Гэта стратэгічна важны для краіны момант — у выпадку адсутнасці затораў у мытных тэрміналах транзіт цераз тэрыторыю краіны ўзрастае

Памежны стан

У сферы камерцыйных перавозак ужо ўвялі папярэдняе інфармаванне і дэклараванне. Цяпер прыйшла чарга паскарацца і фізічным асобам. Грамадзянам, у прыватнасці, прапаноўваюць праз інтэрнэт загадзя паведаміць пра тавары, якія перавозяцца ў багажы. Такі эксперымент ідзе ў пункце мытнага афармлення “Варшаўскі мост”. Ён прадоўжыцца па 1 верасня. 


“Асноўная перавага папярэдняга электроннага дэкларавання для грамадзян заключаецца ў скарачэнні часу ажыццяўлення мытных аперацый у дачыненні перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання ў пунктах пропуску цераз дзяржаўную граніцу”, — растлумачылі важнасць новага праекта ў прэс-групе Брэсцкай мытні.

Запоўніць спецыяльную форму грамадзянін, які вандруе, можа праз інтэрнэт — з  камп’ютара або са смартфона. Лепш за ўсё выкарыстоўваць браўзеры Google Chrome ці Mozilla Firefox. Заходзім на сайт мытнага камітэта, у раздзел “Электроннае папярэдняе дэклараванне тавараў для асабістага карыстання”. Далей рэгіструемся ў сістэме, цалкам запаўняем на рускай або на англійскай мове форму пасажырскай дэкларацыі. Пры гэтым карыстальнік атрымлівае ўнікальны ідэнтыфікацыйны нумар папярэдняга апавяшчэння (УІНП). Важны нюанс: перадаць інфармацыю аб сабе варта не пазней чым за 2 гадзіны да прыбыцця ў пункт пропуску. На месцы пры мытным афармленні паказваем тавар або дэкларуемае аўто, а таксама атрыманы УІНП — спецыялісты звяраюць дадзеныя. Калі разыходжанняў не будзе, абяцаюць: працэс афармлення зойме не больш за 15 хвілін. А вось няправільна запоўненую дэкларацыю могуць не зарэгістраваць. Аб’ём звестак папярэдняга электроннага дэкларавання павінен адпавядаць звесткам, якія ўносяцца дэкларантам у палі формы пасажырскай мытнай дэкларацыі, зацверджанай рашэннем Камісіі Мытнага саюза, папярэдзілі на Брэсцкай мытні.

Для грамадзян новы праект будзе даволі цікавы па адной прычыне: з 10 сакавіка ў ДМК змянілі падыход да паняцця ўвазных тавараў для асабістага карыстання. Цяпер без выплаты пошлін раз у тры гады можна прывезці з сабою з-за мяжы тэхніку для кухні, ваннай і санвузла, тэлефанію, дзіцячыя каляскі (кожнага віду ў залежнасці ад узросту дзіцяці), кандыцыянеры, маторы для лодак ды іншыя тавары. Усяго 35 пазіцый. З іх спісам можна азнаёміцца на сайце ведамства. Там жа змяшчаецца інфармацыя пра рэчы, якія можна завезці раз у два гады. Напрыклад, проста так дазваляецца купіць у суседзяў да чатырох матацыклаў без каляскі, столькі ж летніх і зімовых шын да кожнага транспартнага сродку, які знаходзіцца ва ўласнасці пасажыра. Дакумент аб наяўнасці на радзіме аўто трэба будзе паказаць на мытні.

Марыя Дронава 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter