
Яшчэ гадоў дзесяць таму квадрацыклы былі ў навінку, а зараз імі нікога не здзівіш. Праўда, і сёння яны не столькі сродак перамяшчэння, колькі дарагая цацка для аматараў мотатэхнікі. З кожным годам апошніх становіцца ўсё больш, і паводзяць яны сябе ўсё менш стрымана.
— Да нас паступаюць скаргі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, — расказвае аб праблеме начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольга Развякова. — Кіроўцы на квадрацыклах раз'язджаюць па палях — знішчаюць азімыя. Трэба з імі праводзіць тлумачальную работу.
Гэтая місія даручана супрацоўнікам міжраённага аддзела аператыўнага рэагавання і вышуку. Бо аператыўнасць пры вышуку безадказных квадрацыклiстаў — гэта якраз тое, што трэба.
Разам з начальнікам аддзела Аляксандрам Лаўрэнцiкавым і інспектарам Сяргеем Пятрэнкам накіроўваюся ў рэйд. Па наяўнай інфармацыі, байкеры панадзіліся на палі ў Гомельскім раёне. Па дарозе падпалкоўнік Лаўрэнцiкаў успамінае, што мець справу з ліхачамі на квадрацыклах ДАI ўжо даводзілася:
— Восенню быў адзін такі ў Буда-Кашалёўскім раёне. Дэманстратыўна выпіваў спіртное і ганяў па полі. Быў упэўнены, што ўсё роўна не зловім — маўляў, толькі яго ўсюдыход там пройдзе. Вядома, затрымалі, прыцягнулі да адказнасці. А праз нейкі час ён зноў трапіўся — п'яным арганізаваў гонкі на матацыкле. Тады ўжо атрымаў, як кажуць, па поўнай — зараз адбывае пакаранне.
За горадам да нас далучаецца кіраўнік аддзялення сельгаспрадпрыемства «Урыцкае» Мікалай Суглоб. Ён кажа, што ўжо другі тыдзень знаходзіць на палях характэрныя сляды пратэктараў.
— Вось, калі ласка, глядзіце, — Мікалай выбірае са снегу зялёныя лісткі. — Тут мы восенню азімы рапс пасеялі. А зараз што адбываецца: квадрацыклы буксаваць пачынаюць і сваімі коламі вырываюць расліны.
Па расказах мясцовых, мода на снежныя ралі з'явілася нядаўна. Забаўляюцца ў асноўным прыезджыя з горада. Байкеры, далёкія ад сельскай гаспадаркі, магчыма, нават не здагадваюцца, якую шкоду яны наносяць пасевам.

Даволі доўга курсіруем па дарозе, імкнучыся асабліва не набліжацца да палёў. Здаецца, што сёння нікога не ўбачым, але ж на лаўца і звер бяжыць. Дакладней — з эфектным ровам носіцца па полі. Патрульны пазадарожнік спыняецца на краі. Аляксандр Лаўрэнцiкаў уключае сірэну і загадвае праз гучнагаварыцель:
— Кіроўца, выязджаем на праезную частку! Вы псуяце пасевы!
Зірнуўшы праз плячо, мужчына дадае хуткасці. На што ён разлічвае — незразумела. Мабыць, спадзяецца ўцячы па заснежанай пустэчы.
— Ну што ты будзеш рабіць?! — узрушваецца маёр Пятрэнка і націскае на газ. — Як малое дзіця, шчыра кажучы...
УАЗ ірве з месца ў кар'ер. Пагоня доўжыцца нядоўга. Усвядоміўшы, што не ўцячы, мужчына глушыць рухавік. Высвятляецца, што квадрацыкл яму не належыць — узяў пакатацца ў прыяцеля. Дакументаў на тэхніку няма. За непадпарадкаванне патрабаванням інспектара і адсутнасць тэхпашпарта складаецца пратакол. Транспарт будзе чакаць гаспадара на штрафстаянцы.
Парушальнік да гутаркi не схiльны. Анкетныя даныя для пратакола называе праз зубы. Пры гэтым бурчыць:
— Сельгасугоддзі нейкія... Мне адкуль ведаць? На іх нiчога не напісана. Хоць бы таблічку паставілі, што ездзіць забаронена. Я проста катаўся, і ўсё. Нельга, ці што?
У тым і справа, што нельга. Сёння квадрацыклы і снегаходы не рэгіструюцца ў ДАІ, не маюць нумарных знакаў. Таму і рухацца на іх па дарогах агульнага карыстання забаронена. Узнікае і шэраг іншых праблем. Як, напрыклад, шукаць транспарт у выпадку крадзяжу? Якую катэгорыю ў пасведчанні павінен мець кіроўца? І, дарэчы, нават іх колькасць на сёння невядома. Па той жа прычыне — з-за адсутнасці ўліку.
Ліквідаваць усе гэтыя недахопы закліканы новы рэгламент, які пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2018 года.
Фота Артура ПРУПАСА
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ