Як працуюць кантралеры без форменных камізэлек

Паляванне без камуфляжу

Кантралёры ў грамадскiм транспарце распранулiся. З 18 ліпеня форма не прадугледжана для рэвiзораў, якiя працуюць не толькі ў трамваях, але і ў тралейбусах. Карэспандэнт «Р» выйшла ў рэйд разам са спецыялicтамi тралейбуснага парка № 2, каб даведацца, чаму наспела неабходнасць у чарговым новаўвядзенні.

Кантралёрам абавязкова трэба мець пасведчанне, бэйдж і прыстасаванні для праверкі аплаты праезду

Нішто не новае пад Месяцам

У сакавіку «Мінсктранс» правёў эксперымент: кантралёры ў трамваях пачалі працаваць без форменных камізэлек. Тады начальнік кантрольна-рэвізорскай службы прадпрыемства Юрый Давідовіч адзначаў, што калі эксперымент пройдзе паспяхова, то кантралёраў без формы можна будзе сустрэць і ў іншых відах транспарту. I вось — практыка сябе апраўдала.

Пачынаем наш рэйд з прыпынку «Кінатэатр «Ракета» разам з кантралёрамі Святланай Сушай і Алесем Голышавым. Святлана Аляксандраўна працуе рэвізорам ужо 21 год і прызнаецца, што за гэты час сутыкнулася ўжо з многімі новаўвядзеннямі, якія так цi iнакш датычацца кантралёрскай формы:

— Калісьці мы ўжо працавалі ўвогуле без формы, потым увялі спецыяльную форму — спадніцы і пінжакі. Таксама некалькі разоў змянялі колер нашых камізэлек. Напрыклад, некалькі гадоў таму сінюю з яркімі жоўтымі ўстаўкамі вопратку замянілі на менш кідкую для вока. Таму гэтая практыка для мяне зусім не новая.

Ну, заяц, пачакай!

Заходзім у тралейбус № 36 — кантралёры пачынаюць праверку. Людзі рэагуюць спакойна, зайцаў у гэты раз мы не злавілі. Хтосьці з пасажыраў толькі зацiкаўлена пытаецца: «Цяпер і ў тралейбусах без формы? Гэта што, назаўсёды?»

Алесь Голышаў, які працуе кантралёрам толькі адзін месяц, гаворыць, што нават за гэты невялікі час з канфліктнымі людзьмі сутыкнуўся ўжо шмат разоў і часта гэтыя сваркi былі звязаны менавіта з адсутнасцю ў правяраючых форменных камізэлек.

Усяго ў Мінску працуюць 230 кантралёраў пасажырскага транспарту.

— Адзін спакойна рэагуе, другі — агрэсіўна. Спакойныя тыя, хто ўжо даведаўся праз СМІ, што мы цяпер так будзем працаваць. Бывае, толькі не вераць, што мы сапраўдныя кантралёры, просяць прад’явіць дакумент, — дадае яго калега.

Распазнаць кантралёра стала сапраўды амаль немагчыма — Святлана Аляксандраўна і Алесь выглядаюць як звычайныя пасажыры. Разам з тым, у работнікаў пры сабе абавязкова павінны быць пасведчанне, бэйдж з фота і пазначэннем пасады, а таксама прыстасаванні для праверкі аплаты праезду.

Едзем далей у бок Серабранкі, пачынаем праверку іншага тралейбуса. Тут без зайца не абышлося — на прыпынку з кантралёрамі выходзіць малады чалавек. Дакументаў у яго з сабой не было, таму па ўсіх правілах, кантралёры павінны вызваць міліцыю, каб скласці пратакол. Безбілетнік хоць і быў здзіўлены, даведаўшыся пра новаўвядзенне, але вёў сябе вельмі спакойна.

Добры метад

У кантрольна-рэвізорскай службе лічаць, што праца кантралёраў без форменных камізэлек паспрыяе таму, што безбілетнікам стане складаней ухіляцца ад адказнасці. Святлана Суша з гэтым пагаджаецца:

— Так, калі пачалі ездзіць без формы, колькасць аштрафаваных за безбілетны праезд значна павялічылася. У асноўным людзі проста перасталі заўважаць нас i выскокваць з транспарту ў апошнi момант. Зараз ім складаней сачыць, ці ёсць на прыпынку кантралёр.

Дакументаў у безбілетніка не знайшлося — кантралёры павінны вызваць міліцыю.

Усяго ў мінскай кантрольна-рэвізорскай службе працуюць 230 кантралёраў пасажырскага транспарту, яшчэ некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў плануецца набраць у бліжэйшы час.

Юлія МАТУЗАВА

yuliyamatuzova08@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter