Карэспандэнт «Р» дапамагала інспектарам лавіць браканьераў

Паляўнічыя на правале

Браканьеры, нягледзячы на велізарныя штрафы, не пакідаюць спроб разжыцца рыбай або дзічынай. Аднак і супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце не дрэмлюць. На праверку інфармацыі, што ноччу трое парушальнікаў збіраюцца паляваць без дазволу, яны згадзіліся ўзяць с сабой карэспандэнта «Р».

Мы выпраўляемся а дзявятай гадзіне вечара. У машыне, магутным джыпе, зусім не падобным на звыклыя «Нівы» і УАЗы, чацвёра ўзбро­еных мужчын у камуфляжы. Куды менавіта кіруемся, да апошніх хвілін трымаецца ў сакрэце, каб пазбегнуць уцечкі інфармацыі. Толькі дзякуючы дарожным паказальнікам разумею, што знаходзімся ў Лагойскім раёне.

У заблытаных спляценнях лясных сцежак інспектары разбіраюцца з дапамогай карты

Дарога хутка ператвараецца ў разбітую гравійку. Джып асцярожна паўзе па калдобінах, матор працуе ледзь чутна. Інспектары аглядаюць абочыну з ліхтарыкамі — вопытнаму воку шмат скажуць прымятая трава, збітая раса і нават пырскі вады з лужын. Крыху пазней вадзіцель увогуле гасіць фары, а таксама закрывае прыборную панэль, якая свеціцца лямпачкамі. Ён пільна ўглядаецца ў дарогу праз прыбор начнога бачання.  

— Вось кукурузнае поле. Сюды прыходзяць паласавацца кабаны, алені, ласі, — Мікалай Самец, начальнік аператыўнага аддзела Мінскай абласной дзяржаўнай інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету, паказвае рукой некуды ў цемру. — У мінулыя выхадныя тут стралялі браканьеры. Хутчэй за ўсё, нікога не здабылі; ва ўсякім разе, слядоў крыві мы не знайшлі. Кажуць, і сёння збіраліся…

Машына з’язджае з да­рогі на прасеку і мет­раў праз сто спыняецца. Трое інспектараў паспешлі­ва апранаюць «разгрузкі», узбройваюцца біноклямі, прыборамі начнога бачан­ня, сігнальнымі ракетамі, рацыямі. Мне загадваюць чакаць у машыне, з ва­дзі­целем. Паляванне на бра­каньераў — занятак небяспечны: ніколі не ведаеш, што могуць выкінуць загнаныя ў кут, але ўзброеныя і часта нецвярозыя людзі…

Павольна цягнуцца хві­ліны. Спачатку мы ціха раз­маўляем, потым змаўкаем. Глыбокая ноч, але сну — ні ў адным воку. Пры любым шораху яго змывае магутная хваля адрэналіну. О! Раптам на дарозе з’яўляецца святло фар. З заміраннем сэрца гляджу, як аўто паволі сунецца па дарозе. Здаецца, запавольвае рух там, дзе мы павярнулі ў лес. Няўжо прыедзе сюды?! Не, рухаецца далей. Голасам Мікалая Мікалаевіча рацыя пытаецца, ці не завіталі да нас госці, і рэкамендуе, «калі што», сыграць закаханых.

Акцёрскае майстэрства не спа­трэбілася, машына знікае. Мусіць, вяртаўся дадому нехта з жыхароў мясцовых вёсачак. Яшчэ некалькі гадзін інспектары бясшумна патрулююць наваколле, а мы пільна прыслухоўваемся да кожнага гуку і ўглядаемся ў цемру. Потым праязджаем ляснымі дарогамі. З парушальнікаў спакою — толькі грыбы, якія літаральна абступілі каляіну, непалоханыя зайцы ды нехта падобны на янота.

Шчыра скажу, я расчаравана. Да браканьераў у мяне асабістыя рахункі: хіба справядлівы паядынак паміж сытым, цёпла апранутым чалавекам са зброяй і безабароннай жывёлай, у арсенале якой толькі зубы ды кіпцюры або рогі ды капыты…  

Бярвенні ў кузаве ЗІЛа не адпавядаюць заяўленаму ў дакументах

— Можа, перадумалі. Можа, усё ж адбылася ўцечка інфармацыі, — разважае Вадзім Верабей, старшы інспектар. — Не выключаю, што нас усё ж заўважылі — тыя, хто займаецца незаконнай здабычай жывёл, выдаткоўваюць вялікія грошы на цеплавізары, GPS-навігатары, радыё­стан­цыі, прыборы начнога бачання.  

На досвітку кіруемся да вадаёмаў — самы час для рыбакоў, пры­чым не заўсёды законапаслух­мяных. Праязджаем «акваторыю» Гайны, Ушы, Бярэзіны. Інспектары пільна аглядаюць берагі ў магутны бінокль, але парушэнняў правіл рыбалоўства не знаходзяць.

Далейшы напрамак маршруту — Бярэзінскі раён.

— Інспекцыя выяў­ляе парушэнні не толькі ў паляванні і рыбалоўстве, але і ў сферы лесакарыстання, — тлумачыць Мікалай Самец. — У Любанскім раёне зараз высякаюць лес, які ўсох з-за караеда. Праз Бабруйск машыны кіруюцца на Беразіно і Барысаў, на дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны. Некаторыя імкнуцца парушыць правілы. Бывае, выпісаны дакументы, але не адпавядаюць інфармацыі ў іх пародны састаў, колькасць, вага, дыяметр бярвення…

З раніцы на дарозе пуста, а вось пасля абеду інспектары толькі паспяваюць спыняць лесавозы. Бывае, каля нашага джыпа выстройваецца чарга з пяці грузавікоў. У большасці дакументы ў парадку. Але вось ЗІЛ, нагружаны бярвеннем, інспектараў зацікавіў. Таварна-транспартная накладная выпісана іншай датай, а лес у кузаве яўна не адпавядае заяўленаму.

— Машына ламалася, толькі сёння выбраліся, — апраўдваецца малады чарнявы вадзіцель.

— Бывае, — згаджаецца Мікалай Мікалаевіч. — А чаму бярвенні не 2 метры, як выпісаныя, а 125 сантыметраў?

Дарэчы, 125 санты­метраў — самая рас­паўсюджаная даўжыня дошкі для вытворчасці паддонаў, вінаградных калоў, якія потым экспартуюць у краіны Еўропы.

— Дык мы на месцы распілавалі!

Інспектар зноў не спрачаецца. Замест гэтага цікавіцца, дзе ж тады астатнія кавалкі па 75 см. Тут хлопец губляецца і ў чаканні падтрымкі паглядае на дваіх сяброў. Але і тыя дапамагчы не могуць.

Каб зразумець, што адбылося з лесам, даводзіцца ехаць аж у Ялізава Магілёўскай вобласці — менавіта адтуль вязуць лес. Там і высвятляецца, што аднойчы хлопцы ўжо забралі дровы па накладной. Відаць, потым вырашылі  наведацца яшчэ раз. Без усялякага дазволу і аплаты яны загрузілі ў машыну цэлы штабель.

Бярвенне вяртаецца Асіповіцкаму доследнаму лесхозу. У дачыненні да кожнага з трох «лесарубаў» састаўлены адміністратыўны пратакол за крадзеж. Штраф за такі ўчынак — ад 10 да 30 базавых велічынь. Канкрэтную суму зладзюжкам вызначыць суд.

Нашы палявыя кантрольныя мерапрыемствы заканчваюцца больш чым праз суткі — аб адзінаццатай гадзіне. Што ж, хоць браканьераў і не злавілі, працавалі недарма.

nevmer@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter