Электронны рэцэпт, вiртуальны кабiнет пацыента i планшэты ў хуткай дапамозе: мінская медыцына пераходзiць на лiчбавы фармат

Паліклініка заўтрашняга дня

Для ўсіх медыцынскіх устаноў Мінска створаць адзіную інфармацыйную прастору. Плануецца, што ўкараненне новых тэхналогій павысіць якасць, даступнасць, аператыўнасць і індывідуальны падыход пры аказанні меддапамогі. Карэспандэнт «Рэспублікі» высвятляла, для чаго выязныя брыгады хуткай дапамогі аснасцяць планшэтамі і як пацыент зможа даведацца пра вынікі аналізаў праз інтэрнэт-партал.


Завяршыць інфарматызацыю медустаноў Мінска плануюць да 2020 года, паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме старшыня камітэта па ахове здароўя Сяргей Малышка. Даныя аб пацыентах будуць у агульнай базе — так рэалізуецца прынцып «Інфармацыя ідзе за пацыентам». Сяргей Малышка нагадаў, што жыхары горада ўжо зараз могуць, выкарыстоўваючы электронныя сэрвісы, запісацца на прыём да спецыяліста або атрымаць выпіску з амбулаторнай карты. У планах — паступова адмовіцца ад папяровых дакументаў.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца сярод мінчан тэхналогія «Электронны рэцэпт», падзяліўся з карэспандэнтам «Рэспублікі» першы намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Дзмітрый Чараднічэнка:

— Да яе падлучаныя ўсе паліклінікі горада і дзяржаўныя аптэкі, а да 1 ліпеня далучацца астатнія медустановы: стацыянары, дыспансеры і стаматалагічныя паліклінікі.

Завяршыць інфарматызацыю медустаноў Мінска плануюць да 2020 года.

Таксама Дзмітрый Чараднічэнка дадаў, што зараз вядуцца работы над парталам, дзе пацыент зможа атрымаць доступ да сваёй медыцынскай карткі. У гараджан з’явіцца магчымасць праглядзець вынікі апошніх аналізаў, адмяніць і заказаць талон на прыём да ўрача, атрымаць інфармацыю па здаровым ладзе жыцця або праверыцца на фактары рызыкі па канкрэтным захворванні. Інфармацыя аб кожным пацыенце будзе абаронена — зайсці ў асабісты кабінет можна будзе толькі па пашпартных даных. У планах таксама распрацаваць мабільныя праграмы, праз якія змогуць праводзіць апытанні насельніцтва, прадастаўляць гараджанам інфармацыю аб пошуку донараў і правядзенні акцый.

Яшчэ адзін важны праект датычыцца аўтаматызацыі працы хуткай медыцынскай дапамогі. Выязныя брыгады да канца года забяспечаць планшэтамі. Так урачы змогуць аформіць электронную карту выкліку і атрымаць доступ да медыцынскай карткі пацыента ў паліклініцы. Акрамя таго, будуць укараняць тэхналогіі, якія дазволяць праводзіць маніторынг месцазнаходжання брыгад з візуалізацыяй на электроннай карце горада — гэта павысіць узровень кіравання шпіталізацыяй і аператыўнасць рэагавання ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter