць застоллі на могілках. Сярод праваслаўнага духавенства гэты звычай таксама выклікае здзіўленне. Няхай могілкі бу­дуць месцам цішыні, павагі, роздуму і малітоўнай памяці. Спажыванне ежы і піццё алкаголю не пасуе да гэтага святога месца.

Прыгожымі і натуральнымі сімваламі памяці пра памерлых, якія можам узяць з сабой на могілкі, з’яўляюцца свечка і жывыя кветкі. Свечка азначае нашу гарачую веру на сустрэчу з тымі, хто закончыў свой зямны шлях, а жывыя кветкі — гэта наша жывая памяць пра памерлых.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter