Памяць чалавецтва

Яе нельга расцягваць па “нацыянальных кватэрах”, лiчаць навукоўцы Амаль пятнаццаць гадоў назад у Мiнску мастацтвазнаўцамi, навукоўцамi, гiсторыкамi краiн СНД быў падрыхтаваны дакумент, прызваны рэгуляваць на прававой аснове пытаннi вяртання на радзiму нацыянальных культурных каштоўнасцей — архiўных, музейных i бiблiятэчных калекцый. Аднак спецыялiсты не прыйшлi да згоды, i пагадненне падпiсана не было. Аб тым, якiя крокi зроблены нашай краiнай за гэты час на шляху вяртання нацыянальных рарытэтаў з-за мяжы, “НГ” запыталася ў старшынi грамадскага аб’яднання “Беларускi фонд культуры”, галоўнага рэдактара “Краязнаўчай газеты” Уладзiмiра ГIЛЕПА.

— Я памятаю, як мы абмяркоўвалi гэты дакумент. У той час я ўзначальваў Савет па культуры краiн СНД,  — узгадвае суразмоўца. — Але з пазiцый сённяшняга часу не ведаю, цi было б добра, калi б гэты дакумент быў падпiсаны. Напрыклад, Украiна адразу запатрабавала б з Эрмiтажа скiфскае золата, Туркменiстан, Беларусь, iншыя краiны — свае рарытэты. У вынiку мы расцягнулi б “па кавалках” Эрмiтаж, якi з’яўляецца сусветнай скарбонкай. Нiхто ж не патрабуе, напрыклад, ад Луўра або Брытанскага музея развесцi яго экспанаты па ўсiм свеце, расцягнуць каштоўнасцi па “нацыянальных кватэрах”...
— Сёлета Беларускi фонд культуры адзначыць свой дваццацiгадовы юбiлей...
— Так, сем тамоў зборнiкаў серыi “Вяртанне”, якiя выдаў за гэты час Беларускi фонд культуры, стварэнне 17 год назад,камiсii вяртання пры фондзе культуры якую ўзначальвае прафесар Адам Мальдзiс, — усё гэта стала доўгiм шляхам да той падзеi, што павiнна адбыцца ў самы блiжэйшы час, — стварэння Мiжведамаснай камiсii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па каардынацыi дзейнасцi па выяўленнi, вяртаннi, сумесным выкарыстаннi i ўвядзеннi ў навуковы i культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцей, якiя апынулiся за межамi Беларусi. Вялiкую падрыхтоўчую работу правялi мiнiстэрствы замежных спраў, культуры, дэпартамент па архiвах и справаводству Мiнiстэрства юстыцыi Беларусi многiя iншыя арганiзацыi. Сёння дакументы знаходзяцца на разглядзе ў Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Плануецца, што ўзначалiць камiсiю адзiн з намеснiкаў Старшынi Савета Мiнiстраў.
— Наколькi значным крокам на шляху вяртання ў краiну культурных каштоўнасцей, што належаць Беларусi, стане, на ваш погляд, стварэнне дзяржаўнай камiсii?
— Нядаўна мiнiстр замежных спраў Сяргей Мартынаў перадаў Нацыянальнаму мастацкаму музею арыгiнальныя лiтаграфii Напалеона Орды, а таксама творы выдатнага беларускага мастака Сергiевiча, якiя доўгi час знаходзiлiся за межамi Беларусi. Гэтая падзея не атрымала вялiкага рэзанансу. Мiж тым яна вельмi значная i знакавая: вяртанне гэтых каштоўнасцей стала магчымым менавiта таму, што клопат пра рэстытуцыю разам з грамадскасцю бярэ на сябе дзяржава.
— А што ўдалося вярнуць за 17 год працы?
— Сёння мастацтвазнаўцы не гавораць пра фiзiчнае вяртанне рарытэтаў. У пачатку XXI стагоддзя размову трэба весцi пра сумеснае выкарыстанне спадчыны, якая знаходзiцца за мяжой. Нешта, канешне, вернута i на фiзiчным узроўнi — Слуцкi пояс, Скарынiнская Бiблiя... Але не гэта галоўнае. Важней было даведацца, што з культурнай спадчыны Беларусi i дзе знаходзiцца за межамi. Над гэтым працавала грамадская камiсiя на працягу 17 год, а раней нiхто гэтым не займаўся.
— I ў якiх краiнах знаходзяцца зараз беларускiя культурныя каштоўнасцi?
— Нашы каштоўнасцi сёння раскiданы па ўсiм свеце.  Для прыкладу: большая частка радзiвiлаўскай бiблiятэкi, а таксама мэбля Радзiвiлаў сёння захоўваюцца ў Расii, ва Украiне — бiблiятэка Храптовiчаў. Нашы культурныя каштоўнасцi знаходзяцца ў Лiтве, Германii, Польшчы, Фiнляндыi, Швецыi... Вярнуць зараз гэтыя рэчы фiзiчна амаль што немагчыма. Сёння навукоўцы ўсiх краiн свету працуюць у iншым кiрунку — iмкнуцца вярнуць каштоўнасцi, так бы мовiць, “вiртуальна”: дакладна апiсаць, перакласцi на электронныя носьбiты i выпусцiць у свет як сусветную спадчыну, агульную спадчыну нашай маленькай Зямлi. Невыпадкова створана мiжнародная праграма “Памяць свету”, што працуе пад дахам ЮНЕСКА. Бiблiятэчныя, архiўныя, музейныя рэчы вывучаюцца i перакладаюцца на электронныя носьбiты, каб любы даследчык з любой краiны свету меў да iх доступ, каб музейныя работнiкi маглi зрабiць копii. Напрыклад, зараз мы аднаўляем Нясвiж. У музейнай экспазiцыi там будуць у асноўным копii, але копii дакладныя, выдатныя.  Дарэчы, сёння пры падтрымцы Мiнiстэрства замежных спраў, Мiнiстэрства культуры i кiраўнiцтва дзяржавы створаны грамадскi Мiжведамасны савет па ажыццяўленнi вiртуальнай рэканструкцыi архiва i бiблiятэкi Радзiвiлаў. Яго ўзначальваю я, i першае пасяджэнне савета прайшло днямi ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. Адна з функцый савета — каардынацыя работ па праекту “Радзiвiлiяна” ў рамках праграмы “Памяць свету”.
Канешне, мы не адмаўляемся ад фiзiчнага вяртання каштоўнасцей, але гэта цяжкая, доўгая, дыпламатычная праца.
— Якiмi дакументамi сёння рэгулююцца пытаннi рэстытуцыi?
— Толькi двухбаковымi пагадненнямi. Агульны дакумент так i не быў створаны. У Беларусi iснуе пагадненне з Польшчай. На вялiкi жаль, з iншымi суседзямi — Расiяй, Лiтвой, Украiнай — такога пагаднення няма. Мiж тым кожны раз, калi сустракаюцца спецыялiсты, яны размаўляюць на адной мове — не па-польску, не па-беларуску цi па-руску, а на мове мастацтвазнаўцаў. I тады становiцца зразумелым: трэба iмкнуцца сумесна захоўваць нашу агульную спадчыну, а не расцягваць культурныя каштоўнасцi па сваiх закутках.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter