Палескія загадкі

Што такое “храновіна па-сялянску” і як пінскія ручнікі дапамагаюць адшукаць свайго суджанага?

Што такое “храновіна па-сялянску” і як пінскія ручнікі дапамагаюць адшукаць свайго суджанага?

Столькі людзей, колькі сабралася ў мінулыя выхадныя ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, пэўна тут яшчэ не бачылі. На сялянскае свята, а менавіта так празвалі ў народзе фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, з’язджаліся з розных куткоў Беларусі — на аўтамабілях, аўтобусах, веласіпедах і нават асабістых калёсах. А жыхары суседніх вёсак, не шкадуючы абутку і ног, старыя і маладыя, апранутыя ў святочныя строі, ішлі ў Ляскавічы пешшу.

Ручнік — на шчасце

І зусім не дзіўна тое, што беларусы так спяшаліся патрапіць на свята: аграгарадок на некалькі дзён ператварыўся ў сапраўдную сталіцу народнай палескай культуры і тонкага мясцовага гумару. Тэматычныя падворкі, дзе можна было пазнаёміцца з асаблівасцямі жыццёвага ўкладу таго ці іншага раёна Гомельскай і Брэсцкай абласцей, расцягнуліся больш чым на тры кіламетры ўздоўж Прыпяці. Тут можна было не толькі паглядзець на мясцовыя прылады працы, якія ўжо сталі музейнымі экспанатамі, — драўляныя дзіцячыя калыскі і каваныя куфары, вышытыя ўнікальным узорам ручнікі і сукенкі, — але і паспрабаваць сябе ў тых рамёствах, якімі займаліся нашы продкі.

Зайшоўшы на падворак пінскіх ткачых, паназіраўшы за працай майстрых, карэспандэнт “НГ” уселася за верацяно прасці кудзелю пад пільным вокам 85-гадовай жыхаркі вёскі Дабраслаўка Вольгі Сухаверка. Уважліва сачу за рукамі бабулі — як спрытна яна “дабывае” са жмуту кудзелі танюсенькую нітачку, спрабую зразумець механізм прадзення, аднак калі бяруся за працу, нічога не атрымліваецца.

— Не хвалюйся, дачушка, — супакойвае Вольга Ціханаўна. — Праца наша вельмі складаная, спачатку не ўсё выходзіць. Бывае, пройдзе не адзін гадок, пакуль ткачыха навучыцца добра прасці. Я займаюся гэтай справай з маленства і ў свой час напрала і наткала столькі, што і да сённяшняга дня захаваліся палотны, з якіх можна зрабіць добрыя ручнікі.

Ручнікі ў пінскіх ткачых сапраўды прыгожыя, кожны вышыты на іх узор нясе ў сабе пэўную інфармацыю. А яшчэ, як мне падказала Жанна Мухароўская з вёскі Пагост, такія вырабы загавораныя. Дакранешся да іх — будзе табе шчасце ў сямейным жыцці. Ну як можна ўпусціць такую магчымасць?! А калі да іх дакранецца незамужняя дзяўчына, у хуткім часе абавязкова сустрэне свайго нарачонага.

— Узоры на ўсіх нашых ручніках сакральныя, — распавядае жанчына. — Калі нашы майстрыхі ткалі і вышывалі, асабліва шлюбныя ручнікі, яны спявалі песні пра шчасце, пра каханне. Загаворвалі іх толькі добрымі словамі, каб усе, хто дакранецца да іх, жылі без бяды.

На любы густ

Пакідаючы пінскіх ткачых і разважаючы пра сямейнае шчасце, міжволі заходжу на ельскі падворак, адкуль даносяцца прыемныя пахі: час абеду як-ніяк. А тут — стол ломіцца ад разнастайных страў, якія я дагэтуль нават на вочы не бачыла і назвы не чула. І гэта зусім не дзіўна: кухня палешукоў вельмі багатая на старадаўнія рэцэпты.

— Чаго жадаеце? — запрашае гаспадыня падворка Ніла Прохараўна. — Прапаную пакаштаваць слівы з часныком. Гэта наша мясцовая страва, якую не гатуюць больш нідзе. А вось качка, начыненая грэчкай, варэнікі з бульбай ці з грушамі, — жанчына адчыняе кожны гліняны гаршэчак. — А гэта мясцовы хлеб, але ён незвычайны, з сюрпрызам унутры. Вы панюхайце яго.

Нагінаюся да хлеба, а ён — во дзіва! — пахне мясам. Ніла Прохараўна адразае кавалачак — унутры сапраўды духмяная свініна. Побач наганяюць слінкі цыбрыкі — мясцовыя дранікі, якія, у адрозненне ад звычайных, смажацца ў фрыцюры. Есці іх трэба са смятанай. А вось мяса ельскія жыхары мачаюць у спецыяльны соус, аснову якога складае хрэн. Адсюль і назва — “храновіна па-сялянску”. Дакладны рэцэпт гэтай стравы ведаюць толькі ельскія гаспадыні і трымаюць яго ў сакрэце.

Таямнічая сіла краю

Палешукі — народ вельмі вясёлы і гасцінны. Кожнага свайго госця гаспадары падворкаў сустракалі песнямі пад гармонік і бубен, танцамі або пачастункамі. На Мазырскім двары давялося каштаваць мясцовыя пернікі і знакамітую медавуху — вельмі смачны напой. А вось аўцюкоўцы прываблівалі народ апетытным румяным парасём, якое смажылася на вуглях: добры такі парсючок, укормлены. Жыхарка Аўцюкоў Святлана Змушка падзялілася сакрэтам, як у вёсцы гадуюць жывёлу, каб яна вырасла такой вялікай:

— Усё вельмі проста. Прывязваюць парася за заднія ногі да плота, а спераду ставяць карыта. Парасё цягнецца да ежы і такім чынам расце ў даўжыню.

Адразу папярэджваю: не праводзьце гэты эксперымент на сваіх жывёлах. У Аўцюках, што ў Калінкавіцкім раёне, жывуць вельмі жартаўлівыя людзі, таму гэтая парада — не інакш як жарт. Тыя ж, хто гэтага не ведаў, рабілі вялікія вочы, гледзячы на смажанага парсючка: магчыма, спачувалі жывёліне.

Палешукі ўвогуле гадуюць незвычайных хатніх жывёл. Такіх курэй — буйных, чорных, як вугаль, з ярка-чырвонымі грабеньчыкамі — я раней ніколі не бачыла, не трымала ў руках і маленькае паласатае пухнатае качанятка. А побач у загончыку бегалі маленькія свінкі ў смешных рознакаляровых спадніцах і з бантамі на шыі. Усе, асабліва гараджане, пацяшаліся і з рагатай казы, якая, прасунуўшы галаву ў дзірку плота, спрабавала ўскубнуць каго-небудзь за адзежу, быццам віталася.

Палеская зямля вельмі багатая на цуды і мае нейкую таямнічую сілу: не паспееш ад’ехаць адсюль, як ужо пачынаеш сумаваць. Па маляўнічых мясцінах, па вясёлых і добразычлівых людзях, па асаблівай атмасферы. У чым жа асаблівасць гэтага краю? Знайсці адказ на гэтае пытанне за адзін дзень немагчыма. Можа, яно і добра: будзе падстава прыехаць сюды зноў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter