Памяць не памірае

Узнагарода  ішла  да  Антона  Арцёменкі... 62 гады

Узнагарода  ішла  да  Антона  Арцёменкі... 62 гады 

Днямi ў сельскi Дом культуры вёскi Гусявiца Буда-Кашалёўскага раёна завiталi кiраўнiкi раённых улад, прадстаўнiкi райваенкамата, супрацоўнiкi раённага аддзела ўнутраных спраў, нямала ў зале ўстановы культуры было  i мясцовых школьнiкаў. Прычынай усяму стаў  84-гадовы Антон  Арцёменка (на здымку). У гэты дзень, якi быў i днём нараджэння Антона Лук’янавiча, ветэран вайны аказаўся ў цэнтры агульнай увагi невыпадкова. Каб павiншаваць заслужанага чалавека, у старшынi Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Алены Алексiнай, ваеннага камiсара раёна Алiшэра Надырава, апрача дня нараджэння, была яшчэ адна важкая нагода — уручэнне былому артылерысту ордэна Чырвонай Зоркi. Як гэта нi дзiўна,  узнагарода iшла да героя… 62 гады. 

…Скончыўшы мясцовую сямiгодку i нейкi час папрацаваўшы ў калгасе, Антон Арцёменка, дваццацiгадовы юнак, быў мабiлiзаваны ў войска. За мужнасць i гераiзм у жорсткiх баях з фашыстамi ён, камандзiр артылерыйскага разлiку 137-й стралковай дывiзii 409-га стралковага палка, у кастрычнiку 1944-га атрымаў першую Чырвоную Зорку. Узнагарода прыдала сiл: не шкадуючы сябе, артылерысты яшчэ больш рашуча ўступалi ў адчайныя схваткi з ворагам, трапна паражалi агнявыя кропкi i бранятэхнiку немцаў. Наступiў люты 1945-га. Гiтлераўскiя ваякi, ганебна правалiўшы свой «дранг нах ост», кацiлiся з савецкай зямлi ў сваё логава. Дыханне перамогi ўжо адчувалася паўсюдна. Дабiць лютага звера i хутчэй вярнуцца ў родную Гусявiцу да жонкi i дзвюх малых дачок — вось аб чым марыў у тыя днi сяржант-артылерыст Антон Арцёменка. За ратныя подзвiгi яго неўзабаве зноў прадставiлi да ўзнагароды. Аб загадзе галоўнакамандуючага паведамiў Антоненку камандзiр часцi, у якой ён служыў. Але атрымаць другi ордэн Чырвонай Зоркi тады адважнаму артылерысту было не суджана. 

— Лiтаральна праз два днi пасля  прыемнай весткi я быў цяжка паранены i апынуўся ў ваенным шпiталi горада Кiрава, — прыгадвае Антон Лук’янавiч. — Пасля папраўкi яшчэ пэўны час думаў пра не ўручаны мне ордэн. Потым вырашыў: згубiлася мая ўзнагарода дзесьцi ў штабных лабiрынтах. Махнуў рукой — больш значным было тое, што вораг капiтуляваў. Ды i, кажучы шчыра, iншыя клопаты навалiлiся, калi ў 1946-м дахаты вярнуўся… 

Далей быў супрацоўнiкам Уваравiцкага, а пасля ўзбуйнення тэрыторый – Буда-Кашалёўскага райаддзела ўнутраных спраў. Нямала намаганняў прыклаў былы салдат для ўстанаўлення законнасцi i правапарадку на вызваленай ад ворага тэрыторыi. У 1974 годзе калегi-мiлiцыянеры ўрачыста адправiлi ветэрана на пенсiю. Але Антон Лук’янавiч не з тых людзей, хто, атрымаўшы пенсiйнае пасведчанне, заспакойваецца. Некалькi год працаваў ён у мясцовай гаспадарцы, дапамагаў, наколькi магчыма, наладжваць самастойнае жыццё сваiм дзецям (пасля дэмабiлiзацыi нарадзiлася ў сям’i Арцёменкаў яшчэ два сыны). Адзiн з сыноў сёння фермерскую справу ў роднай вёсцы ладзiць, другi — на гомельскiм прадпрыемстве «Святлатэхнiка» працуе. Дарэчы, сам Антон Лук’янавiч лiчыць сябе не толькi шчаслiвым бацькам. 7 унукаў i 13 праўнукаў з задавальненнем наведваюць дом свайго дзеда i прадзеда. 

Пачуўшы пра няпростыя  ратныя дарогi ветэрана, работнiкi мiлiцыi звярнулiся ў ваенкамат з просьбай накiраваць запыт у Цэнтральны ваенны архiў. А супрацоўнiкi ваеннага камiса-рыята ў сваю чаргу зрабiлi ўсё магчымае, каб дапамагчы ў пошуку ордэна  ветэрана. Клопат не стаў марным: архiўная ўстанова неўзабаве даслала неабходныя дакументы-пацвярджэннi аб удзеле Арцёменкi ў баявых дзеяннях i яго ўзнагародах. 

Баявы ордэн Чырвонай Зоркi знайшоў свайго ўладальнiка. Алена Алексi-на i Алiшэр Надыраў пад апладысменты залы з задавальненнем уручылi яго разам з кветкамi мужнаму земляку... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter