Интервью с ветераном-минометчиком

Палескi мiнамётчык

«На фронце мы былі адзінай згуртаванай камандай», — адзначае ветэран вайны і працы Капітон Максімовіч
«На фронце мы былі адзінай згуртаванай камандай», — адзначае ветэран вайны і працы Капітон Максімовіч 

СЁЛЕТА восенню дзевяноста гадоў споўніцца ветэрану вайны і працы Капітону Міхайлавічу МАКСІМОВІЧУ з палескай вёскі Харомск, што выцягнулася ўздоўж шляху паміж старажытнымі Давыд-Гарадком і Столінам. Баявыя заслугі франтавіка, што і сёння жыве ў гэтай вялікай вёсцы, уганараваны медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіей”, “За вызваленне Прагі” і шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі, граматамі. 



УСЕ пасляваенныя гады да выхаду на пенсію Капітон Міхайлавіч працаваў калгасным жывёлаводам. З жонкай Марыяй Іванаўнай пражылі больш за шэсцьдзясят гадоў, выхавалі і далі вышэйшую адукацыю сынам Анатолю і Міхаілу, якія пасля вучобы засталіся жыць і працаваць у родных мясцінах.

Густанаселены палешукамі куток міжрэчча Гарыні і Прыпяці заўжды вызначаўся своеасаблівай самабытнасцю. У адрэзаныя векавымі балотамі ад усяго свету палескія вёскі ў апошнюю чаргу даходзілі важныя навіны. Занятыя гаспадарчымі справамі жыхары гэтага аддаленага куточка не адразу даведаліся пра вераломнае нападзенне нямецка-фашысцкіх войскаў на нашу вялікую краіну. 

Хутаранін Міхаіл Аляксеевіч разам з адзіным сынам Капітонам дакасілі балаціну, якая падступала да іх глухога хутара Жураўлёўка, што ўзвышаўся сярод нізін на высокім пясчаным беразе перасохлага возера, і надвячоркам вярталіся дамоў з думкай, што, пакуль заўтра будуць святкаваць, пакосы пасохнуць і можна будзе павярнуць іх. 

Гаспадарку хутаране Максімовічы трымалі вялікую. На лузе пасвіліся некалькі кароў з цялятамі, коні, авечкі. Амаль дзесяць гектараў спадчыннай зямлі дасталося ад бацькоў. Круглы год хапала спраў гаспадарам на хутарскіх угоддзях. Летнім часам жонцы ў полі дапамагала старэйшая дачка Надзея. А маленькая Любачка толькі на ногі станавілася. 

У нядзелю ўсёй сям’ёй збіраліся наведаць сваякоў. Раніцай пасля сняданкі адразу пачалі збірацца ў дарогу. Толькі Капітон прывёў з лугавіны каня, каб запрэгчы, як звыклую цішыню абудзіў незвычайны гул, з-за лесу вынырнулі самалёты і нізка над зямлёю панесліся на ўсход. Трывога агарнула сэрцы хутаран. Усю дарогу толькі пра гэта і  гаварылі. А ў вёсцы даведаліся пра страшэнную навіну — пачалася вайна. 

Праз некалькі дзён пачулі ад людзей, што непадалёку ад хутара праз раку Прыпяць гітлераўцы перавезлі лодкамі матацыклы на прыстань Нырча, а ў райцэнтры Давыд-Гарадок атабарыўся цэлы варожы гарнізон. Па навакольных вёсках Рубель, Белавуша, Альшаны, Сямігосцічы, Харомск групоўкі варожых салдат забіралі з падворкаў жывёлу, а моладзь гналі на працу ў Германію. Вяскоўцы сем’ямі хаваліся ад акупантаў у лесе. З Давыд-Гарадка знаёмыя паведамлялі, што фашысты збіраюцца прыслаць для расправы з насельніцтвам дывізію эсэсаўцаў. Хутаран ад нахабных карнікаў ратавала аддаленасць ад шляху, па якім курсіравалі фашысцкія войскі.

З першых дзён акупацыі ў густых палескіх пушчах пачалі фарміравацца атрады народных мсціўцаў, колькасць якіх хутка павялічвалася, і яны рашуча займаліся дыверсійна-падрыўной дзейнасцю. За першы месяц акупацыі палескія партызаны ўзарвалі больш за пятнаццаць дарожных мастоў, што стрымлівала перасоўванне варожых сіл. Мясцовыя жыхары падтрымлівалі народных мсціўцаў вопраткай і харчаваннем. 

— Заскоквалі партызаны і ў наш глухі куток, — узгадвае дзевяностагадовы ветэран вайны і працы Капітон Максімовіч. — Са свайго хутара мне добра было відаць, як з бліжэйшага лесу прыскакалі вершнікі і спыніліся каля падворка суседа Тарасюка, хутар якога межаваў з нашым. Са зброяй у руках некалькі мужчын накіраваліся ў хату. Па вопратцы і зброі зразумела было, што гэта народныя мсціўцы, пра якіх даводзілася шмат чуць. У гаспадара хаты яны доўга не затрымаліся. Выйшлі ў двор, развіталіся і хуценька паўскоквалі на коней. Толькі іх і бачылі. Галопам панесліся па пыльным шляху да ляснога гушчару. 

Пра смелыя дзеянні палескіх партызан сведчаць гістарычныя дакументы. У дакладной запісцы байцоў Столінскага партызанскага атрада І. А Гяросева і Я. С. Уздзінскага ў ЦК КП(б)Б аб дзейнасці і стане атрада летам і восенню 1941 года, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, адзначаецца, што ў першыя месяцы нямецка-фашысцкай акупацыі атрадам выведзена са строю 100 кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, разгромлена варожая групоўка каля вёскі Вайковічы, у ходзе якой было знішчана 12 гітлераўцаў і 4 узяты ў палон, у тым ліку камендант паліцыі. Атрад заявіў пра сябе баявымі дзеяннямі адразу праз месяц пасля пачатку вайны і на працягу ўсяго акупацыйнага часу не даваў спакою ворагу. 

Пасля вызвалення мясцовасці ад гітлераўцаў народныя мсціўцы папоўнілі рады Савецкай Арміі. Разам з землякамі на пачатку вясны 1944 года адправіўся на фронт і васемнаццацігадовы хутаранін Капітон Максімовіч. З ваенкамата ў Давыд-Гарадку навабранцаў пераправілі праз Прыпяць на чыгуначную станцыю Лахва, дзе збіраліся прызыўнікі з навакольных мясцін. Чыгуначным саставам усіх накіравалі ў Ленінградскую вобласць на кароткатэрміновыя курсы. Капітону Максімовічу выпала вучыцца на мінамётчыка. 

Кожны дзень быў максімальна насычаны тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі. Маладых байцоў пастаянна трымалі ў курсе ваенных дзеянняў на ўсіх франтах. Савецкія войскі ўжо вызвалялі краіны Еўропы ад фашысцкай навалы. Ажываў пасля працяглай блакады няскораны ворагам Ленінград. Хвалявала маладога байца Максімовіча, што робіцца ў родных мясцінах. Але пісаць лісты дамоў не заўжды ставала часу. 

У апошнія дні 1944 года курсанты раз’ехаліся па франтах. Радавы Капітон Максімовіч трапіў у баявы разлік 120- міліметровага мінамёта першай батарэі першага палка Украінскага фронту, які восенню 1944 года паспяхова завяршыў даволі складаную Яса-Кішынёўскую аперацыю, што аказала значны ўплыў на далейшы ход вайны на Балканах. Савецкімі войскамі былі разгромлены асноўныя сілы групы армій “Паўднёвая Україна”, выведзена з вайны Румынія, вызвалена ад акупантаў Малдавія і паўднёвыя ўкраінскія вобласці. 

— Наш мінамётны разлік адразу адправілі на перадавую, — узгадвае Капітон Міхайлавіч. — Вакол свісцелі кулі, рваліся снарады. Фашысты даволі моцна супраціўляліся. Свінцовы дождж касіў усё навокал. Вышуквалі момант і ўстанаўлівалі мінамёт, які абслугоўвалі ўтрох, знішчалі баявыя кропкі праціўніка. Толькі паспявалі запраўляць снарады. Знізу не відаць было, ці вылецеў снарад з трубы. І аднойчы не заўважылі, што зарад затрымаўся, зарадзілі чарговы. Моцным выбухам разарвала наш мінамёт і асколкамі смяротна параніла байцоў суседняга разліку, а нас трох ударнай хваляй адкінула ўбок і прысыпала зямлёю. Цудам засталіся жывымі і нават ні адной драпіны не атрымалі. Напэўна, лёсам было наканавана выжыць.

Наш Украінскі фронт праз Румынію набліжаўся да Чэхаславакіі і вясною 1945 года падступіў да Прагі. Толькі паспявалі мы займаць пазіцыю, як паступала каманда рухацца наперад. Націск нашых войск прымушаў гітлераўцаў панічна адступаць на захад. Мне, як і маім сябрам па мінамётнаму разліку, цудам пашчасціла дайсці да Прагі і не атрымаць ніводнага ранення. Страт было шмат, нават у самыя апошнія дні вайны. Многія аднапалчане засталіся навечна ляжаць у чужой зямлі. 

Пасля адной даволі працяглай атакі ў час адпачынку вырашыў пасушыць свае анучы. Развязаў аборкі на правай назе, стаў раскручваць анучу і заўважыў там даўжынёю з палец металічны асколак, які заматаўся ў тканіне. Вось так ануча зберагла нагу. 

— Капітон Міхайлавіч, румынскія, чэхаславацкія гарады і вёскі былі на вашым баявым шляху. А якое ўражанне засталося ад баёў за вызваленне Прагі?

— Нялёгка давалася ўзяцце гэтай сталіцы. Камандаванне фронтам паведаміла, што прынята рашэнне паскорыць Пражскую ваенную аперацыю. Наш фронт пачаў з паўночнага боку набліжацца да горада. За дзень пехатою з поўнай амуніцыяй пераадольвалі па трыццаць кіламетраў. Спяшаліся падтрымаць пражскіх паўстанцаў. На подступах да горада абодва Украінскія франты злучыліся і паскорылі далейшы рух на захад. 

— Больш за сем дзесяцігоддзяў мінула з тых векапомных дзён. Што і сёння застаецца ў памяці?

— Баявое братэрства. Мы былі адзіны народ. Многае сцёрлася з памяці, але сваіх баявых сяброў ніколі не забуду. Дагэтуль памятаю сваіх камандзіраў. Нашым мінамётным палком кіраваў маёр Астроўскі, а 40-й брыгадай — палкоўнік Каралёўцаў. Даводзілася мне сустракацца і з камандзірам 25-й артылерыйскай дывізіі грузінам Джымджарадзэ. Мы былі адзінай згуртаванай камандай. 

Кветкамі віталі нас жыхары пражскага прыгарада, які патанаў у пышнай вясновай зеляніне. Па радыё паведамілі, што падпісаны ўжо акт аб капітуляцыі фашысцкай Германіі, і фактычна святкавалі Перамогу, а каля Прагі яшчэ стаяла мільённая групоўка гітлераўскіх войскаў. Грымелі баі, у якіх гінулі нашы салдаты. На пражскіх вуліцах разам з гараджанамі радаваліся заканчэнню вайны. Абдымаліся, смяяліся і плакалі ад шчасця, ад таго, што засталіся жывымі. 

— Дачакаліся Перамогі і можна было вяртацца дамоў?

— Вельмі хацелася сустрэцца з сям’ёю, сваякамі, аднавяскоўцамі. Мне ішоў толькі дваццаты год і належала яшчэ адслужыць тэрміновую службу. З Прагі мяне накіравалі ў вайсковую часць, што знаходзілася ў Івана-Франкоўску. Яшчэ тры гады служыў у арміі і толькі на пачатку 1948 года вярнуўся на свой хутар Жураўлёўка.

— Дзе так патрэбны былі дужыя рукі. 

— Родныя чакалі майго вяртання. Не ўсе землякі вярнуліся з вайны. Цяжка было асірацелым сем’ям. Мы не пакідалі іх у бядзе, дапамагалі. Вясною замяніў бацьку за плугам. На хутарскіх нівах пасеялі збажыну, пасадзілі бульбу. У навакольных вёсках Гарадзец, Харомск, Лядзец пачалі арганізоўвацца першыя калгасы. Коньмі пераворвалі межы на прыватных палосках зямлі. І нашы дзесяць хутарскіх гектараў сталі калгаснымі. Бацькі адвялі ў калектыўную гаспадарку каня, карову, і ўсёй сям’ёй мы ўступілі ў калгас. Дружна выходзілі ў поле і працавалі.

— А як адпачывала моладзь у тыя першыя пасляваенныя гады?

— Натомішся за дзень у калгасе, а надыйдзе вечар — і стомы як не было. Гарэзлівы гармонік збіраў моладзь на вечарынкі. Музыкі ў нашых мясцінах ва ўсе часы былі адмысловыя. Два кіламетры з хутара да вёскі ляцеў, каб пабыць разам з моладдзю. Пыл слупом курыў у вясковай хаце ад нашых скокаў. Як толькі калгас крыху ўзмацнеў, пабудавалі драўляны клуб. Доўга я халасцяком не хадзіў. Закахаўся ў дзяўчыну з вёскі Гарадзец. Два дні вяселле гулялі, і нашу хутарскую сям’ю папоўніла працавітая нявестка Марыя.

— Жылі з бацькамі ў адной хаце на хутары?

— Бацькі, сёстры і наша маладая сям’я разам вялі гаспадарку. Старэйшая сястра Надзея пайшла замуж у суседнюю вёску Харомск. У нас сыны Анатоль і Міхаіл падрасталі. З малых гадоў у працы выхоўвалі іх. Кожныя летнія канікулы хлапчукі дапамагалі мне даглядаць калгасную жывёлу. Штораніцы трэба было накасіць воз зялёнай масы і адвезці на ферму. Ад першых пасляваенных гадоў і да самай пенсіі адпрацаваў на калгаснай ферме. І сыноў імкнуліся з жонкай працавітымі выхаваць. З малых гадоў давяралі ім упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Старэйшы Анатоль да чацвёртага класа ў школу хадзіў з хутара. Зімою па сумётах прабіраўся, але ніколі заняткі не прапускаў. Пры газніцы вучыў урокі. Дапамагаў яму рашаць задачкі па арыфметыцы. Некалі сам закончыў тры польскія класы, але матэматыку засвоіў добра.

У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў былому франтавіку Капітону Максімовічу прапанавалі будавацца на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі імя Кірава. Праўленне калгаса выдзеліла лес, будаўнічая брыгада паставіла зруб, а ўсё астатняе гаспадар даводзіў сам. Уставіў вокны, дзверы, падлогу паклаў, дах накрыў, і сям’я перабралася ў новы прасторны дом, які і цяпер прыгожа выглядае на вясковай вуліцы. 

— У нашай вёсцы Харомск было больш за сто ветэранаў вайны, — адзначае Капітон Міхайлавіч. — Цяпер я адзін застаўся. На ўвесь сельсавет яшчэ старэйшы за мяне на пяць гадоў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Місюра. Дзяржава клапоціцца пра нас. Як у свята Перамогі, так і ў Дзень Незалежнасці атрымліваем не толькі віншаванні, а і грашовую падтрымку.

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота з сямейнага альбома К. М. Максімовіча і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter