Паласа

"Гэта чувыдра перабаламуціла, перацягала да сябе на начлег усіх маіх мужыкоў, а баланс здала такі, што падатковыя інспектары адных штрафаў сто мільёнаў налічылі. Сто, птамаць, мільёнаў!"

На гэта варта было паглядзець. За сталом сядзелі двое – мой сябар Валодзька, мажны, звераватага выгляду дзяцюк, і ягоны кот Бармалей, хітрая, помслівая  калматая дзесяцікілаграмовая пачвара. На стале стаялі апалавіненая пляшка шыкоўнай “Метаксы”, бляшанка з кількамі ў таматным соусе, глыбокая міса з квашанай капустай і магнітафон, з якога лілася любімая, жаласцівая, як ён сам кажа, песня пра дым цыгарэт з ментолам, што аніяк не стасавалася са смуродным дымком, які курэў над за-бітай таннымі цыгарэтнымі недапалкамі попельнічкай. Гледзячы на такі, як той казаў, дэкаданс, можна б было падумаць, што напаў на майго сябрука жорсткі, па словах класіка, сплін альбо звычайная руская хандра, але тое, што тоўстая яго шыя была шчыльна ўхутана тоўстым жа ручніком, а ўсё гэта “хараство” недзе на карку было завязана какетлівым банцікам, вымагала думаць аб нечым больш сур’ёзным.

— Паласа, трасца на яе, — кароткія гэтыя словы даліся Валодзьку, які ўбачыў маё маўклівае пытанне, з вялікімі цяжкасцямі, і хрыпеў ён пры гэтым, як Высоцкі, Джыгурда і герой Віцына з камедыі “Джэнтльмены ўдачы”, разам узятыя. – Шэсць месяцаў паласа... 

Валодзька зухавата глыкнуў паўкеліха каньяку, выкалупаў з бляшанкі дзве (адну сабе, другую Бармалею) кількі, кінуў у рот жменю капусты. Усё разам гэта азначала, што няйначай дзесьці за гарой здох нейкі воўк. Бо толькі такога маштабу падзея магла выбіць з каляіны сябра, які, нягледзячы на свой статус “новага беларускага” і вялікія грошы, добрых ужо пяць год не піў, не курыў, не мяняў жонку, любіў дзяцей, ката і рыбалку. 

— Гавары, — я рашуча прагнаў Бармалея з табурэткі і цвёрда намерыўся з яе не злазіць, пакуль сябар не раскажа пра ўсе свае трыццаць тры няшчасці. 

Валодзька цяжка ўздыхнуў і вельмі нядобрымі словамі ўспомніў той дзень, калі па-спрабаваў стаць гарналыжнікам. Ён адзін раз больш-менш прыстойна з’ехаў з гары, намерыўся замацаваць поспех і надзвычай паспяхова пераламаў усе дзве нагі. Яго ледзьве выцягнулі са снежнай гурбы, адвезлі ў баль-нічку, сабралі паламаныя косткі, а вось гарналыжная амуніцыя коштам у некалькі соцень долараў ляснула – хтосьці спрытны ёй, гэта самае, прыстасаваў ногі. 

— Пакуль быў дома, глядзела за мной доктарка-пенсіянерка, добрая такая жанчына. Я, на сваю галаву, і рашыў аддзячыць: узяў бухгалтарам у фірму яе дачку, — Валодзька зноў паўтарыў аперацыю з келіхам, кількай і капустай. –  І што ты думаеш? Гэта чувыдра перабаламуціла, перацягала да сябе на начлег усіх маіх мужыкоў, а баланс здала такі, што падатковыя інспектары адных штрафаў сто мільёнаў налічылі. Сто, птамаць, мільёнаў! 

Каб вярнуць гэтыя самыя мільёны, прадаў Валодзька свой “наварочаны” джып, з трохсотметровай пераехаў у двухсотметровую кватэру ў менш прэстыжным раёне. Ну а каб з наступствамі пераезду  як мага хутчэй справіцца, паслухаў жонку і наняў ёй у дапамогу дзяўчыну — хатнюю работніцу. 

— Праз тыдзень прыбягае да мяне жонка: “Валодзя, бяда, золата маё, брыльянты прапалі. Усё дагары нагамі перавярнулі — няма цацак”. Дзяўчо беднае слязьмі заліваецца, бажыцца, што не чапала нічога, а на каго больш думаць? Звольніў яе, а праз тры дні Танька мая цацкі свае паказвае: “Вовачка, я і забылася, што ў мамы іх пакідала”. Перад дзяўчом тым на каленях стаяў, прасіў дараваць. Здаецца, даравала, але што ў яе ў душы засталося – не дай Бог. Таньку ад-правіў да мамы. І не толькі да сваёй, — Валодзька выцяг з-пад стала новую бутэльку і зноў хапянуў келіх. — Адзін чалавек, а ты яго ведаеш, пра ўсё гэта паслухаў і кажа: “Гэта табе за грахі твае кара і трэба іх у святой вадзе пазмываць”. Ну я на Вадохрышча ўзяў і шуснуў у пельку, тры разы, як вучылі, з галавой боўтнуўся. 

— І што? – я глядзеў на сябра і дзівіўся з яго, так бы мовіць, тонкай душэўнай аргані-зацыі, аб якой, калі шчыра, і не падазраваў. 

— Што-што, — “тонка” вызверыўся Валодзька. – Скулу ў бок атрымаў. А таксама ў шыю, і шэсць штук іх яшчэ ў адно месца – трэці дзень толькі сяджу нармальна, а так тыдзень лежма ляжаў. 

Шчырыя мае спачуванні небараку не спатрэбіліся — незлічоныя келіхі каньяку зрабілі сваё. Валодзька спаймаў Бармалея, і яны на два галасы запелі сваю лю-бімую жаласцівую песню — чалавек зацягваў, а кот, стараючыся выкараскацца з гарачых яго абдымкаў, басавіта выў дурным голасам... 

Праз колькі тыдняў, даведаўшыся, што Валодзька з’явіўся ў сваім офісе не толькі жывы-здаровы, але і на новым джыпе, патэлефанаваў яму з віншаваннямі — і нарваўся на доўгую чаргу буйнакалібернага мата – машыну сябру падсунулі скрадзеную, і ў яго зараз мора непрыемнасцей. 

Паласа, выходзіць, працягваецца. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter