Як сям’я з пасёлка Мір гадуе пчол і шануе традыцыі

Паласаты рэйс

Ніколі не любіла вос, пчол, чмялёў, шэршняў і да іх падобных. Асабліва пасля таго, як у дзяцінстве хтосьці з  iх уджаліў у лоб, калі ласавалася сакавітым яблыкам. Ды і розніцы паміж імі, калі шчыра, ніколі не адчувала (вядома, за выключэннем памераў). Усе гучна гудуць і балюча кусаюцца. Сустрэча з сям’ёй пчаляроў пераканала мяне ў адваротным. Каб даведацца пра сакрэты пчалінага рамяства і праверыць нораў сцеблаватабрухіх, карэспандэнт «Р» наведала пасёлак Мір Карэліцкага раёна.

Па тутэйшых мерках адзін літр мёду каштуе 14 рублёў

40 вулляў прыбытку

Хутка знайшоўшы неабходную хату, упэўнена заходжу на падворак. Пакуль знаёмлюся з гаспадарамі, адным вокам шукаю па баках і за хлявом пчаліныя хаткі. Аднак, на жаль, не знаходжу.

— Не хвалюйцеся, з пчоламі ўсё добра, проста мы іх не тут гадуем, а ў вёсцы недалёка ад Міра, — супакойвае 50-гадовы гаспадар Аляксандр Марцінеўскі, убачыўшы мой пануры твар.

Учацвярых — я, гаспадар з гаспадыняй Алай Пятроўнай і іх 20-гадовая дачка Ганна — садзімся ў машыну і накіроўваемся ў вёску Міранку, што за 8 кіламетраў ад пасёлка.

— Шчыра кажучы, я ўсё жыццё пры пчолах. Яшчэ мой бацька іх з дзяцінства разводзіў. Тады я быў абыякавым да гэтага занятку, але дапамагаць прыходзілася, — адкрывае сямейныя таямніцы Аляксандр Мікалаевіч па дарозе ў вёску. — Потым бацька памёр, а пчолы засталіся. Вось я і вырашыў прадоўжыць яго справу.

Аляксандр Марцінеўскі ўжо гадоў дваццаць мэтанакіравана займаецца пчалярствам. Аднак гадуе ён пчолак не толькі на дачным участку. Асноўная работа — догляд за 16 пчалінымі сем’ямі ў калгасе.

На падворку сямейнай дачы спакойна — ніякіх прыкмет прысутнасці жывога. Аднак зусім іншы малюнак разгортваецца за хлявом.

Тут сустракаюць каля 40 новых, пафарбаваных у яркі жоўта-зялёны колер пчаліных хатак. Аляксандр Мікалаевіч уласнаручна змайстраваў іх для сваіх гадаванцаў.

Гаспадар адчыняе некалькі вулляў і дастае рамкі з пчоламі — глядзіць, ці ўсё ў парадку.

— Ведаеце, вельмі часта на іх нападаюць восы. Проста бяруць і з’ядаюць, як драпежнікі, — хвалюецца за гадаванцаў Ала Пятроўна. — А яшчэ іх могуць турбаваць пчаліныя кляшчы. Да адной некалькі штук прычэпяцца і абяссільваюць з кожным днём, як тыя каларадскія жукі.

Смакацінне трэба заслужыць

З сакавіка па верасень, якраз у сезон, гаспадары Марцінеўскія наведваюць сваіх жывёлак штодзень. Калі мёд сабраны, можна і радзей — праз дзень-два. Што цяпер? Застаецца толькі карміць гадаванцаў і чысціць вуллі.

— Ураджай залежыць не толькі ад пароды, але і ад надвор’я. У гэтым годзе шмат пчол памерла, бо вясна была халодная, — з жалем у голасе тлумачыць Ала Пятроўна. — Зусім слабы ўраджай сёлета атрымаўся. Яшчэ пажадана іх вывозіць на месцы, дзе цвіце грэчка ці рапс, каб добра сілкаваліся. Нельга, каб увесь час стаялі на адным месцы.

Цікавасць да пчалярства перадалася Ганне ад бацькі

Калі надвор’е спрыяе і рацыён у пчол разнастайны, з усяго пчальніка можна атрымаць да 50 кілаграмаў мёду. Ды і кліенцкая база ўжо за гады напрацавана. Па тутэйшых мерках адзін літр каштуе каля 14 рублёў. Акрамя мёду пчолы даюць яшчэ шмат карысных прадуктаў: пылок, пяргу, матачнае малачко, пропаліс.  

Пакуль гаспадар чысціць спецыяльнай шчоткай паддон у адным з вулляў, яго рукі цалкам пакрываюцца насякомымі. Дзіўна, што да іх можна падысці без пальчатак і спецвопраткі.

— Галоўнае, паводзьце сябе як заўсёды. У нас пчолы спакойныя, міралюбівыя. Калі іх баішся, яны адчуваюць і джаляць, — не вельмі ўзрадаваў навіной гаспадар. —  Мяне толькі аднойчы ўласныя пчолы пакусалі. Палез у шортах рой здымаць, а яны наляцелі і пачалі джаліць. Я — бягом да бочкі з вадой. Налічылі аж 150 штук! Гэта яшчэ добра адкруціўся.

Пазнаёміўшыся з гадаванцамі, ідзём у памяшканне, дзе сямейства качае мёд. Тут бачым дзве вялізныя бочкі вышынёй з чалавека і яшчэ шмат дадатковых пасудзін.

— Бацька падае нам рамкі з мёдам сюды, а мы ўжо ўскрываем кожную з іх уручную. Яны, цалкам напоўненыя мёдам, не такія і лёгкія, як падаюцца на першы погляд. Карацей, мы з мамай тут як чорная рабсіла, — жартуе з бацькі дачка.

Дарэчы, сямейства пчаляроў упэўнена: на вока вызначыць якасць мёду немагчыма. Толькі ў лабараторыі. Яшчэ лепей набываць гатункі ў правераных людзей.    

— Надурыць пакупнікоў можна адным махам. Бываюць выпадкі, калі пчол кормяць цукровым сіропам, потым яны перапрацоўваюць яго ў мёд. Ніколі на вока не вызначыш, натуральны гэта мёд ці штучны, — расказвае хітрыкі пчалавод са стажам Аляксандр Мікалаевіч. — Таксама няшчырыя прадаўцы могуць пераграваць мёд, каб ён рабіўся рэдкім.

Дыпламаваны пчаляр

Сёлета Ганна скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум у Польшчы па спецыяльнасці «пчаляр». Што паўплывала на такі неардынарны выбар? Па-першае, дзяўчыне з дзяцінства падабалася дапамагаць бацькам на пчальніку, і яна не супраць была навучыцца гэтай справе. Па-другое, бацькі падштурхнулі яшчэ на той момант малую дачку.

Знаёмыя паставіліся да выбару сяброўкі з абурэннем: быццам нічога больш прэстыжнага не знайшла, хоць і вучылася ў школе выдатна.

— Я не шкадую і пчалярства лічу справай перспектыўнай, калі займацца ёй сур’ёзна, — упэўнена ў сваім занятку Ганна. — У тэхнікуме я атрымала неацэнную скарбонку ведаў, якія абавязкова спатрэбяцца мне ў будучыні. Па пчалярстве мы вывучылі ўсё, пачынаючы з пчаліных хвароб і заканчваючы вызначэннем якасці мёду. Таму часцяком даю парады бацьку, як зрабіць што-небудзь на пчальніку прасцей і якасней.

Пасля практыкі ў Германіі Ганну запрасілі працаваць там пчаляром. Аднак дзяўчына вырашыла вучыцца далей. Зараз яна паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову Любліна на касметолага-фізіятэрапеўта, каб асвоіць новую прафесію:

— Я дакладна ведаю, што магу займацца пчалярствам хоць сёння і атрымліваць з гэтага прыбытак. Аднак у маіх планах звязаць дзве спецыяльнасці і навучыцца рабіць натуральную касметыку з пчаліных прадуктаў.

Падчас вучобы Ганна стараецца раз у два месяцы прыязджаць у родны Мір, каб наведаць бацькоў і дапамагчы ім па гаспадарцы. Сёння дзяўчына, ды і яе бацькі не ўяўляюць, як гэта — піць чай ці есці кашу без мёду. А значыць, наўрад ці сямейная традыцыя кане ў Лету.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter