Сталіца XXIII Дня беларускага пісьменства старажытны Рагачоў чакае гасцей

Паміж Дняпром і Друццю

Сталіца XXIII Дня беларускага пісьменства старажытны Рагачоў чакае гасцей


Лічыцца, што назва Рагачова пайшла ад слова “рог” — яго нагадвае стрэлка паміж Дняпром і Друццю, дзе і быў заснаваны горад. Упершыню ён згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1142 годзе. У Рагачова багатае гістарычнае мінулае і вельмі галінастае генеалагічнае дрэва культуры. З гэтымі мясцінамі так ці інакш звязаны жыццё і творчасць такіх велічынь у літаратуры як Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч і многіх іншых. Зразумела, чаму Рагачоўшчыну называюць зямлёй пісьменнікаў.


Можна не сумнявацца, не засмуткуюць і шматлікія госці, якія прыедуць у Рагачоў у гэтыя выхадныя. Нездарма ж кажуць: з рога ўсяго многа. Афіцыйна Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Але ж больш як за два дзесяцігоддзі яго святкавання нарадзілася і ўсталявалася шмат цікавых мерапрыемстваў, якія ўжо ператварыліся ў традыцыйныя і не змяшчаюцца ў азначаныя каляндарныя рамкі.

Вось і на гэты раз “прэлюдыя” заняла некалькі дзён. Традыцыйна напярэдадні свята, яшчэ 31 жніўня, пачалася Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дрога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Са Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску яе ўдзельнікі накіраваліся ў Дзяржынскі раён, а далей — па знакавых для вернікаў мясцінах Брэстчыны і Гомельшчыны. Чакаюць Благадатны Агонь і ў Рагачове.

Сёння шматлюдна ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы, дзе праходзіць X Міжнародны фестываль “Славянскія літаратурныя дажынкі — 2016”. Акрамя таго, тут размясцілася пастаянна дзеючая выстаўка “Па-сапраўднаму народны”, прысвечаная 95-годдзю народнага пісьменніка Андрэя Макаёнка. Запросяць гасцей і ў аграгарадок Журавічы Рагачоўскага раёна на Міжнароднае літаратурнае свята “На зямлі Макаёнка”.

А заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца Міжнародны круглы стол “Сугучча: Слова Скарыны ў сучасным свеце” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў.

З раніцы ў суботу распачнуцца і мерапрыемствы ў самім Рагачове. Горад сёння не пазнаць — ён заўважна абнавіўся, стаў яшчэ прыгажэйшым. За два дні на розных пляцоўках пройдзе больш за 70 мерапрыемстваў.

У гарадскім доме культуры збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі “Рагачоўскія чытанні”. Цікавыя праграмы падрыхтавалі дзіцячая школа мастацтваў і кінатэатр “Луч”, а капітальна адрамантаваны музей Народнай Славы — пазнавальныя экскурсіі. Аматарам спорту будзе чым заняцца на гарадскім стадыёне.

Вельмі разнастайная праграма прапануецца і ў асноўны дзень свята — 4 верасня. А восьмай раніцы пачнецца пасадка Саду Малітвы. Затым пройдзе Хрэсны ход да храма Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага, які будуецца ў Рагачове на ахвяраванні вернікаў. Сваю алею пасадзяць у горадзе і пісьменнікі.


Нарэшце, роўна апоўдні на Цэнтральнай плошчы, якая ператворыцца ў галоўную сцэнічную пляцоўку свята, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. Пасля мастацка-тэатралізаванай дзеі “Беларусь — спрадвечная песня” пройдзе яшчэ адна афіцыйная цырымонія — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Значная для Рагачова падзея — урачыстае адкрыццё Дома кнігі і кнігарні “Першацвет”. У яго сценах ужо працуе цэнтральная раённая бібліятэка, якая абслугоўвае каля чатырох тысяч рагачоўцаў і таксама не засталася ўбаку ад свята.

Усе выстаўкі не абысці і да вечара — падрыхтаваны экспазіцыі на любы густ і ўзрост. Галоднымі госці не застануцца ва ўсіх сэнсах — будзе чым насыціць і душу, і цела. А яскравую кропку, дакладней, шматкроп’е, паставіць святочны феерверк.

НЕ ПРАХАДЗІЦЕ МІМА

Два дні — 3 і 4 верасня — у Рагачове на адкрытай пляцоўцы СДЮШАР № 2 (вул. Леніна) будзе праходзіць Фестываль кнігі і прэсы. Тут ва ўсёй красе паўстане сучасная беларуская кніга. Жадаючыя змогуць наведаць “Друкарню XVI стагоддзя”, дзіцячыя і пісьменніцкія пляцоўкі. А мы традыцыйна чакаем вас у павільёне “Прэса Беларусі”. Зазірніце — не пашкадуеце!

Фота Станіслава Галкоўскага і Віталя Піваварчыка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter