Памалюся роднай Беларусi Светлаю малiтваю без слоў

Змiтрок Марозаў — пра сябе, паэзiю, Радзiму

Змiтрок  Марозаў    пра  сябе,  паэзiю,  Радзiму

 

Вiзiтка. Змiтрок Марозаў нарадзiўся 30 верасня 1953 года ў пасёлку Язбы Крупскага раёна.  Бацька рабiў цесляром у калгасе, мацi настаўнiчала. У 1975 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю. Працаваў аграномам у калгасах на Магiлёўшчыне. Некалькi гадоў быў на камсамольскай рабоце ў Бялынiчах i Мiнску, з 1986 года – у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання. Аўтар зборнiкаў вершаў “Пад небам буслiным”, Хлеб i памяць”, “Хлебны верасень” (адзначаны прэмiяй Ленiнскага камсамола Беларусi), “Ачышчэнне сяўбой”, “Сын чалавечы”  (прэмiя Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi), “Залатая кнiга беднага”, “Балiць душа па Беларусi”, “Святло рамонкаў палявых”, “Гронкi зорных суквеццяў” i iнш. Аўтар першага ў еўрапейскай паэзii вянка вянкоў санетаў (“Апакалiпсiс душы”). Пiша таксама вершы i апавяданнi для дзяцей, нарысы.

— Шаноўны Змiтрок Змiтравiч, з даўнiх часоў я з цiкавасцю сачу за вашым жыццёвым, службовым шляхам, творчымi набыткамi. Па-добраму зайздрошчу багатаму плёну вашай шматграннай дзейнасцi. Цi не маглi б вы расказаць, над чым цяпер працуеце, падзялiцца сваiмi думкамi?

— Галоўнай тэмай маёй творчасцi з’яўляецца настойлiвы, часам пакутны пошук адказу на спрадвечныя пытаннi, якiя я паставiў перад сабой яшчэ ў канцы 70-х гадоў мiнулага стагоддзя ў адным з вершаў: “Каму араць пад яравыя? Каму касiць i малацiць?” Маю на ўвазе не проста пошук адказу, а непасрэдны ўдзел у вырашэннi гэтых праблем. Тады, пасля заканчэння сельгасакадэмii, працуючы ў вёсцы,  я лiтаральна на ўласных руках i плячах адчуў iх непамерны цяжар. Даводзiлася  самому з немаладымi ўжо кабетамi цягаць мяхi са збожжам да сеялкi, дапамагаць iм пратручваць насенне ў свiрне, дзе ад граназану стаяў зусiм не рамантычны “сиреневый туман”, шуфляваць зерне на таку, касiць траву на топкай балацiне, накручваць на веласiпедзе сотнi кiламетраў  выбоiстых вясковых дарог. Выратоўвала спартыўная загартоўка: некалькi гадоў запар быў чэмпiёнам акадэмii па бегу, меў першы спартыўны разрад. Менавiта тады i  пачаў пiсаць вершы. Першыя падборкi з лёгкай рукi Аляксея Пысiна надрукавала “Магiлёўская праўда”. Сёння, амаль праз трыццаць гадоў, нашу вёску хвалююць, нават больш моцна, тыя ж пытаннi, што i тады: каму араць, касiць ды малацiць? Па-першае, у некалькi разоў скарацiлася колькасць вясковых жыхароў. Па-другое, вёска пастарэла: памiрае больш, чым нараджаецца. I яшчэ адна бяда: значная частка маладых спецыялiстаў нарадзiлася i вырасла ў гарадах. Не ведаючы побыту вяскоўцаў, не маючы элементарных навыкаў працы на зямлi, iм цяжка там закаранiцца, хаця ўмовы для гэтага ствараюцца, i нядрэнныя. Пра гэтыя праблемы, боль, трывогi, надзеi i спадзяваннi мае i сённяшнiя творы. Многiя з iх склалi рукапiс кнiгi “Драўляны храм”, якая некалькi гадоў чакае сваёй чаргi ў выдавецтве. Да таго ж даводзiцца выдаваць кнiгi за свой кошт... А галоўным крэда ў творчасцi служаць мне словы малавядомага ў нас паэта-хiрурга з Магiлёва (на жаль, ужо нябожчыка) Аляксандра Мельнiкава: “Поэзия – души работа при свете совести живой...”

— Вы працавалi ў калгасах, зараз на адказнай пасадзе ў мiнiстэрстве. Мне ўжо даўно хацелася спытаць, як удаецца вам сумяшчаць прозу службовай дзейнасцi з высокай паэзiяй творчасцi?

— Адкажу словамi паэта (менавiта паэта, а не паэткi) Ганны Ахматавай:

“Когда б вы знали,

из какого сора

Растут стихи,

не ведая стыда...”

А “проза службовай дзейнасцi” менавiта i ёсць той “сор”, з якога творца робiць вершы. Жыццёвага матэрыялу ў мяне хапае, нават праз меру. Галоўнае – знайсцi вольны час для творчасцi. Памятаю, калi працаваў у калгасе, зiмой у кватэры была, як кажуць, сабачая халадзiна. Жонка з дачкой закрывалiся ў маленькай “калабуньцы”, уключалi электракаларыфер, грэлiся, а я надзяваў кажух i пiсаў да  глыбокай ночы... А ў сем гадзiн ранiцы быў на нарадзе. Так i напiсалася першая кнiга вершаў “Пад небам буслiным”, выдадзеная “Мастацкай лiтаратурай” у 1982 годзе. I цяпер за пiсьмовы стол (дакладней, стол на кухнi) саджуся, калi ўсе мае родныя кладуцца спаць, альбо пад ранiцу, калi ўсе добрыя людзi сняць прыгожыя сны...

— Вас, Змiтрок, ведаюць як аўтара выдатных санетаў, нават цэлага вянка  вянкоў... Гэта можна без залiшняй сцiпласцi назваць вяршыняй паэтычнага Алiмпа. I як вам бачацца з гэтай вяршынi палеткi нашай лiтаратуры, дзе пасуцца яе пегасы?

— На сённяшнi дзень, лiчу, гэтыя палеткi як след не дагледжаныя. Iм не хапае дбайных, працавiтых гаспадароў, сапраўдных руплiўцаў  за лёс насення, пасеянага Купалам i Коласам, Танкам i Пысiным, Янiшчыц i Сербантовiчам, Стральцовым i Караткевiчам... Гэты спiс можна было б прадоўжыць. Але з чаго пачынаць? Думаю, Саюзу пiсьменнiкаў Беларусi неабходна тэрмiнова аднавiць iнстытут (пасады) лiтаратурных кансультантаў пры рэдакцыях нашых галоўных рэспублiканскiх, абласных газет, лiтаратурных часопiсаў. У маiм архiве да гэтага часу захоў­ваюцца цёплыя лiсты Яўгенii Янiшчыц, якая працавала лiткансультантам у “Сельской газете”, Мiколы Федзюковiча з “Чырвонай змены”, Уладзiмiра Някляева са “Знамени юности”, Мiколы Аўрамчыка з “Маладосцi”, таго ж Аляксея Пысiна з “Магiлёўскай праўды”. Шчыра ўдзячны гэтым творцам за падтрымку i дапамогу ў пошуку сваёй сцяжыны на шляху да Парнаса. Яны вучылi нас, маладых тады лiтаратараў, глыбей пiсаць пра наша галоўнае багацце – чалавека працы. Сёння ж, на вялiкi жаль, галоўным героем тэлеэкранаў ды i многiх  лiтаратурных твораў стаў  “чалавек з пiсталетам”...

— Вы, Змiтрок Змiтравiч, даўно ўжо з’яўляецеся членам пiсьменнiцкага саюза. Цiкава, як  адносiцеся да пературбацый, якiя там адбылiся?

 — Вы маеце на ўвазе стварэнне новага саюза? Дакладней, Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Асабiста я – за добрыя перамены, амаладжэнне i абнаўленне. Хаця, сказаць папраўдзе, нi адзiн саюз пiсаць таленавiта не навучыць. Пушкiн, Ясенiн, Багдановiч не былi членамi пiсьменнiцкiх саюзаў, а ў лiтаратуры застануцца навечна. Што тычыцца ранейшага саюза  пiсьменнiкаў, то ў мяне з iм склалiся своеасаблiвыя адносiны. Памятаю, як уступаў у гэты саюз. Паспяхова прайшоў усе стадыi абмеркавання. Але на пасяджэннi Рады на фоне добрых водгукаў Раiсы Баравiковай, Яўгенii Янiшчыц, Леанiда Дайнекi пачулiся два-тры галасы тых, каму не спадабалася мая пасада. Прыпомнiлi нават тое, што быў на камсамольскай рабоце, што выдаў кнiгу ў Маскве... Балюча, крыўдна было на душы ад усяго пачутага. Не за сябе, а за тых, хто шэсць гадоў марынаваў рукапiс маёй другой кнiжкi ў выдавецтве, хто выказаў сумненнi наконт майго “пролетарского происхождения”... У саюз пiсьменнiкаў мяне прынялi праз тры гады без папярэдняга абмеркавання, калi я выдаў вянок вянкоў санетаў. Хочацца, каб у новай пiсьменнiцкай арганiзацыi склалася сапраўды творчая, добразычлiвая атмасфера, каб работа з маладымi лiтаратарамi вялася не фармальна, каб з’явiлiся новыя аўтары i новыя кнiгi высокага – еўрапейскага, сусветнага — узроўню.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter