Палескі напрамак Івана Мележа

Сёння народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 90 гадоў.

«УСЯ СІЛА чалавека — у зямлі. І сіла ўся, і радасць! Няма зямлі — няма, лічы, і чалавека!» Так гаварыў аўтар славутай «Палескай хронікі» Іван Мележ.

40 гадоў таму адзначаўся паўвекавы юбілей пісьменніка. Вядомы на ўвесь свет паэт Максім Танк тады так сказаў пра імянінніка:

— Яму не было патрэбы прабівацца ў літаратуру. Яна сама яго паклікала, калі ён са скарынкай хлеба ў кайстры пасвіў статак, калі знаёміўся з кніжнай мудрасцю, а потым з вінтоўкай у руках ішоў па цяжкіх і горкіх дарогах вайны, калі, паранены, вырываўся з кіпцюроў смерці.

Праз пяць гадоў пасля таго незабыўнага свята на школьнай пляцоўцы ў палескай вёсцы Глінішча сеў верталёт. Збегліся туды і старыя, і малыя. Для сяльчан такая падзея была тады рэдкасцю. Ды і зараз вінтакрылыя «летакі» мала калі прызямляюцца ў вёсках. І бачаць людзі: з машыны спускаюцца знакамітыя людзі: пісьменнікі Іван Мележ і Іван Шамякін, а разам з імі Пётр Міронавіч Машэраў. Ці трэба гаварыць, як радаваліся вяскоўцы такім гасцям, як віталі іх. І асабліва ганарыліся сваім земляком.

Пра той візіт і сёння памятаюць жыхары вёскі. І з сумам зазначаюць: гэта быў развітальны палёт Івана Паўлавіча. Ён, напэўна, ведаў пра свой лёс. Вось і вырашыў такім чынам наведацца ў родныя мясціны, павітацца і развітацца, памахаць рукой любаму краю з неба.

Дарэчы, і вёску Глінішча, што дала зямлі Івана Мележа, і мясцовую школу, якая будавалася з яго дапамогай, і Хойнікі, дзе будучы літаратар заканчваў дзясяты клас, дзе прымаў удзел у школьных спектаклях, пісаў вершы, маляваў і нават паспрабаваў лятаць на планеры, наведала вялікая група беларускіх пісьменнікаў у перад`юбілейныя дні 4 і 5 лютага. Узначальваў яе галоўны рэдактар часопіса «Полымя», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, паэт Мікола Мятліцкі. Мікола Міхайлавіч добра ведаў Івана Паўлавіча, сутракаўся з ім шмат разоў. Свайму слыннаму земляку ён прысвяціў каля дваццаці вершаў, напісаў успаміны. Вось і ў лютаўскім нумары часопіса з’явіцца яго эсэ, прысвечанае аўтару векапомных твораў, раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань», «Мінскі напрамак».

— Свой твор я назваў «Мой Мележ», — сказаў пры сустрэчы Мікола Мятліцкі. — Я ўзяў за аснову глінішчанскі, хойніцкі, ваенны перыяды і вяртанне на роднае Палессе. Маю права сказаць: «Мой Мележ — мой зямляк і вельмі блізкі па духу мне чалавек».

— А вы памятаеце, Мікола Міхайлавіч, першую сустрэчу з Іванам Паўлавічам?

— Тая сустрэча была і засталася для мяне самай запамінальнай. Калі я бачыў Мележа на вечарах, у мяне не хапала смеласці падступіцца, загаварыць. А тут якраз у 1973 годзе, вярнуўшыся са свайго Палесся, я напісаў невялікую паэму «Зялёны гай». Яна пра нашу хойніцкую вёску, якую напаткаў лёс Хатыні. Гэту паэму я вырашыў паказаць тагачаснаму літаратурнаму кансультанту Саюза пісьменнікаў Анатолю Вярцінскаму. Анатоль Ільіч уважліва прачытаў мой твор, безумоўна, зрабіў многа заўваг. Мы сядзелі над рукапісам, і тут зайшоў Іван Паўлавіч. Вярцінскі не без гумару прадставіў мяне: «Тут яшчэ адзін паляшук грукаецца ў літаратуру». Мележ усміхнуўся шчыра. Мы павіталіся, ён пачаў распытваць, адкуль я. Адказаў: «З Бабчына». Аказалася, Іван Паўлавіч наведваўся ў маю вёску. Там шчыраваў старшынёй мясцовага калгаса «Кастрычнік» яго стрыечны брат. І, пільна паглядзеўшы на мяне, сказаў: «А я з Глінішча, можа, чуў?» Я быў у Глінішчах, і не адзін раз, багата што ведаў пра Івана Паўлавіча. Вось з таго часу мы і пасябравалі.

Я і дома ў Мележа бываў. Неаднаразова. Пазнаёміўся з яго жонкай Лідзіяй Якаўлеўнай, дочкамі. Шмат разоў заглядваў у бібліятэку пісьменніка, у яго кабінет.

— А вы далі ў сваіх эсэ адказ, які хвалюе многіх: як мог у такой глухамані, сярод людзей на балоце нарадзіцца такі талент?

— Бацькі яго — Павел Фёдаравіч і Марыя Дзянісаўна — былі вельмі душэўныя, шчодра адораныя людзі. Мне сястра Мележа Любоў Паўлаўна расказвала наступнае. Калі Мележ стаў знакамітым і вельмі паважаным чалавекам у сваіх мясцінах, ды і далёка за межамі Беларусі, землякі задавалі бацьку пісьменніка такое пытанне: «Як, Павел, табе ўдалося такога хлопца займець?» І ён адказваў: «У нас з Марылькай вельмі светлыя душы. Такую душу і яму падаравалі».

А талент яму дала родная зямля. Як толькі ён прыязджаў у  Глінішча, адразу шыбаваў да тых груш, што раслі за вёскай, да блізкага бярэзніку, каб пабыць адзін на адзін з прыродай. І любыя мясціны наталялі яго вялікай творчай энергіяй. Не забываў ён і пра Каранёўку, вёску матулі. Там жыў дзед Дзяніс. Іван Паўлавіч у маленстве — гэта з успамінаў сястры — да яго бегаў праз балота напрасткі, любіў слухаць аповеды пра былое жыццё, пра людзей, якія тут шчыравалі. Таемнасць адгароджанага балотамі свету не магла не крануць сэрца будучага класіка нашай літаратуры. Усё, што «ляжыць» у «Палескай хроніцы», — гэта дзяцінства Івана Мележа. Усё гэта помнілася, жыло ў сэрцы і чакала свайго часу.

Вядома, усё магло скласціся па-іншаму, калі б хлопец адарваўся ад сваіх каранёў, калі б адразу пасля школы паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі філасофіі і літаратуры, пра які марыў. Ён стаў студэнтам гэтай ВНУ, але пазней. А тады, у 1938 годзе, не прайшоўшы па конкурсе, малады хлопец стаў працаваць у Хойніцкім райкаме камсамола. У новых хромавых ботах, якія купіў з першай зарплаты, абышоў увесь раён, усе далёкія куткі, знаёміўся з людзьмі.

Да галоўнай сваёй кнігі Мележ ішоў праз вялікія выпрабаванні, праз сваю вайну, якая завяршылася для яго цяжкім раненнем у руку. Яе хацелі ампутаваць у растоўскім шпіталі, але яго ўратаваў хірург Антонаў, якому мы, беларусы, удзячны. Бо гэтай рукой Іванам Паўлавічам напісаны сапраўдныя шэдэўры нашай літаратуры.

  І яшчэ адзін цікавы момант. Бацькава хата. Першы раз яна згарэла падчас вайны з белапалякамі. Другі раз яе падпалілі паліцаі ў Вялікую Айчынную. Гаспадары, якія дапамагалі партызанам, хаваліся з дзецьмі ў лесе і ў балотах. Як толькі Чырвоная Армія вызваліла родныя мясціны, Іван Паўлавіч з маладой жонкай і маленькай дачушкай адразу прыехаў у Глінішча. А на месцы роднага дома — папялішча. Тое, што пабачыў, вельмі кранула яго, узяло за сэрца. Іван Паўлавіч адразу прапанаваў бацькам пераехаць бліжэй да Мінска. Але маці, Марыя Дзянісаўна, не захацела пакідаць радзіму. Яна вельмі-вельмі прасіла сына застацца тут. І Мележ, вярнуўшыся ў 1947 годзе ў Глінішча, пісаў творы і дапамагаў бацьку будаваць дом. Уяўляеце, моцна ранены ў руку чалавек цягае бярвенні, пілуе іх? Сосны вазілі з таго знакамітага лесу, які ўпамінаецца ў «Палескай хроніцы». І хата была пабудаваная такая ж, як і да вайны.  Улазіны, як у нас называюць наваселле, адбыліся ў 1953 годзе. Дык вось, Іван Мележ любіў гэту хату і прыязджаў сюды часта. Таму што ў сценах гэтага зруба — і пэўная частка яго ганарараў, і яго пот. Такая акалічнасць, самі разумееце, вельмі кранальная. І лічу, там, на папялішчы, Мележ упершыню задумаўся пра будучую «Палескую хроніку». Яму хацелася пабудаваць не толькі хату, а і ўзвесці дабротны літаратурны гмах. Я б сказаў, што Палессе паклікала і вярнула Івана Мележа ў сваю жыццёвую стыхію, якую ён так геніяльна адлюстраваў у творах. Сёння Любоў Паўлаўна Мележ ставіць пытанне перад Міністэрствам культуры, каб гэта хата збераглася і ўвайшла ў Мележаўскі мемарыял.

— Мікола Міхайлавіч, землякі ведаюць і помняць, як дапамагаў Іван Паўлавіч і мясцовай школе, і мясцоваму калгасу і ўвогуле раёну. А такія магчымаці былі ў яго?

— Вядома. Ён працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, у апараце ЦК КПБ, у часопісе «Полымя». Доўгі час з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Быў дзяржаўным дзеячам, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Многа сіл і энергіі аддаваў грамадскай справе, з’яўляючыся старшыней Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны міру і членам Сусветнага Савета Міру. Я толькі здзіўляюся, як Іван Паўлавіч паспяваў усё рабіць і пастаянна наведвацца ў свае Глінішчы, дапамагаць бацькам і землякам. Землякі не забыліся пра яго дабрыню і клопат. Нездарма  мясцовыя школа і гаспадарка носяць яго імя.

— Такая напружаная работа, напэўна, і падкасіла сілы неўтаймаванага чалавека?

— Я быў на яго апошнім аўтарскім вечары, які прайшоў 20 красавіка 1976 года ў тэатры імя Янкі Купалы, дзе ўжо самотны Мележ сустракаў сваіх землякоў, слухаў глінішчанскі народны хор, сваю любімую песню «Шумяць вербы ў канцы грэблі», якая «легла» і ў раман «Людзі на балоце». Яму вельмі падабалася гэта песня. І ён ад душы дзякаваў самадзейным спевакам за падораную радасць. Мы, прысутныя на тым вечары, і не здагадваліся, што гэта было яго развітанне. І са сваімі чытачамі, і са сваімі землякамі. У яго дзённіку ўжо было запісана: «Адламала галіну, дзе згасла столькі завязі». Ён ведаў свой лёс. І сумаваў, што не ўсё ўдалося здзейсніць, не ўсе задумкі рэалізаваліся. І ўсё ж Іван Мележ многае зрабіў, мы маем яго літаратурную спадчыну, якая лічыцца адным з вялікіх здабыткаў нашай беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

— І пра гэта вы будзеце гаварыць на юбілейных вечарынах, на юбілейных сустрэчах?

— Юбілейныя ўрачыстасці будуць шырока адзначаны на радзіме Івана Мележа. Разам з намі, пісьменнікамі, туды паедуць сястра Івана Паўлавіча — Любоў Мележ, яго старэйшая дачка — Людміла Іванаўна. Я скажу шчыра, палешукі ўдзячныя свайму слыннаму земляку. У парку ў Хойніках  створаны скульптурны ансамбль герояў яго кніг у бронзе. Гэта вельмі кранальна. А вечарыны, прысвечаныя юбілею народнага пісьменніка, пройдуць па ўсёй краіне. Такія постаці, як Іван Мележ, знакавыя. І забываць пра іх — значыць, забываць пра свае карані.

Яўген КАЗЮКІН, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter