Палова льналiнii

На пачатку верасня мінулага года завяршылася мадэрнізацыя Пастаўскага льнозавода
На пачатку верасня мінулага года згодна з графікам завяршылася мадэрнізацыя Пастаўскага льнозавода. На самай жа справе ўзведзена абсалютна новае прадпрыемства: вытворчы корпус з дзвюма лініямі — доўгага і кароткага валакна, кацельні, фільткамеры па ачыстцы кастрыцы ад пылу, тры шохі агульнай умяшчальнасцю на 6 тысяч тон сыравіны. Усё гэта каштавала каля 37 мільярдаў рублёў.


Трэба аддаць належнае кіраўніцтву раёна і самога прадпрыемства, якія знайшлі людскія і матэрыяльныя рэсурсы, каб завод быў запушчаны ў тэрмін. Падрыхтаваны спецыялісты: кіроўцы, слесары, электрыкі.

Аўтару гэтых радкоў давялося бачыць першыя дні работы новага завода. Настрой у людзей быў прыўзняты, нават нягледзячы на тое, што аўтаматызаваныя лініі раз-пораз спыняліся. Тады наладчыкі тлумачылі гэта тым, што абсталяванне даволі складанае, ідзе яго прыцірка, якая закончыцца праз тыдзень-два.

Аднак мінула ўжо больш як чатыры месяцы з даты пуску, а воз, як кажуць, і цяпер там. Лініі па-ранейшаму прастойваюць з-за частых паломак. У выніку з 1 верасня па 17 снежня перапрацавана 96,9 тоны льнотрасты сярэднім нумарам 1,5. А маглі зрабіць гэта за адзін тыдзень.

Дагавор на пастаўку абсталявання, яго мантаж і вывад на праектную магутнасць быў заключаны пастаўчанамі з РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі», які, дарэчы, імпартнае абсталяванне дапаўняў уласна вырабленым. На жаль, спецыялісты цэнтра сумесна з прадстаўнікамі фірмы VANHAUWAERT хоць і рабілі вызначаныя захады, але на праектную магутнасць лінію так і не вывелі. На дадзены момант, паводле інфармацыі кіраўніцтва завода, дзесьці толькі напалову.
Дырэктар льнозавода Пётр Скурко накіраваў на адрас РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» ліст з настойлівай просьбай выканаць умовы дагавора.

І апошняе, як выявіла праверка ДУ «Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя», запыленасць у вытворчых памяшканнях завода перавышае норму ў некалькі разоў. А таму Пастаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў нават прадпісанне наогул прыпыніць работу прадпрыемства.

КОММЕНТАРИЙ генерального директора НПЦ НАН Беларуси по механизации сельского хозяйства Сергея ЯКОВЧИКА:

— Действительно, есть проблемы в адаптации нового  бельгийского оборудования. Отсюда — и сбои в работе, запыленность в цехах. На Поставский льнозавод выехала группа наших самых квалифицированных сотрудников. Они устранят все недостатки, условия договора обязательно выполним. Рассчитываем до конца месяца вывести автоматизированную линию на проектную мощность.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


Р.S. Калі матэрыял здаваўся ў друк, на заводзе сабраўся штаб з удзелам прадстаўнікоў НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі, на якім абмяркоўвалася пытанне выхаду з сітуацыі і вываду завода на праектную магутнасць. Працуе таксама спецыяльная брыгада спецыялістаў, перад якой пастаўлена задача нармалізаваць узровень запыленасці на вытворчасці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter