Палымяным газетным радком

Штодзённа тысячы ваенкораў перадавалі навіны з фронту і тылу

Першыя летапісцы вайны — журналісты. Штодзённа тысячы ваенных карэспандэнтаў перадавалі ў свае выданні, а значыць і людзям, інфармацыю з фронту і тылу. Напярэдадні 70-годдзя вызвалення карэспандэнт «Р» пагартала беларускія газеты пачатку і канца Вялікай Айчыннай і з тагачасных нататкаў паспрабавала скласці карціну вайны вачамі відавочцаў тых падзей.

Чытаю ў «Звяздзе» ўспаміны Іофе С.Н. і Багданава Д. І., якія 22 чэрвеня перажылі бамбёжку Брэста, і на сэрцы становіцца жудасна: «Два дні на вуліцах паўразбітага горада ляжалі сотні забітых мужчын, жанчын і дзяцей. Бальніцы перапоўнены, раненыя валяюцца на падлозе ў калідорах».

У горадзе голад. Кожную раніцу ля былых хлебных крам выстройваецца чарга больш чым з тысячы чалавек. Немцы, каб паказаць у друку, што яны кормяць насельніцтва, іх фатаграфуюць, а потым разганяюць прыкладамі.

Трапляецца нататка пра байцоў Дайнека, Панчанка і Херсонскага, якія выбраліся з акружэння. Яны расказваюць, што ў лагеры ля Брэста фашысты масава знішчаюць палонных: не кормяць, жывымі закопваюць у зямлю. Іх лейтэнанту выкручвалі рукі, білі гумавымі дубінкамі, але мужны патрыёт нічога не сказаў.

«На ўзлессі, дзе стаяў нямецкі штаб, валяліся тры акрываўленыя трупы нашых камандзіраў, — пераказвае ўбачанае ў тыле ворага малодшы ваентэхнік Дадашоў. — У канцы спаленай вёскі стаялі пяць калоў, на якіх віселі трупы жанчын, а побач у лужынах крыві ляжалі мёртвыя дзеці».

Але здавацца гітлераўцам людзі не хацелі. Вайну фашыстам аб’явіла ўся краіна і кожны яе жыхар. Так, 30 чэрвеня 1941 года «Звязда» публікуе ліст рабочых станкабудаўнічага завода «Красный пролетарий», у якім працоўныя запэўніваюць вайскоўцаў: снарадаў, кулямётаў, танкаў вам хопіць. І хоць у цэхах стала менш людзей, тыя, хто застаўся, замянілі таварышаў. Так, токар Фралоў абслугоўваў два станкі, побач з ім на двух працаваў токар Котаў. Калі сябра прызвалі ў армію, Фралоў узяўся за чатыры машыны і цяпер выконвае норму на 500—570 працэнтаў. Авалодала некалькімі мужчынскімі прафесіямі і прыбіральшчыца Віцебскага іголкавага завода таварыш Чарнамордзік. Прычым дадзеную працу яна сумяшчае з асноўнай.

Не адсіджваюцца і сяляне. Для прыкладу, у калгасе «Вольная праца» Круглянскага раёна 29 чэрвеня ў поле выйшлі 32 жанчыны, якія за дзень прапалолі 12 гектараў пшаніцы.

З кожным нумарам на старонках газет з’яўляецца ўсё больш і больш артыкулаў пра герояў-беларусаў. Ліпеньская «Звязда» піша: «У рукапашнай схватцы палітрука Мікалая Воранава ранілі ў нагу. Але заўважыўшы, што на лейтэнанта Гаўрылава насядаюць тры фашысты, ён кінуўся на выручку і закалоў аднаго з іх, яшчэ двух прыкончыў сам Гаўрылаў». Успамінаецца подзвіг снайпера Марозава, які знішчыў восем фашысцкіх «кукушак», дзявяты снайпер раніў яго ў плячо. Але, перасільваючы боль, герой лёг на спіну і збіў ворага. А подзвіг Клавы Паўлавай, паведамляе «Чырвоная змена», адзначыў сам маршал Савецкага Саюза Варашылаў. Не маючы сілы вынесці параненых з поля бою, дзяўчына размясціла іх у варонцы ад снарада, перавязала і напаіла.

У матэрыялах ваенных карэспандэнтаў адчуваецца, што жаданне знішчыць фашысцкую гадзіну не пакідала нават параненых. Так, 30 чэрвеня газеты надрукавалі замалёўку пра Гаўрыіла Бурцава, якому прастрэлілі нагу. Калі параненаму вайскоўцу загадалі аддаць зброю, ён бадзёрым голасам адказаў: «Асцярожна з ёй, гэта вінтоўка мне яшчэ спатрэбіцца».

Ад газет жудаснага 1941 года пераходжу да выданняў пераможнага 1944-га. Цікавае і нават камічнае паведамленне з 3-га Беларускага фронту перадае таварыш Труфанава: «Пасля абстрэлу мы ўзялі палонных. Адзін з нашых байцоў падскоквае да тоўстага, як свіння, фрыца, суне яму пад нос штык: нюхай! А той трасецца, бы асіна, і пішчыць на нашай мове: асцярожна, я генерал. Аказалася, і сапраўды генерал-маёр».

Высмейваюць газеты і паліцаяў. Трапляю на артыкул партызанкі Каці Захарэнка, у якім дзяўчына расказала, як здабыла сваю зброю: «Пачаўся бой, бачу, бяжыць паліцай, крычу: здавайся! Ён узняў рукі ў гору, кінуў вінтоўку. Я за яе і пачала «частаваць» ворага яго ж кулямі».

Амаль у кожным нумары шэраг нататак пра «чысты» ад фашысцкай навалы Мінск. Такім, напрыклад, пасля 3 ліпеня яго ўбачыў карэспандэнт В. Барысаў: «Бой толькі што сціх. Яшчэ ўсюды на вуліцах валяюцца забітыя немцы, кінутыя рэчы і зброя. Машыны, гарматы стаяць на вуліцах, на палях. Горад свабодны, але вакол многа гавораць аб баях, бясконца грукочуць танкі».

Ужо з 15 ліпеня, піша «Чырвоная змена», у гора-дзе працуюць тры кінатэатры, у якіх пабывала 95 тысяч гледачоў. На экранах паказаны «Фронт», «Два байцы», «Бітва за Севастопаль». Наладжваецца жыццё і ў мінскіх школах, якіх з 47 пасля вайны ў горадзе засталося 20.

Шчыруюць на вызваленай тэрыторыі і калгаснікі. З 15-га па 20 жніўня на дзяржаўныя склады паступіла ў два разы больш збожжа, чым меркавалася, паведамляе «Советская Белоруссия». Многія дастаўлялі збожжа на склады на чырвоных абозах, упрыгожаных сцягамі з надпісам: «Калгасная вёска — слаўным воінам Чырвонай Арміі».

У «Чырвонай змене» трапляю на цікавую нататку з Гомеля. У ёй паведамляецца, што камсамолка Голубева сабрала з хатніх гаспадынь брыгаду па аднаўленні горада. За 11 выхадаў жанчыны ачысцілі значную частку ложкавай фабрыкі, з пяці разбураных печаў адабралі некалькі тысяч прыгоднай для будоўлі цэглы.

А вось і ўласна журналісцкая навіна. Аказваецца 22 жніўня 1944 года ў Мінску выпушчаны тры газеты — «Звязда», «Советская Белоруссия» і «Чырвоная змена» — агульным тыражом 100 000 экзэмпляраў.

Людзі шмат чыталі і, безумоўна, пісалі. «Звязда» перадае, што Зіна Дайнека, паштальёнка калгаса «Пяцігодка», кожны дзень разносіць 150 пісем і 200 газет. Больш за ўсё ў вёсцы пішуць 65-гадоваму Андрэю Счыслёнку, у якога пяць сыноў-франтавікоў.

Словам, жыццё на тэрыторыі вызваленай Беларусі наладжвалася, хоць да канца вайны заставалася яшчэ больш, чым год.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter