Памідорнае поле,

або Як Юзэф Касцюк з Докшыцкага раёна сумесна з вучонымі дабіваецца фенаменальных вынікаў у вырошчванні гародніны

або Як Юзэф Касцюк з Докшыцкага раёна сумесна з вучонымі дабіваецца фенаменальных вынікаў у вырошчванні гародніны


У КРАМАХ багата любой гародніны. Вось толькі не ў кожнай ёсць... смак. А  пажылыя людзі памятаюць, што тыя ж памідоры, гуркі, капуста раней былі вельмі смачныя. І ўсё гэта з цягам часу знікла, асабліва, калі на прылаўкі хлынула заморскае.

Як вярнуць гародніне “смак дзяцінства”? Аб гэтым задумаўся фермер з Докшыцкага раёна  Юзэф КАСЦЮК, кіраўнік СП ТАА “ЛайкПОЛ”. За дапамогай звярнуўся ў Інстытут гароднінаводства Нацыянальнай акадэміі навук. І  ў супрацоўніцтве з вучонымі атрымаў такія вынікі, якіх не чакаў.


Кіраўнік СП ТАА "ЛайкПОЛ" Юзэф КАСЦЮК з аграномам гаспадаркі
Валянцінам ЛIТВIНЫМ

Вярнулі “смак дзяцінства”


Вось што расказаў пра сваю справу Юзэф Касцюк:

— З гароднінай працуем год дваццаць у закрытым і адкрытым грунце.  Перапробавалі ўсе сарты у асноўным польскіх і галандскіх  фірмаў. Сутыкнуліся з двума праблемамі. Па-першае, адсутнасцю сартоў, устойлівых да фітафторы: толькі  адзін польскі больш-менш у гэтым плане падыходзіў. А па-другое, не той смак, які б хацелася мець пакупніку.

Як выйсці з тупіка? Папрасілі дапамогі ў Iнстытуце гароднінаводства і знайшлі паразуменне. Нам прапанавалі 5 беларускіх сартоў памідораў для адкрытага грунту. У тым ліку “кроху”, “пажар”, “агату”. З кіраўніком праекта Ірынай Міхайлаўнай Вайцяховіч заклалі плантацыі памідораў у трэцяй дэкадзе мая на плошчы ў 3,5 гектара: 3 гектары — беларускіх сартоў і 0,5 — польскага, для параўнання.

З ранейшага вопыту ў Віцебскай вобласці асабіста мы былі ўпэўнены,  што гэта край зялёных памідораў. Думалі, будзе добра, калі хоць частка іх даспее. Тым больш што год выдаўся не вельмі: напачатку засушыла, а потым прыйшло зацяжное дажджлівае надвор’е, а гэта значыць, вельмі спрыяльныя ўмовы для фітафторы. Але яе якраз і не было, хаця мы не праяўлялі асаблівага фанатызму па догляду за раслінамі. Проста захоўвалі, наколькі гэта было магчыма, тэхналогію па распрацаванай вучонымі схеме. 

Галоўная сенсацыя: 90 працэнтаў пладоў выспела! Усё поле чырвонае-чырвонае. Нават вучоныя здзівіліся...

Да таго ж плады былі вельмі смачныя. Для магчымасці  іх выкарыстання  ў закатках накіравалі партыю ў квасільна-засолачны цэх  Пастаўскага райспажыўсаюза. Разам з добразычлівым  водгукам  прыйшоў і заказ на наш тавар.

На такой невялікай плошчы атрымалі 120 тон прадукцыі. Да такога ўраджаю былі не гатовыя. Трэба ж яго было неяк рэалізаваць. Не прыдумалі нічога лепшага, як заваяваць мясцовы рынак: свайго Докшыцкага і суседніх раёнаў. Далі аб’яўкі ў раённыя газеты. На выручку, дязкуй ім, прыйшлі мясцовыя органы ўлады: райвыканкам, раённы Савет дэпутатаў. Цесна пачалі супрацоўнічаць з гандлёвымі арганізацыямі не толькі свайго раёна, але і Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Пастаўскага, Верхнядзвінскага. Асабліва хачу адзначыць Полацкі райспажыўсаюз, які штодня прысылаў па некалькі машын  і вывозіў свежую прадукцыю на рынкі.

Шмат людзей прыязджала  да нас непасрэдна на фірму на легкавушках і мікрааўтобусах. Мы давалі магчымасць жадаючым уласнаручна на полі сабраць памідоры. Пакупнікі  спрабавалі іх на смак і, калі ехалі з мэтай набыць 10 кілаграмаў, то бралі па 50—100. Тым больш што і цана не кусалася: не больш 40 капеек за кілаграм. (Імпартныя ад 60 да 80 капеек).

Скажу ячшэ, што мы з поспехам вырошчваем беларускія сарты капусты — “надзею” і іншыя, бульбы —“брыз”, “журавінку”,  якія славяцца, менавіта сваім смакам.

Людзям надакучыла нясмачнае, “дубовае”. У нас бульбу і капусту сёлета скупілі прама на полі.

Мы ўдзячны беларускім вучоным, з якімі і на наступны год заключаем дамову на супрацоўніцтва.

Насенне наша танней, але і галадней


А вось як пракаментаваў загадчык лабараторыі аграхіміі і харчавання раслін Інстытута гароднінаводства доктар сельгаснавук Мечыслаў Сцяпура:

— Вучоныя інстытута плённа супрацоўнічаюць з многімі фермерскімі гаспадаркамі. У першую чаргу назваў бы “Дружбу-К” Смалявіцкага раёна. Яе кіраўнік Уладзімір Крапіўка па некалькі разоў у дзень тэлефануе ў інстытут за кансультацыямі. Ён высаджвае да 70 сартоў бульбы, розныя культуры. Сёлета сабраў нават 200 тон кавуноў. На землях яго гаспадаркі ў гэтым годзе праведзены рэспубліканскі семінар. 

І Аляксандр Навіцкі з Лунінецкага раёна вырошчвае 100 гектараў бульбы, столькі ж буракоў і 500 гектараў морквы і ўкараняе на сваіх землях усе нашы найлепшыя знаходкі.

На працягу многіх год актыўна працуем з фермерскай гаспадаркай “Аграпрамвытворчасць” Віктара Залеўскага з Рэчыцкага, фермерамі Васілём Кабаевым з Буда-Кашалёўскага, Уладзі- мірам Барэйшам з Уздзенскага раёнаў і многімі іншымі.

Гэта выгадна ў першую чаргу тым, што насенне гародніны беларускіх сартоў нічым не ўступае замежнаму, а, наадварот, прыстасавана да мясцовых  глеба-кліматычных умоў. Да таго ж у 3—4 разы танней, чым прывазное.

Аднак, калі не будзе нармальнага харчавання раслін, ніякі гібрыд, ніякі найлепшы сорт ураджаю не дасць. А яно ў поўным сэнсе “завалена”, я маю на ўвазе ў першую чаргу сельгаспрадпрыемствы, якія займаюцца гароднінаводствам.  Напрыклад, капуста пры ўраджайнасці 600 цэнтнераў на круг забірае з глебы  за сезон ад 500 кілаграмаў вокісу кальцыю,  буракі — 350—400 кілаграмаў пры ўраджайнасці 450—500 цэнтнераў. Вапнаванне глебы неабходна праводзіць раз у 5 год, а робіцца — у 15—20.  Раней уносілі на гектар 35 тон арганічных удабрэнняў, а сёння – 5—6 тон, не гаворачы пра мікраэлементы.

Якраз на тэму апошніх хачу пагаварыць асобна. У Інстытуце неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам  Сяргея Азізбекяна распрацаваны прэпарат  “нанаплант”, у якім змешчана ажно 8 мікраэлементаў. Ён прайшоў усебаковыя выпрабаванні ў нашым інстутуце, сертыфікаваны і зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь.

Яго прымяненне дае фенаменальныя вынікі. Той жа фермер Аляксандр Навіцкі з Лунінца, дзе якраз глеба на тарфяніках бедная мікраэлементамі, атрымлівае морквы 800—1000 цэнтнераў з гектара.

Зарэкамендаваў “нанаплант” і пры вырошчванні зернебабовых, асабліва рапсу. Вясною, калі ўзыходы слабыя, ён спрыяе ўмацаванню карнявой сістэмы, у выніку чаго расліна ажывае, раскушчваецца і дае добры ўраджай.

Каштуе прэпарат у 4 разы танней замежнага. Кошт яго прымянення на адным гектары складае ўсяго 6 рублёў. Яго ў вялікіх аб’ёмах закупляе суседняя Літва і атрымлівае высокія ўраджаі рапсу. На жаль, айчынныя сельгаспрадпрыемствы пакуль што не праяўляюць асаблівай цікавасці да навінкі.  Вось бы ўзяць ім прыклад з нашых перадавых фермераў!

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter