Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускую вёску, імя, гора і боль якой ведаюць па ўсім свеце, карнікі спалілі разам з людзьмі 75 гадоў таму: 22 сакавіка 1943 года

Памяць кліча ў Хатынь

“Ад болю большае душа,/ Праз кроў і раны — прасвятленне...” У такіх паэтычных радках, магчыма, ёсць адказ на пытанне, над якім разважаў архітэктар Леанід Левін. Ён адзін з аўтараў Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, за які ў складзе аўтарскага калектыву атрымаў Ленінскую прэмію. Каштоўныя сведчанні пра тое, як ствараўся комплекс, якую ролю ў тым адыграў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, як месца трагедыі, болю станавілася шырока вядомым Леанід Мендэлевіч друкаваў у часопісе “Беларусь”. Рэдакцыя месцілася тады ў будынку па вуліцы Захарава, 19, і рыхтаваў тэксты, якія заносіў раз на месяц аўтар, ягоны сябар: галоўны рэдактар часопіса Аляксандр Шабалін. Мне ж, тады яго намесніку, даводзілася праглядваць артыкулы. Вось і помніцца фраза-роздум, напісаная Леанідам Левіным: “Нешта ж кліча людзей у Хатынь”. Дакументальная аповесць пабачыла свет і асобнай кнігай “Хатынь” (2005).

фота БЕЛТА

Калі на пачатку 2000-х мы з жонкай забралі да сябе жыць яе маму, 80-гадовую ўдзельніцу Вялікай Айчыннай вайны Марыю Пятроўну Чаркашыну, то праз пэўны час яна папрасіла: дзеці, звазіце мяне ў Хатынь... На ўкраінскай Харкаўшчыне ведала пра гэтае месца. Зямля з Хатыні ёсць і ў музеі Растова-на-Доне, які там стварае з паплечнікамі кіраўнік Саюза беларусаў Дону, мастак Уладзімір Банцэвіч (Гл.: “Экспедыцыя на Бацькаўшчыну” — ГР, 15.03.2018).

Летась комплекс “Хатынь” і яго філіялы наведалі 226.926 чалавек з больш чым 30 краін. Гэта лічба з публікацыі ў газеце “СБ Беларусь сегодня” (“Хатынь: черное пепелище, поседевшее от горя” — 15.03.2018). Нешта ж кліча іх у Хатынь... Пэўна, шукаючы шлях у жыцці, нам хочацца дакладна ўяўляць сабе, дзе праходзіць нябачная мяжа паміж дабром і ліхам. І ў Хатыні, дзе боль выплакаць немагчыма, дзе “ад болю большае душа”, можа прыйсці такое прасвятленне.

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter