Путешествия с Владимиром Субботом. Полочаны: веками стоять на страже

Палачаны: чатыры пакаленні пад адным дахам


На паўднёвых схілах Мінскага ўзвышша непадалёку ад вытокаў Заходняй Бярэзіны раскінуліся падворкі Палачан. Як сведчаць археалагічныя знаходкі, выяўленыя пры торфараспрацоўках, людзі тут жылі ў каменным веку. 

Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў хроніцы крывавай бітвы 1433 года каля Палачан, размешчаных на ўскрайку Полацкага княства. Ад пралітай крыві поле бою назвалі Чырвонай валокай. 

На пачатку ХV стагоддзя вялікі літоўскі князь Сігізмунд навечна перадаў маёнтак, над будынкамі якога ўзвышаліся крыжы касцёла Святога Роха, памешчыку Судзімантовічу.

У выніку II падзелу Рэчы Паспалітай Палачаны сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі народнае вучылішча, праваслаўная царква. 

Крывавы след у паселішчы пакідалі войны. Шмат іншаземных захопнікаў знайшлі тут сабе магілы. На ўзбочыне дарогі захаваўся каменны крыж, які, згодна з паданнем, загадаў паставіць Напалеон для абазначэння месца, дзе захаваны скарб. 

У другой палове ХІХ стагоддзя вёску ўпрыгожыла мураваная царква Раства Прасвятой Багародзіцы.

На пачатку мінулага стагоддзя штуршок развіццю Палачан дало будаўніцтва чыгункі. Паабапал яе пілавалі лес на шпалы.

У суседнім фальварку Яхімоўшчына ў 1906 годзе працаваў на бровары малады Янка Купала.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Палачаны адышлі да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР сталі цэнтрам сельсавета.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі тут дзейнічалі народныя мсціўцы. Гітлераўцы расстралялі 12 патрыётаў. Помнікамі ўвекавечана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У пасляваенны час арганізаваны калгас, які рэфармаваны ў ААТ «Палачаны». Цэнтральная сядзіба — вёска Палачаны — адной з першых у Маладзечанскім раёне атрымала статус аграгарадка.


Улічаных гаспадарках рэспублікі засталіся конефермы. Табун адмысловых скакуноў — гонар ААТ «Палачаны». Пабудаваны тут цудоўцы коннаспартыўны комплекс. Мена-віта з яго пачалася мая вандроўка па старажытным мястэчку, што выцягнулася ўздоўж ажыўленага шляху паміж Маладзечна і Валожынам.

Ад чыгуначнага вакзала, куды я даехаў дызель-поездам, да сельвыканкама некалькі хвілін хадзьбы. Незвычайнай формы станцыённы будынак акружаны векавымі ліпамі. У іх густых шатах звінела птушынае шматгалоссе. Пасля начной навальніцы дыхалася лёгка.

Старшыня сельвыканкама Настасся ІОДА і стараста вёскі Груздава Ніна СТАНЕВІЧ.

Аднапавярховы мураваны бу-дынак сельвыканкама прытуліўся паміж драўляным высокім домам і доўгай цаглянай пабудовай. Праз адчыненыя дзверы кабінета старшыні сельвыканкама чулася размова пра пашкоджаны навальніцай водаправод. Паклаўшы тэлефонную трубку, Настасся Іода расказала, што другі год на гэтай пасадзе. Продкі яе жылі і працавалі на палачанскай зямлі. Дзядуля Георгій Ігнатавіч Леган — адзін з першых калгасных шафёраў. Бабуля Фёкла Уладзіміраўна даіла кароў на ферме. Маці Вольга Георгіеўна да выхаду на пенсію таксама працавала ў гаспадарцы і выхоўвала двух дачок. Сястра Вікторыя пасля заканчэння сярэдняй школы падалася ў сталіцу, а Настасся засталася дома. Завочна атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. У сельвыканкаме, які аб’ядноўвае 16 населеных пунктаў, пачынала спецыялістам, была кіраўніком спраў, цяпер кіруе мясцовай уладай. Кожную сям’ю ведае. Акрамя ААТ «Палачаны», на тэрыторыі сельсавета яшчэ і СУП «Яхімаўшчына Агра».

На сельсавецкім легкавіку адправіліся на конеферму. Перад стайняй на абуладжаным іпадроме малады трэнер Андрэй Сацук праводзіў заняткі. Пазнаёміліся з чатырнаццацігадовымі ама-зонкамі Юліяй Шылоўскай і Дар’яй Мякінінай. Паўсотні юных спартсменаў у філіяле дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2. Кожнае лета тут ладзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы. Загадчыца племянной конефермы Алена Вяжэвіч давярае юным наезнікам даглядаць жывёлу. У табуне гаспадаркі амаль сто галоў.

Трэнер дзіцячай коннаспартыўнай школы Аляксей САЦУК, юныя спартсменкі Дар’я МЯКІНІНА і Юлія ШЫЛОЎСКАЯ.

Выконваючая абавязкі дырэктара ААТ «Палачаны» Алена Халматава настроена пашыраць конеферму. Паўгадавыя жарабяты рэалізуюцца па 1000 долараў. Запатрабаваныя племянныя скакуны. Конегадоўля поўніць казну гаспадаркі. За мінулы год прадалі паўсотні галоў.

Значны прыбытак дае гаспадарцы і вытворчасць малака. З 2700 галоў буйной рагатай жывёлы звыш тысячы — дойныя каровы. Летась ад кожнай атрымана па 4500 кілаграмаў малака. Жывёлаводы настроены дасягнуць 5-тысячнага рубяжа па надоях. Важна паспець назапасіць якасных кармоў. Механізатары з раніцы косяць на лузе травы, закладваюць сянаж. Галоўны аграном Наталля Бажко клапоціцца аб пасевах. Трактарыст Віктар Цярэшка, які, дарэчы, пастаянна выпісвае «Сельскую газету», займаецца хімпраполкай пасеваў.

Галоўны аграном ААТ «Палачаны» Наталля БАЖКО і выконваючая абавязкі дырэктара Алена ХАЛМАТАВА.

На лузе паміж Палачанамі і вёскай Літва пад’ехалі да статка кароў. Пазнаёміліся з пастухамі СУП «Яхімаўшчына Агра». Васіль Болвах, Віктар Мазырка і самы малады Віталь Базык не першы сезон пасуць жывёлу, а Аксана Апяцёнак упершыню. Амаль 200 галоў у статку. Выпускаюць іх на пашу ў 6 гадзін раніцы і пасуць да абедзенай дойкі. Пасля каровы вяртаюцца на луг да вечара. Пастухі часта мяняюць загонкі. Ад надояў залежаць іх заробкі. У кожнага — сям’я. Пяцёра дзяцей у Васіля Болваха. Жонка Вольга Анатольеўна — даярка. Атрымалі ад гаспадаркі катэдж. Таксама даяркай працуе жонка Віктара Мазыркі Марыя Міхайлаўна. У іх трое дзяцей. Малодшы з пастухоў Віталь Базык расказаў, што пасля шлюбу з загадчыцай бульбасховішча Святланай Георгіеўнай усынавіў дваіх дзяцей.

Пастухі СУП «Яхімаўшчына Агра» Віталь БАЗЫК і Віктар МАЗЫРКА.

Невялікімі гуртамі пасуцца на лузе і каровы вяскоўцаў. Трымаюць іх больш за сто гаспадароў. Старшыня сельвыканкама адзначыла, што ў апошнія гады павялічваецца колькасць кароў на падворках. Маладыя сем’і механізатараў, жывёлаводаў з Рэвалюцыйнай вуліцы аграгарадка набылі электрапастуха і па чарзе ўстанаўліваюць яго на лузе.

Па тоне малака штодзён-на збірае ад вяскоўцаў прад-прымальнік Юрый Канановіч і пастаўляе на Маладзечанскі малочны камбінат.

Малочную міні-ферму стварылі на сваім падворку ў аграгарадку Вольга і Віктар Слівец. Шэсць дойных кароў у іх. Купілі даільны апарат. З малака вырабляюць тварог і рэалізуюць на рынку ў Маладзечне і ў суседнім пасёлку Бярэзінскае.

Механізатары ААТ «Палачаны» Уладзімір ПРЫГОДСКІ, Сяргей ДЗЕМЕШ і Уладзімір ЦЯРЭШКА.

Марыя і Юрый Віннікавы з вёскі Груздава ўзялі ў арэнду тры гектары зямлі і вырошчваюць бульбу, гародніну.

Палачаны і суседнія вёскі прырастаюць маладымі сем’ямі. Прыгожымі ка-тэджамі забудоўваецца Садовая вуліца. З дзяржаўнай падтрымкай узводзіць свой дом шматдзетная сям’я Наталлі і Алега Мігулевічаў. Сельвыканкам выдзеліў участак для забудовы Алене і Аляксандру Сіняка, у якіх трое дзяцей.

Пераважная большасць працаздольных жыхароў занята на вытворчасці ў сельгаспрадпрыемствах. Ствараюцца і новыя працоўныя месцы. На ўскрайку аграгарадка ўзведзены сучасны свінакомплекс. Першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Раманюк паведаміў, што на ім будзе штогод адкормлівацца да 100 тысяч свіней. Будаваўся комплекс на прыватныя сродкі. Плануецца да канца года ўвесці яго ў эксплуатацыю.

Урач Таццяна РАМАНЮК з дочкамі Марыяй, Надзеяй, Любай і сынам Віктарам.

Расійскі прадпрымальнік адкрыў у адноўленым будынку вытворчасць па вырабе абсталявання для дзіцячых пляцовак. Больш за 30 чалавек занята там. Некаторыя жыхары аграгарадка працуюць у Маладзечне. Некалькі разоў на дзень курсіруюць прыгарадны поезд, аўтобусы, часта ходзяць маршруткі.

На падмурку былога касцёла, побач з якім быў маёнтак роду Агінскіх, паўстаў новы храм Святога Роха. На цэнтральнай вуліцы паўтара стагоддзі ўзвышаецца праваслаўная царква Раства Прасвятой Багародзіцы. З настаяцелем айцом Паўлам сустрэліся на царкоўным падворку, аздобленым кветнікамі і газонам. З маладосці падтрымлівае тут парадак 94-гадовая Лідзія Ігнатаўна Харашэвіч. Дом яе насупраць праваслаўнай святыні. За працай засталі жвавую жанчыну: прыбірала вуліцу каля сваёй сядзібы. Павіталася і дадала, што была лепшым паляводам. Нават на пенсіі доўга не раставалася з калгасам.

Айцец Павел ЧАРНЯК.

Равеснікі Лідзіі Ігна-таўны — Мікалай Аляксандравіч і Кацярына Сямёнаўна Завадскія. Да гэтай сямейнай пары мы і завіталі. Жывуць яны на ўскрайку аграгарадка. Сад акружае дом. На падворку нас сустрэў унук Віктар. Па дарозе да хаты прайшлі каля вальера з паўлінамі. Віктар патлумачыў, што гэта яго захапленне. Каля вальера грэліся на сонейку з дзясятак каткоў рознага колеру. Амаль столькі ж рознай пароды сабак і сабачак аглядалі нас. У густой траве пасвіліся козы, а пад старымі яблынямі гагаталі гусі.

Амаль 70 гадоў шлюбу Мікалая і Кацярыны ЗАВАДСКІХ.

З дому выйшла маці Віктара Аляўціна Мікалаеўна. Пад адным дахам жывуць чатыры пакаленні Завадскіх. Ганна, старэйшая дачка Віктара, — сёлетняя выпускніца сярэдняй школы. Паўлік перайшоў у 6-ты клас. Маленькаму Мішы два гадкі.

З саду нетаропка падышоў да нас Мікалай Аляксандравіч. Прыселі на лавачцы. Пачаліся ўспаміны пра перажытае. З бацькамі жыў ён на хутары. Пасвіў кароў і бачыў, як гітлераўскія бамбардзіроўшчыкі знішчалі Маладзечна. У 1944-м пасля вызвалення Міншчыны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Мікалая Завадскага прызвалі ў армію. У горадзе Наваград-Валынскі прайшоў курс маладога байца і адправіўся на фронт. Першы бой прыняў пад Львовам. Вызваляў ад фашыстаў польскія гарады Гнезна, Сахачаў, Скернявіцы, фарсіраваў Одэр, штурмам браў Берлін. Двойчы паранены. Ордэн Славы III ступені атрымаў за тое, што пад жорсткім агнём праціўніка адным з першых у падраздзяленні пераправіўся праз раку і ўварваўся ў варожую траншэю. Агнём аўтамата і гранатамі знішчыў 9 фашыстаў. Атрымаў Мікалай Аляксандравіч і падзяку Вярхоўнага Галоў-накамандуючага Сталіна, а таксама іншыя франтавыя ўзнагароды. У пасляваенны час вярнуўся дамоў, ажаніўся. Да выхаду на пенсію працаваў чыгуначнікам.

Да нас падышла худзенькая Кацярына Сямёнаўна. Прысела на лавачку і, слухаючы ўспаміны мужа, прамовіла, што яго часта запрашаюць на сустрэчы з вучнямі. Школа ад іх дома недалёка, у прыгожым кутку Палачан.

Дырэктар сярэдняй школы Павел ЗАКРУЖНЫ, намеснікі дырэктара Алена МІХАЛЬЦОВА, Наталля ЛІСТАПАДАВА і вучні старэйшых класаў.

З дырэктарам Паўлам Закружным, педагогамі і вучнямі сустрэліся на школьным двары. Для чатырнаццаці сёлетніх выпускнікоў прагучаў апошні званок. Дырэктара радуе, што ў верасні чакаецца 20 першакласнікаў. Адноўлена прафарыентацыя навучэнцаў. Прафесію слесара па рамонце сельгасмашын дзесяцікласнікі атрымліваюць у Бярэзінскім дзяржпрафтэхліцэі. Дзейнічае музычны факультатыў па класах баяна, дудкі, скрыпкі і фартэпіяна. Новым пакаленнем прырастае палачанская зямля, дзе ўсе жывуць адной сям’ёй.

Маладзечанскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter