Памяняліся «гарэмамі»

Жыццё наша знiтавана з сумнага i смешнага. Нядаўна ў вёсцы памёр пажылы мужчына. Яшчэ не стары, але i не маладога ўжо веку. Ёсць дзецi i нават унукi, але ўсе жывуць у гарадах i далёкiх вёсках

Жыццё наша знiтавана з сумнага i смешнага. Нядаўна ў вёсцы памёр пажылы мужчына. Яшчэ не стары, але i не маладога ўжо веку. Ёсць дзецi i нават унукi, але ўсе жывуць у гарадах i далёкiх вёсках. Надоечы мелася прыехаць да бацькi дачка з Вiцебска – праведаць, прысмакаў гарадскiх прывезцi, чысцiню ў хаце навесцi. I добра, што прыехала. Адкрыла хату, а бацька ляжыць нежывы на падлозе: вiдаць, уначы падняўся за лекамi, ды не дайшоў, асунуўся.

Дачка падняла на ногi радню, абзванiла, абвясцiла пра скрушную падзею. Як i заведзена, правялi нябожчыка ў апошнi шлях па-людску. Такi-сякi няхiтры скарб застаўся ад бацькi. Апрача нерухомасцi, яшчэ сабака з катом i чарада курэй з пеўнем. 

З хатай i прысядзiбнымi пабудовамi больш-менш зразумела. Для гарадскiх дзяцей i ўнукаў такая нерухомасць застанецца нейкай “пупавiнай” для сувязi з малой радзiмай. Прасцей кажучы, лецiшчам для адпачынку. А што загадаеце рабiць з “жывой рухомасцю” ? 

Адна з дачок, што жыве ў сельскай мясцовасцi, згадзiлася забраць сабаку з катом i “курыны табар”. Хоць i не надта блiзка, але перавезлi жыўнасць на новы падворак. А там свае i кот з сабакам, i певень з курамi. Наўздзiў усiм, жывёльна-птушыны свет уладкаваўся на агульнай тэрыторыi без войн i канфлiктаў. 

Далей адбылося вось што.  Певень гаспадынi дужа ўпадабаў прыезджых курачак. Яны, i праўда, выглядаюць экстравагантна: не белыя iнкубатаркi,а рознакаляровага стракатага апярэння. Застаецца загадкай, як там ужо дагаварылiся два пеўнi, але без спрэчак i боек памянялiся яны... “гарэмамi”. I цяпер мясцовы  кукарэка горда водзiць за сабой па ўсiм падвор’i   яркiх “паненак”. А трохi зводдаль чужы певень кудахча з вывадкам  беласнежных гаспадынiных хахлатак. Зрэшты, тут ужо няма чужых, усе свае. 

Гледзячы на такiя дзiвацтвы “братоў меншых”, лягчэй пераносяць горыч страты i людзi. Нават у пахмурнае зiмовае надвор’е  твары асвятляюцца ўсмешкамi. I жыццё не здаецца такiм змрочным. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter