Минск готов стать местом нового диалога по вопросам безопасности в Евро-Атлантике и Евразии

Палітычны транзіт: Мюнхен — Мінск

Гэтымі днямі ў масмедыя шмат гаварылася пра бяспеку. Найперш, пра міжнародную. У нямецкім Мюнхене, на нядаўняй аднайменнай канферэнцыі па бяспецы, сучаснае становішча ў гэтай найважнейшай галіне ў свеце параўналі з галаваломкай альбо мазаікай, якую рассыпалі і раскіданыя часткі якой да адзінай карцінкі зараз няма каму сабраць... 

news-front.info

На фоне супярэчлівых падзей апошняга часу — пачатку некантралюемай гонкі ўзбраенняў, якая цяпер нагадвае “славутыя” часы халоднай вайны, пагрозы міжнароднага тэрарызму, унутранага крызісу ў Еўрасаюзе і ў адносінах традыцыйных еўраатлантычных партнёраў з ЕС і ЗША, гандлёвых войнаў, а таксама сістэмнага супрацьстаяння паміж Усходам і Захадам — лідарам ключавых дзяржаў, ва ўмовах пераасэнсавання і, па-сутнасці, разбурэння ранейшай сістэмы міжнароднага права, становіцца ўсё цяжэй захоўваць цвярозае мысленне адносна прыняцця важных і адказных рашэнняў сусветнага парадку дня. 

Недарэмна гаспадар вышэйназванай Мюнхенскай канферэнцыі Вольфганг Ішынгер напярэдадні знакавага мерапрыемства літаральна заклікаў вядучых палітыкаў планеты, каб яны гаварылі “адно з адным, а не адно аб другім”. Былы нямецкі дыпламат нагадаў усім удзельнікам высокага форуму: Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы стваралася падчас распаўсюджвання ідэй халоднай вайны менавіта з мэтай — адсунуць СССР як мага далей ад еўрапейскіх межаў. 

Між іншым, напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя — у разгар халоднай вайны — ЗША і СССР распачалі разгортваць у Еўропе свае ядзерныя сілы. І толькі праз пэўны час, у 1975 годзе, Хельсінскім заключным актам па бяспецы сусветнаму істэблішменту ўдалося зацвердзіць тагачасную палітыку разрадкі міжнароднай напружанасці: гэтым дакументам 35 дзяржаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі замацавалі прынцыпы існавання міралюбнага і гуманнага парадку ў Еўропе. 

Наша краіна даўно і цвёрда зарэкамендавала сябе ў якасці аўтарытэтнага донара рэгіянальнай бяспекі і актыўнага ўдзельніка разнастайных інтэграцыйных працэсаў. Сёння Мінск мае намер стаць месцам новага шырокамаштабнага дыялогу па пытаннях бяспекі дзяржаў у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. 

Знешнепалітычнае ведамства Беларусі будзе і надалей садзейнічаць агульнаму дыялогу па ўмацаванні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, каб узняць узровень падобных дыскусій для далейшага прыняцця па іх выніках канкрэтных палітычных рашэнняў. 

Паводле слоў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея на пашыраным пасяджэнні калегіі ведамства, якога цытуе Беларускае тэлеграфнае агенцтва, далейшае павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і сусветнай палітыцы застаецца сёлета галоўнай палітычнай задачай для Міністэрства замежных спраў. 

З гэтай нагоды кіраўнік знешнепалітычнага ведамства канстатуе: па меры таго, як у свеце пагаршаецца сітуацыя ў сферы бяспекі, у партнёраў Беларусі, у тым ліку заходніх, умацоўваецца адчуванне своечасовасці і мэтазгоднасці беларускай ініцыятывы аб наладжванні новага палітычнага дыялогу, адпавядаючага Хельсінскаму працэсу. “У 2019 годзе нам неабходна нарошчваць крытычную масу прыхільнікаў гэтай ідэі, настойліва лабіраваць палітычныя эліты, грамадскія структуры, экспертныя супольнісці”, — падсумоўвае Уладзімір Макей. 

Кіраўнік беларускай дыпламатыі асобна падкрэсліў шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу і тэму дыверсіфікацыі знешнеэканамічнай дзейнасці: “Дакладна выконваючы свае абавязацельствы ў межах стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, Беларусь працягвае ўмацоўваць тэндэнцыю да нармалізацыі стасункаў на еўраатлантычным вектары”. Падкрэслівалася, што для нашай краіны мінулы год быў “адначасова напружаным і выніковым” — у няпростых знешніх умовах наша краіна вытрымала курс на забеспячэнне суверэнітэту і развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. 

Як стала вядома, на калегіі МЗС Беларусі падводзіліся вынікі працы міністэрства за мінулы год і вызначаліся знешнеэканамічныя задачы на бліжэйшую перспектыву. Не сакрэт, што ў апошнія гады “эканамічнай дыпламатыі” ў нас надаецца вялікая ўвага — мэтанакіраваная праца дзяржавы ў згаданым накірунку дае свой плён. Так, летась, па выніках знешнеэканамічнай дзейнасці, беларускі экспарт тавараў склаў 33,7 мільярда долараў, узняўшыся на 15,3 працэнта адносна 2017-га. У вартасным выражэнні экспарт вырас да ўзроўню 4,5 мільярда долараў. Рост айчынных экспартных паставак у 2018-м забяспечылі 42 замежных установы рэспублікі, недастатковы ўзровень працы паказалі 15 дыпмісій.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter