Каму патрэбны аўтографы?

Паляванне на зорак

Давялося пабываць на выступленні Naviband у адным з мінскіх гандлёвых цэнтраў. Хлопец і дзяўчына малайцы: і спявалі выдатна, і публіку “запалілі”, і нават разявак, якія выпадкова трапілі на канцэрт, “загіпнатызавалі” застацца да фінальнай песні. Але здзівіла іншае — як пасля апошняй кампазіцыі, той самай, з якой музыкі адправяцца заваёўваць “Еўрабачанне”, Арцём з Ксюшай, развітаўшыся з фанатамі, раптам кінуліся бегчы ў невядомым напрамку.

Я, наіўная, і не зразумела адразу, чаму так адбываецца. І не паверыла б тлумачэнням іншых, калі б не ўбачыла на свае вочы, што ўся справа ў натоўпе назойлівых фанатаў з блакнотамі і камерамі ў руках, якія рынуліся ўслед за імі.

Не, сур’ёзна, сёння яшчэ палююць на зорак? Да таго ж і айчынных, якія ходзяць тымі сцежкамі, што і звычайныя людзі? Прыемна, канечне, што беларускіх артыстаў любяць і паважаюць, тысячамі падпісваюцца на іх старонкі ў сацыяльных сетках, раскупляюць квіткі на канцэрты, жадаюць займець сумесны фотаздымак — гэта таксама прымета папулярнасці. Але навошта ўсе гэтыя аўтографы? Каму і што яны даюць?

Відаць, гэта пытанне цікавіць не толькі мяне. У інтэрнэт-прасторы можна знайсці не адзін форум, прысвечаны гэтай тэме. І большасць удзельнікаў абмеркаванняў — у такім жа неўразуменні, што і я. “Звычайны подпіс, ну хай нават рукой вядомага чалавека, што ў ім такога?

І каб яшчэ ганяцца за ім і прыніжацца! Не разумею такога”. “Які сэнс у аўтографах? Першае, што прыходзіць у галаву, — “на памяць”.

А ў чым памяць? У тым, што калісьці сутыкнуўся дзесьці на долі секунды з жывым Васем Пупкіным? Вася Пупкін быў так казачна ласкавы, што нацягнуў на твар усмешку (што неабавязкова) і шоргнуў табе каракульку?”

Вядома, ёсць тыя, хто спрабуе знайсці тлумачэнне такой маніі. Маўляў, у кожнага свае замарочкі: хтосьці ад марак “прэцца”, хтосьці гербарыі збірае, а каму вось аўтографы падавай. Як і большасць хобі — для адных бессэнсоўнае, для другіх важнае. Іншыя тлумачаць жаданне атрымаць аўтографы тым, што фанаты проста хочуць кавалачак увагі ад усімі прызнанай знакамітасці, прычым персанальнай і ўнікальнай. Ёсць і больш прыземленыя меркаванні, быццам аўтографы і фотаздымкі знакамітасці — магчымасць крыху падзарабіць. Адзін з фарумчан на партале woman.ru падзяліўся, што яго бацька ў свой час калекцыяніраваў аўтографы расійскіх артыстаў: “У яго, да прыкладу, ёсць аўтограф Андрэя Міронава на тэатральнай праграмцы. Ведаеце, за колькі зараз можна прадаць аўтограф акцёра? Ад пяцісот долараў да некалькіх тысяч у залежнасці ад якасці, яркасці і таго, дзе ён зроблены”.

Вядома, меркантыльную мэту маюць адзінкі. Для большасці “паляўнічых” подпіс зоркі ці фота з ёю — магчымасць банальна пахваліцца перад знаёмымі і падняць сваю значнасць у іх вачах. Такія здымкі адразу выкладваюць у Facebook. І часцей за ўсё — ні слова пра выступленне, быццам увесь сэнс паходу на канцэрт быў у тым, каб зрабіць “зорнае” фота.

Не хочацца быць катэгарычнай. Упэўнена, ёсць тыя, каму гэтыя каракулькі і фотакарткі грэюць душу, навейваюць цёплыя ўспаміны і, магчыма, час ад часу ратуюць ад дэпрэсіўных думак: маўляў, бываюць у жыцці і пазітыўныя моманты, як вось гэты канцэрт або спектакль. Таму дзякуй тым артыстам, якія не шкадуюць часу на сваіх прыхільнікаў. Аднак і прыхіль-нікам, няглядзячы на сваю апантанасць, варта захоўваць здаровы розум і, калі артысты спрабуюць “улізнуць”, не бегчы па галовах адзін аднаго. Магчыма, знакамітасці не столькі не хочуць мець з вамі зносін, колькі проста спазняюцца на самалёты-канцэрты-сустрэчы... А калі сапраўды не хочуць, то навошта вам тады тая каракулька, накрэсленая з зубоўным скрыгатам?!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter