13 верасня ў петрыкаўскіх Ляскавічах прайдзе Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья».

Палессе кліча

Усяго  нічога — 18 дзён — засталося да самага шыкоўнага свята самабытнасці палешукоў...
Усяго нічога — 18 дзён — засталося да самага шыкоўнага свята самабытнасці палешукоў. 13 верасня прадстаўнікі 11 раёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны збяруцца ў петрыкаўскіх Ляскавічах на Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья». «СГ» як інфармацыйны партнёр праекта рыхтуе спецыяльны выпуск да ляскавіцкага форуму. Але з сённяшняга нумара мы пачынаем прыадкрываць заслону таямніцы, чым уразіць на фэсце кожны з палескіх рэгіёнаў-удзельнікаў.

Першы з іх — Столінскі раён. Знаёмцеся!


У 99 населеных пунктах раёна налічваецца каля 80 тысяч жыхароў 28 нацыянальнасцей. А вяскоўцаў больш за 50 тысяч. На тэрыторыі Століншчыны два дзяржаўныя заказнікі — «Альманскія балоты» і часткова «Сярэдняя Прыпяць». Што датычыцца культурнага жыцця, тут дзейнічае 50 бібліятэк, 3 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 дзіцячыя музычныя школы, тры карцінныя галерэі, цэнтр ганчарства, Дом народнай творчасці, два дамы фальклору, раённы Краязнаўчы музей з трыма філіяламі. 14 калектываў мастацкай самадзейнасці ўдастоены званняў народны і ўзорны і двум калектывам прысвоена званне заслужаны.

Хадзiла хадуном вяселле


КАРАНІ заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Выцінанка» гарадскога Дома культуры вядуць у мінулае стагоддзе, калі ў раёне актыўна дзейнічала народная агітбрыгада «Вестуны» і ёй акампаніравалі некалькі самабытных музыкаў.


Пад іх мелодыі ствараліся і кампазіцыі мясцовага народнага ансамбля танца «Рэха». А назву калектыву даў заўзяты самародак, які валодаў многімі музычнымі інстументамі, былы дырэктар Давыд-Гарадоцкай музычнай школы франтавік Фёдар Украінец. У вайну Фёдару Піліпавічу давялося быць армейскім шаўцом. З немагчымага не выкройваў, а выцінаў для воінаў вопратку. І музыку цудоўную выцінаў на народных інструментах. Вось і прапанаваў разам выцінаць мелодыі Палескага краю.


Тры дзесяцігоддзі ўжо дорыць калектыў свае музычныя выцінанкі. У 1992 годзе атрымалі званне народнага калектыву. Значна ўзбагаціў музычную палітру творцаў Пётр Астапчук, якому пашчасціла з дзяцінства слухаць у роднай вёсцы Арлы віртуозныя мелодыі лядзецкіх музыкаў, захапляцца іх манерай трымацца перад публікай.


— Як памятаю сябе, мяне цягнула да музыкі, — прызнаецца Пётр Астапчук. — Гэта заўважылі мае бацькі і аднойчы ўзялі з сабой на вяселле, дзе ігралі нашы вясковыя музыкі. Вяселле хадуном хадзіла ад гарэзлівых музыкаў. Так хацелася мне хаця б у бубен пагрукаць, але не асмеліўся нават падысці да вусатага дзядзькі. Пасля гэтага вяселля яшчэ больш загарэўся я музыкай. Стаў запамінаць песні старэйшых землякоў.


Бацька купіў сыну гармонік, і Пеця пачаў падбіраць мелодыі на слых. За кароткі час засвоіў баян. Тэарэтычныя асновы музыкі спасцігаў у Беражноўскай музычнай школе, што дало яму магчымасць паступаць у Брэсцкае музычнае вучылішча. З некалькі заўзятых музыкаў «Выцінанка» вырасла да саліднай групы прафесіяналаў. Скрыпка, кларнет, труба, гармонік, бубен і салісты з танцавальнай групай складаюць абноўлены калектыў, які ў снежні 2004 года ўдастоены звання заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь. Трубач Васіль Цярлецкі, які стаў канцэртмайстрам, салістка Надзея Самайлюк і Пётр Астапчук цяпер ужо ветэраны калектыву. Памятаюць усе этапы яго станаўлення. 


Выязджаюць самадзейныя артысты і ў творчыя экспедыцыі па населеных пунктах Палесся, пераймаюць аўтэнтычнасць выканання народнай музыкі на тым ці іншым інструменце, асаблівасць музычнай мовы, тэмбравых фарбаў, падгалосачную паліфанію. На аснове народнай музыкі і песень у «Выцінанцы» стварылі кампазіцыю «Столінскія музыкі»  з асобных яркіх каларытных канцэртных нумароў, якія яскрава адлюстроўваюць самабытнасць палескага куточка, дзе спрадвеку ў кожнай вёсцы свае адмысловыя спевы і забавы. 


За тры дзесяцігоддзі творчай дзейнасці калектыў стаў сапраўднай лабараторыяй па зборы і апрацоўцы музычнага фальклору Палесся. У трэці раз гэты заслужаны аматарскі калектыў пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука прыме ўдзел у фестывалі «Зов Полесья», да якога падрыхтавана абсалютна новая канцэртная праграма.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter