Карэспандэнт «Рэспублікі» сустрэла ўдзельнікаў 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якія 9 мая вярнуліся ў Мінск

Паміж намі растае лёд

Як пабудаваць станцыю ў самым цяжкадаступным месцы планеты? Над гэтым ламаюць галовы вядучыя інжынеры свету. Архітэктура адзінага кантынента, дзе ніколі не было карэнных жыхароў і пастаянных паселішчаў, з кожным годам становіцца ўсё больш уражлівай. Вось і каманда нашых палярнікаў ужо трэці год узводзіць першую беларускую антарктычную станцыю. У сераду ўдзельнікі 10-й антарктычнай экспедыцыі вярнуліся ў Мінск. Карэспандэнт «Рэспублікі» сустрэла іх у аэрапорце і даведалася, як прайшла экспедыцыя і як ідзе будаўніцтва станцыі.

У Мінск палярнікі павінны былі вярнуцца яшчэ ў сакавіку. Але форс-мажорныя абставіны ўнеслі свае карэктывы. Расійскае судна лядовага класа «Акадэмік Фёдараў», якое павінна было забраць нашых палярнікаў з Антарктыды, пайшло на дапамогу судну індыйскай антарктычнай экспедыцыі «Іван Папанін», якое атрымала сур'ёзную прабоіну ля ўзбярэжжа Антарктыды. Таму эвакуацыя палярнікаў здзяйснялася праз Паўднёвую Амерыку ў пазнейшыя тэрміны іншым расійскім суднам — «Акадэмік Трошнікаў».

У 2019—2020 гадах палярнікі плануюць адправіцца ў першую зiмовачную экспедыцыю

Начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Ігар Пільшчыкаў:

— Дзякуючы Міністэрству замежных спраў Беларусі і нашай амбасадзе ў Аргентыне атрымалася станоўча вырашыць пытанне транзіту нашых палярнікаў праз тэрыторыю Уругвая. Каманда высадзілася з борта расійскага карабля «Акадэмік Трошнікаў» у Мантавідэа і паромам дабралася ў Буэнас-Айрэс. Адтуль у сераду самалётам прыляцела ў Мінск.

За час 10-й антарктычнай экспедыцыі было зроблена нямала. На сёння ў Антарктыдзе ўжо дзейнічае першы аб'ект Беларускай антарктычнай станцыі — трохсекцыйны модуль кіравання, сувязі і навігацыі. Таксама зманціравана і ўведзена ў эксплуатацыю палова другога аб'екта — васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля. Тры секцыі са склада другога аб'екта былі зманціраваны ў гэтым сезоне. Гэта санітарна-гігіенічная, лабараторна-жылая і жылая секцыі. Туды ж даставілі неацяпляльнае складское памяшканне для захоўвання будматэрыялаў і запасных частак, а таксама гаражны бокс для захоўвання і рамонту спецтэхнікі.

— Падчас наступнай экспедыцыі плануем зманціраваць цэнтральную ўваходную секцыю. Яна стане мозгам станцыі, бо будзе абсталявана блокамі кантролю і кіравання ўсімі электрычнымі сеткамі, — падзяліўся сваімі планамі нязменны кіраўнік беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў. — Таксама даставім туды адну секцыю новай дызель-электрастанцыі і яшчэ адну лабараторна-жылую секцыю. У 2019 годзе плануем завяршыць другую чаргу будаўніцтва першай чаргі нашай антарктычнай станцыі, даставіўшы туды другую секцыю дызель-электрастанцыі, а таксама жылую і аперацыйна-хірургічную секцыі.

Станцыю будуюць на апорах, што рэгулююцца па вышыні, каб снег не назапашваўся пад будынкам і вакол яго

Калі ўсё пойдзе па вызначаным плане, то ў 2019—2020 гадах палярнікі адправяцца ў першую зімовачную экспедыцыю. Умовы там будуць не з простых! Калі ў прыбярэжнай частцы Антарктыды надыходзіць палярная ноч, то тэмпература паветра апускаецца да мінус 40—60 градусаў. Плюс у лютым спыняюцца авіязносіны, а ў сакавіку — красавіку завяршаецца марскі рух у зоне базіравання нашай станцыі. Таму аж да лістапада любыя транспартныя зносіны з Вялікай зямлёй адсутнічаюць. Адсюль павышаныя патрабаваннi па забеспячэнні энергетычнай бяспекі станцыі. Затое падчас зімовачнай экспедыцыі навукоўцы змогуць весці бесперапынныя назіранні.

Дарэчы, аб назіраннях. У гэтым годзе навукоўцы вялі даследаванні па пяці напрамках. Першае — даследаванне аэразольнага і газавага саставу атмасферы з дапамогай прыбораў дыстанцыйнага зандзіравання, у тым ліку ў інтарэсах нацыянальнай касмічнай праграмы. Другое — маніторынг азонавага пласта. Навукоўцам нават атрымалася зафіксаваць праявы так званай азонавай дзіркі. Трэцяе — геафізічныя і геалагічныя даследаванні. Гэта значыць, даследаванні магнітнага поля Зямлі для складання дэталёвых геалагічных карт. Чацвёртае — біялагічныя і мікрабіялагічныя даследаванні. У перспектыве вывучэнне марскіх біялагічных рэсурсаў дасць магчымасць атрымліваць квоты на вылаў морапрадуктаў ад Марской камісіі пры ААН і прадаваць іх дзяржавам, якія маюць рыбалоўны флот. Пяты кірунак — кліматычныя і экалагічныя даследаванні. Яны дазваляюць на больш якасным узроўні прагназаваць глабальныя кліматычныя і экалагічныя змены не толькі ў Антарктыцы, але і ў іншых рэгіёнах планеты.

Аляксей Гайдашоў паскардзіўся на непагадзь, што ўскладніла працу ў гэтым сезоне:

— Выдалася шмат штармавых дзён. У такіх умовах выхады за межы базы мінімізуем. Рухаемся групамі па двое. Па ўсіх маршрутах нацягнуты лееры, па іх можна знайсці шлях назад да будынка. Пры метэаралагічным становішчы «Шторм-2», калі хуткасць ветру складае больш за 35 м/с, усе работы на адкрытым паветры спыняюцца. Выхад з будынкаў зусім забаронены. Падчас гэтай экспедыцыі быў зафіксаваны вецер рэкорднай хуткасці — 61,2 м/с.

Затое пратэсціравалі сабраныя канструкцыі ў самых што ні на ёсць суровых умовах. Выпрабаванне непагаддзю канструктарскія рашэнні нашых інжынераў і вопытных палярнікаў вытрымалі на ўра.

Таксама ў планах палярнікаў — палепшыць магчымасці сувязі з Вялікай зямлёй і пашырыць інфармацыйную прастору. У першую чаргу забяспечыць станцыю інтэрнэтам і спадарожнікавым тэлебачаннем да першай зімовачнай экспедыцыі.

Фота з архіва 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter