Слова “палітыка” сёння, як ні дзіўна, становіцца ў адзін шэраг з лаянкай

Палітэканоміка

Слова “палітыка” сёння, як ні дзіўна, становіцца ў адзін шэраг з лаянкай. Асабліва ў банкаўскіх колах. Міжнародны валютны фонд зрабіў выснову, што “глабальная палітычная няпэўнасць уплывае на рост сусветнай эканомікі”. Аналітычная падстава: рэформы ў Кітаі, выхад Вялікабрытаніі з ЕС, прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Дарэчы, палітычныя праблемы ёсць і ў іншых дзяржавах.

Эксперты ўпэўнены — згаданыя падзеі негатыўна ўплываюць на арганізацыю таргоў, інвестыцыі, стан агульнага рынку. Сюды, як мне падаецца, трэба дадаць ваенна-палітычную і эканамічную няўстойлівасць  у некаторых рэгіёнах планеты, шматлікія лініі падзелу, блокавае супрацьстаянне Усходу і Захаду, адсутнасць пошуку кампрамісаў.

З гэтых прычын быў пагоршаны прагноз росту сусветнай эканомікі на 2016—2017 гады. Усё гэта можа паўплываць на гандаль, справакаваць рэзкі рост тарыфаў, іншых гандлёвых перашкод, павялічыўшы цэны на імпарт на міжнародным узроўні на 10 працэнтаў. Так, у наступным  пяцігоддзі экспарт упадзе на 15 працэнтаў, спажыванне скароціцца на два працэнты, на столькі ж зменшыцца і рост сусветнай эканомікі. Найгоршы прагноз МВФ — інвестыцыі ў асобных краінах знізяцца на 18 працэнтаў.

Напрыклад, паводле аналізу мінфіна Вялікабрытаніі, жорсткі сцэнарый выхаду краіны з ЕС (у выніку Brexit) штогод будзе каштаваць эканоміцы каралеўства ад 38 да 66 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў на працягу 15 гадоў. Лондан, хутчэй за ўсё, страціць статус найбуйнейшага фінансавага цэнтра Еўропы.

Еўрасаюз пакуль не можа дамовіцца са Злучанымі Штатамі па ўваходжанні — на амерыканскіх умовах — у славутае Трансатлантычнае гандлёвае і інвестыцыйнае партнёрства. Пакуль паміж імі няма кансэнсусу, а ёсць толькі чысты пратэкцыянізм.

Міжнародныя фінансісты б’юць трывогу: глабальны астранамічны  доўг дайшоў да “пункту кіпення”. Уплывовы эканаміст Нік Балкі ўпэўнены: праз восем гадоў пасля крызісу 2008 года ў свеце існуюць умовы для яшчэ больш разбуральнага даўгавога крызісу. У сувязі з чым адзначаецца негатыўная роля цэнтрабанкаў, што “накачалі свае нацыянальныя эканомікі дзясяткамі трыльёнаў долараў, парушыўшы баланс сусветнай фінансавай сістэмы”.

“Дрэнных” пазыкаў больш за ўсё назапашана ў прыватным сектары індустрыяльна развітых краін (пасля 2008-га павелічэнне на 35 працэнтаў ВУП). Сітуацыя пагаршаецца нізкім узроўнем заработнай платы і ростам коштаў на жыллё, што выклікае дадатковую крэдытную экспансію.

Такая вось палітэканоміка. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter