Палац на семярых

Многія не вераць, што такі прыгожы дом сям’я Русецкіх з Пастаўскага раёна атрымала ад дзяржавы.

З ІНАЙ І АНДРЭЕМ РУСЕЦКІМІ пазнаёмілася чатыры гады таму . У іх тады было трое дзяцей, чакалі чацвёртага. Іна — мясцовая, Андрэй — з Ушаччыны. Месцам жыхарства выбралі Дунілавічы, дзе ёсць дзіцячы сад і школа, бальніца і аптэка, іншыя сацыяльныя аб’екты. Па душы работа: Іна працуе бухгалтарам, Андрэй — галоўны аграном ДП “Дунілавічы-агра”. Сям’я тады жыла ў невялікай двухпакаёвай кватэры без выгод і марыла пра ўласнае жыллё.

Сёлета Русецкія справілі наваселле. Сучасны двухпавярховы катэдж для мнагадзетнай сям’і ўзвялі будаўнікі з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Напярэдадні свят накіравалася ў Дунілавічы. Новы дом ззяў ілюмінацыяй, уся сям’я была ў зборы. Ля прыгожа ўбранай ёлкі бавіліся малодшыя дзеці.

— Жывём каторы месяц і не можам нарадавацца, — гаварыла Іна. — Многія не вераць, што такі вялікі прыгожы дом мы атрымалі практычна бясплатна. На будаўніцтва бралі крэдыт. Але паколькі ў нас пяцёра дзяцей, яго пагашае дзяржава.

Новы дом — сапраўдны палац, пабудаваны па сучасных тэхналогіях. У ім прыгожа, утульна, цёпла. З густам падабраны гардзіны, мэбля. Зручная планіроўка. Прасторныя кухня і сталовая, дзеці маюць асобныя пакоі. Сашу — чатырнаццаць. Прыгажун! Ва ўсім самастойны. Дзесяцігадовая Анжэла і васьмігадовая Аня — маміны памочніцы. А чатырохгадовы Слава і трохгадовы Вова — любімчыкі старэйшых і пестуны.

— Новы год — самае любімае свята, — казала Іна. — Хоць, здаецца, усе цуды ўжо адбыліся. 31 снежня нашай сям’і споўнілася 15 гадоў. І кожны чымсьці адметны. Напрыклад, у 2009-м я была ўзнагароджана ордэнам Маці. Цяпер атрымліваю да свят віншавальныя паштоўкі за подпісам Прэзідэнта. У нас ёсць усё для шчасця — каханне і згода, цудоўныя дзеткі, добры дом і ўсё неабходнае ў ім. Рупімся не толькі на асноўнай рабоце, але і трымаем вялікую гаспадарку. Працы не баімся, да яе з дзяцінства прывучаны самі і дзяцей прывучаем.

Анна АНІШКЕВІЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter