К 200-летию Федора Достоевского на телеканале "Культура" покажут многосерийный фильм Владимира Бортко "Идиот", а на "Беларусь 3" вспомнят известных белорусских художников

Памяць і пачуцці

У гэтым годзе ўвесь літаратурны свет адзначае 200-годдзе з дня нараджэння выбітнага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Ён нарадзіўся 30 кастрычніка, але культурны марафон з нагоды юбілею пачынальніка жанру псіхалагічнай прозы стартуе ўжо зараз. На наступным тыдні тэлеканал «Культура» запрашае гледачоў пазнаёміцца з адным з найлепшых раманаў пісьменніка. У панядзелак 18 студзеня выйдзе першая серыя кінастужкі «Ідыёт», знятая рэжысёрам Уладзімірам Бартко па аднайменным творы Дастаеўскага.

Лідзія ВЕЛЕЖАВА і Яўген МІРОНАЎ у серыяле «Ідыёт» рэжысёра Уладзіміра БАРТКО.

Тварам да класікі

Дзесяцісерыйны фільм быў зняты амаль 10 гадоў таму. Але па-ранейшаму, як адзначаюць кінакрытыкі, ён застаецца ледзь не адзіным у сусветным кіно, максімальна набліжаным да першакрыніцы. Пасля прэм’еры серыяла рэжысёр Уладзімір Бартко распавядаў у адным з інтэрв’ю:

— Наш «Ідыёт» — пра звычайных людзей і страсці, якія яны не ў сілах пераадолець. Мы спрабавалі зрабіць карціну, максімальна набліжаную да кнігі, нават натуру здымалі ў тых жа месцах. Я вельмі спадзяюся, што пасля прагляду нашага серыяла стаўленне да гэтага жанру кінематографа ў гледачоў зменіцца і ніхто не будзе лічыць серыялы нечым ганебным, дзе акцёрам здымацца не зусім прэстыжна.

Дарэчы, на ролю князя Мышкіна кастынг не праводзіўся. Рэжысёр адразу вырашыў, што гэтую ролю павінен атрымаць Яўген Міронаў. Затое сам акцёр доўга сумняваўся, перад тым як даць згоду.

На ролю Рагожына Уладзімір Бартко таксама адразу ж выбраў Уладзіміра Машкова. Дзеля гэтай ролі акцёр, які шмат на той час здымаўся ў Галівудзе, нават вырашыў перанесці сумесную работу з Клінтам Іствудам і адгадаваў бараду.

А вось на ролю Настассі Філіпаўны актрысу шукалі доўга. Рэжысёр разглядаў у тым ліку дзяўчат з правінцыяльных тэатраў і нават даваў аб’яву ў газеце наконт проб. На ролю спачатку хацелі запрасіць Ганну Самохіну і Ганну Бальшову, але зацвердзілі ўсё ж Лідзію Вележаву, якая прыйшла на кастынг адной з першых і найбольш пераканаўча спальвала на пробах старадаўнія грошы.

Таксама цікава, што сцэну са спальваннем грошай здымалі для фільма 12 гадзін. Пры гэтым у Вележавай адбыўся нервовы зрыў. Пасля яна расказала ў інтэрв’ю, што ў гэты момант ёй вельмі дапамог Яўген Міронаў. Калі актрысу здымалі буйным планам, Міронаў стаяў за кадрам і плакаў, каб Вележава не страціла адпаведны сцэне настрой.

Здымкі серыяла праходзілі ў старых асабняках у завулках Санкт-Пецярбурга і ў сапраўднай Швейцарыі. Рэквізіт збіралі па антыкварных лаўках і прыватных музеях. Дарэчы, толькі адна сукенка Настассі Філіпаўны абышлася ў тыся­чу долараў. А такіх сукенак для філь­ма набылі каля пяці дзясяткаў.

Па слядах часу

Таксама на наступным тыдні гледачоў чакае цікавы мастацкі праект тэлеканала «Беларусь 3» пад назвай «Фарбы памяці». Яго героі — беларускія мастакі, чые творы сталі асэнсаваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны.

У адным з выпускаў гледачы сустрэнуцца з народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым, які пайшоў ад нас учора. Яму было 97 гадоў. Яркай ілюстрацыяй складанага лёсу аўтара сталі работы «Цяжкія гады», «Маё нараджэнне», «Генерал Леў Даватар» і іншыя.

У гледачоў будзе магчымасць трапіць у майстэрню Шчамялёва і пазнаёміцца з яго дочкамі Маргарытай і Людмілай, таксама сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Ну а пра самога мастака і яго работы раскажуць Мікалай Паграноўскі, Вольга Бас, Уладзімір Тоўсцік і Рыгор Сітніца.

Яшчэ адзін выпуск з цыкла «Фарбы памяці», які выйдзе 19 студзеня ў 22:50, распавядзе пра народнага мастака Беларусі Віктара Грамыку — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, аўтара шэрагу тэматычных карцін: «Салдаты», «1941 год. Над Прыпяццю», «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца», «Песня пра мой атрад». Героі іншых фільмаў, якія тэлеканал пакажа на наступным тыдні, таксама знакавыя фігуры ў беларускім выяўленчым мастацтве — Міхаіл Савіцкі, Мікалай Залозны і Пётр Данелія.

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter