Карэспандэнт «Рэспублікі» назірала за жыццём насельніц Свята-Узнясенскага жаночага манастыра

Паміж намі, сёстрамі

Храм Іаана Прадцечы.
Некалькі хвілін за сценамі Свята-Узнясенскага манастыра, і ты разумееш: час насамрэч велічыня непастаянная. У процівагу ўсім законам фізікі тут, за вёскай Баркалабава Быхаўскага раёна, ён цячэ па нейкім сваім рэчышчы і па сваіх правілах. Без спешкі і мітусні. І знешняе амаль не мае значэння. Больш важна тое, што ў глыбіні: якая ў цябе душа, што яна шукае, у чым мае патрэбу. 

Людзі ў пошуках адказаў на хвалюючыя пытанні і надзеі на дапамогу цудатворнай іконы Баркалабаўскай Божай Маці пратапталі сюды сцежку яшчэ чатырыста гадоў таму. У мінулым стагоддзі на доўгі час жыццё ў манастыры спынілася, а ад будынка засталіся толькі камяні падмурка. Аднак вось ужо дзесяць гадоў, як усё ажыло. Вярнуліся манашкі, падняла свае купалы царква Іаана Прадцечы. Цудам захавалася і галоўная каштоўнасць манастыра. Легенда сведчыць, што і трапіла ікона ў Баркалабава не выпадкова. У 17-м стагоддзі, падчас вайны Літвы і Расіі, праз мястэчка дадому вяртаўся князь Пажарскі. Каля манастыра конь воіна спыніўся, і ніхто не мог яго зрушыць з месца. Пакуль князь не зразумеў — уся справа ў абразе Божай Маці, які хоча тут застацца. Так святыня сама сабе выбрала месца. 

У 1812-м на цудадзейны абраз паквапіліся французы. Але ў іх нічога не атрымалася: толькі захопнікі дакраналіся да іконы, як невядомая сіла адкідвала іх назад. Перажыла святыня і ліхалецце 20-га стагоддзя: каб захаваць ікону, адна з насельніц замуравала яе ў сцяне хаты. Сведкі сцвярджаюць, што цудадзейны абраз і сёння дапамагае пілігрымам, якія прыходзяць сюды не толькі з нашай краіны, але і з-за мяжы. Дарэчы, баркалабаўскай рэліквіяй ганарацца не толькі веруючыя: Нацбанк у яе гонар выпусціў чатыры памятныя манеты. Святыні прысвечана і серыя паштовых марак. 

Трапезная і келлі таксама знаходзяцца ў прыгожым будынку.

Дзень у манастыры пачынаецца рана.
Балюстрада, прыступкі да затокі Дняпра, фантан — манастырскія пабудовы сталі прыгожай аправай да маляўнічай прыроды. Аднак кропка ў справе адраджэння манастыра яшчэ не пастаўлена. Матушка Ангеліна, якая зараз выконвае абавязкі настаяцельніцы манастыра, падзялілася планамі на бліжэйшую будучыню:

— Плануем па-за асноўнай тэрыторыяй пашырыць гаспадарчыя пабудовы. Купіць кароўку, завесці кур. Пракласці масток праз азярцо, каб зручней туды было дабірацца. 

Што тычыцца агарода, то яго разбілі даўно. Тут наліваецца сокам цыбуля, зелянее часнок. Узышлі агуркі, морква. Манашкі і паслушніцы плануюць сабраць добры ўраджай і памідораў. Зараз у манастыры пастаянна жыве пятнаццаць чалавек. Ёсць і тыя, хто спыніўся на пэўны час, каб унесці асабістую лепту ў станаўленне мясціны. Што вымушае чалавека па ўласнай волі адмовіцца ад усяго мірскога? У матушкі Ангеліны наконт гэтага ўласны пункт гледжання:

— Існуе нейкі стэрэатып, быццам у манастыр прыходзяць, каб знайсці схову ад нейкіх бед ці праблем. Гэта не так. Сюды трапляюць тыя, каго абраў дзеля гэтага Гасподзь. 

У трапезнай заўсёды гатовыя пакарміць паломнікаў.

Дзень у манастыры пачынаецца рана — а палове шостай. Аднак многія манашкі прачынаюцца яшчэ раней, каб выкраіць хвіліны для дадатковай малітвы. Потым — служба ў храме. Яе змяняе другая, трэцяя — і так да позняга вечара. Вольных хвілін няшмат, ды і яны праходзяць не марна: у насельніц шмат яшчэ і працоўных абавязкаў, таму надоўга адрываць іх ад спраў няёмка. Аднак на развітанне прашу дазволу падняцца на званіцу. Разам са мной драўляныя ступені пераадольваюць манашкі Антонія і Феафанія. Чатыры крутыя пралёты, «мосцік» званара, званы. Бясконцая прастора за вокнамі. Прыстанкам веры гэтыя мясціны сталі даўно. Яшчэ да заснавання манастыра менавіта тут быў напісаны знакаміты на ўвесь свет Баркалабаўскі летапіс. Зараз запаўняюцца старонкі новай хронікі. Для каго гэтая кніга? Не сакрэт — для таго, хто шукае шлях да сябе.

Чатыры крутыя пралёты, «мосцік» званара, званы. Бясконцая прастора за вокнамі. 

Цудатворная ікона зноў вярнулася ў Баркалабава (справа).

На агародзе зелянее цыбуля.

markova@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter