Палеская зямля заслугоўвае цудоўнага свята

Свята традыцыйна праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 5 верасня ў Хойніках. Напярэдадні свята першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ дала прэс-канферэнцыю, на якой распавяла, што адбудзецца ў гэтыя выхадныя ў Хойніках.

Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ — пра традыцыі, унікальныя праекты на радзіме Івана Мележа.

Свята традыцыйна праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 5 верасня ў Хойніках. Напярэдадні свята першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ дала прэс-канферэнцыю, на якой распавяла, што адбудзецца ў гэтыя выхадныя ў Хойніках.

— Кожны год мы плённа працуем ў гэтым накірунку. Выбар аргкамітэтам Хойнікаў сталіцай Дня беларускай пісьменнасці не выпадковы: менавіта з гэтых мясцін родам славуты беларускі пісьменнік Іван Мележ. Усе мы з цеплынёй успамінаем яго “Палескую хроніку” — вялікі нацыянальны літаратурны здабытак. Вельмі добра, што свята завітала ў такі далёкі ад сталіцы гарадок. Спадзяюся, дзякуючы Дню беларускага пісьменства гэты раённы цэнтр набудзе новае аблічча, новы подых. Горад атрымае, напрыклад, некалькі аб’ектаў. Заўтра, пятага верасня, ўрачыста адкрыецца Дом абрадаў, комплекс “Сядзібны дом”, а таксама скульптурная кампазіцыя “Па старонках твораў Івана Мележа”.

Мы прэзентуем праекты, якія прысвечаны Дню беларускага пісьменства і непасрэдна яго сёлетняй сталіцы — кнігі “Хойнікшчына. Легенды. Падзеі. Людзі” і “Дзівасіл. Хойнікаўшчына літаратурная” з серыі “Беларусь літаратурная”. Свята пойдзе далей, а выданне застанецца ў скарбонцы нацыянальнай культуры. Да таго ж мы прадставілі на форуме некалькі ўнікальных фаліянтаў, якія выйшлі ў Беларусі ў гэтым годзе. Гэта “Сучасны беларускі жывапіс. XXI стагоддзе” і факсімільнае выданне “Альбом фамильных портретов князей Радзивиллов” з серыі “Энциклопедия раритетов”. Такія праекты, падтрыманыя дзяржавай, робяць гонар любой краіне. І мы павінны падтрымліваць не проста канкрэтныя выданні, а кнігу наогул, чытанне. У нас ёсць і тэлебачанне, і Інтэрнэт. Але толькі кніга з’яўляецца канкрэтным унёскам, які можна захаваць на стагоддзі.

Дарэчы, чацвёртага верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы мы сустракаем за “круглым сталом” “Літаратура як сродак міжкультурнага дыялога” пісьменнікаў з адзінаццаці краін свету. Прыемна, што мерапрыемства набірае ўсё большы і большы размах з кожным годам. Гэта значыць, што мы прыцягваем увагу да нашай літаратуры, умацоўваем духоўныя сувязі, развіваем стасункі з іншымі дзяржавамі.

Потым удзельнікі “круглага стала” паедуць у Хойнікі, дзе адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Хойніцкія чытанні”. Навукоўцы сканцэнтруюць сваю ўвагу на даследаваннях гістарычнай і літаратурнай спадчыны ўнікальнага палескага рэгіёна.

На сцэне летняга амфітэатра пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага і песеннага жанраў.

Надзвычай змястоўнай будзе культурная праграма свята. Прагучыць, напрыклад, абноўленая рок-опера “Курган” Ігара Лучанка, напісаная паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы.

Кнігавыдаўцы, журналісты, распаўсюджвальнікі перыядычнага друку прадставяць гасцям свята цікавыя экспазіцыі. У павільёне “Саюздрук” наведвальнікі ўбачаць рарытэт — газетны аўтамат, які за сімвалічную “капейку” выдасць нумар перыядычнага выдання.

Запісала Таццяна УСКОВА, “БН”

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter