Как в кричевской деревне Лобковичи восстанавливают древние обряды

«Пакумімся, кума, нам з табою не сварыцца...»

На першы погляд, такіх сельскіх дамоў культуры, як Лабковіцкі, хапае ўсюды. Можа, і так, толькі ёсць у ім адметная ўласцівасць, якая адрознівае ад шматлікіх устаноў, дзе мне даводзілася бываць падчас камандзіровак. Сама вёска Лабковічы прытулілася на правым беразе Сожа. На процілеглым беразе ракі ўжо Расія, магчыма, з-за гэтага тут усё змяшалася і пераплялося. Нават дыялект своеасаблівы. А мясцовыя жыхары да гэтай пары прытрымліваюцца традыцый і абрадаў, якія перанялі ў прашчураў. І наогул, кожная ўстанова культуры Крычаўшчыны можа пахваліцца чымсьці сваім.

Свята Тройцы і абрад «Кумленне».

КРЫХУ адыду ўбок і скажу, напярэдадні ў хаце адной старэнькай жыхаркі з аграгарадка Маляцічы таго ж Крычаўскага раёна мне на вочы трапіла нейкая незвычайная статуэтка. Тоўстая, з аплыўшым па баках воскам, ахутаная ў «вопратку» з празрыстай гардзіны, што на вокнах вісяць. Спытацца, што гэта такое, пасаромелася, бо да жанчыны заходзіла зусім з іншай нагоды. Толькі на наступны дзень даведалася, што гэта «Прачысцінская» свечка і ў розных вёсках яна мае розныя назвы. Напрыклад, у Лабковічах — «Духаўская». На жаль, гаспадыня Вольга Дзям’янаўна Попік, якой яна належала, пару дзён таму аднесла яе ў храм. Але расказала цікавую гісторыю:

— Колькі нашай «Духаўскай» свечцы гадоў, нават і не скажу. Я прыняла яе ад сваёй свякроўкі Еўдакіі, а тая ад сваіх бацькоў (у Лабковічах жыву ўжо 73 гады). Першапачаткова свечку ў выглядзе чалавечай фігуркі з паднятымі ўгору рукамі рабілі, як умелі, з царкоўнага воску, толькі апошнія гады куплялі ў пчаляроў. Для яе шылі прыгожае «адзенне», падобнае на маленькую спаднічку. Напярэдадні свята Духа, альбо Духавай суботы (многім больш звыкла чуць Сёмуха, ці Тройца), сукенку здымалі, а свечку «нацуквалі» новым воскам. Кавалачак тапілі і прыляплялі, чытаючы малітвы. Потым апраналі новую вопратку і ўпрыгожвалі стужкамі. Так з кожным годам свечка таўсцела і змяняла форму. На свята яе неслі ў храм, дзе запальвалі. Пасля службы яе год захоўвала другая гаспадыня.  З гэтай нагоды ладзілі асаблівае свята.

Перамяшчэнне не парушаецца гадамі, рэліквія перадаецца па своеасаблівым коле. Напрыклад, у так званай абшчыне 10 жанчын, вось у іх па чарзе і «жыве» цэлы год свечка. Калі хто новы пажадае далучыцца, прымаюць. І гэты чалавек потым дапамагае купляць у пчаляра новы воск.

Гэтая традыцыя стала фішкай не толькі ў Лабковічах. У аграгарадку Касцюшкавічы «жыве» «Іллінская» свечка, з суседніх Хацілавічаў сюды пераехала «Казанская». Там засталася «Юр’еўская», а ў Паўлавічах і Маляцічах — «Прачыстая». З кожнай звязаны свае царкоўныя святы, малітвы і абрады. Але кажуць, што яны ахоўвалі хату гаспадароў і засцерагалі вёску ад злых духаў і пошасцей. Можа, і так, галоўнае ж — верыць.

Дырэктар Лабковіцкага СДК Алена БАЛДЗЕСАВА.
Дырэктар Лабковіцкага сельскага дома культуры Алена Балдзесава вядзе ў музейны пакой, дзе захоўваюцца іншыя рарытэтныя рэчы — саматканыя ручнікі. Іх у калекцыі клуба аж 20, кожны не падобны адзін на аднаго. Алена Аляксандраўна збірала іх, як кажуць, «з міру па нітцы». Жанчыны з розных вёсак перадавалі свае палотны. Адна сама прыносіла, другую прыходзілася ўгаворваць, а трэцяй і грошыкі заплаціць. Самае старадаўняе з калекцыі саткалі ў канцы XIX стагоддзя ў вёсцы Стараселле. Цяпер брэндавым мерапрыемствам Лабковіцкага СДК з’яўляецца фальклорная вечарына «Матуліны ручнікі». Ткачых, якія маглі б карыстацца станком, на жаль, не засталося.

Некалі я чула ад старэнькай жанчыны ў адной з вёсак на Магілёўшчыне, што яна назвала ручнік «абыдзеннікам». Тады палічыла, што гэта тое, чым карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці. І толькі ў Крычаўскім раёне даведалася, «абыдзеннік» ткалі за адну ноч альбо за дзень. Ён быў абярэгам падчас вайны, эпідэміі і засухі, якім абносілі вёску, а потым вешалі на прыдарожны вялікі крыж і нават праганялі праз яго хатнюю жывёлу. Назваў у саматканых рэчаў шмат — «набожнік», «трапкач», «уціральнік», «намітка»…

ПАКУЛЬ слухала Алену Аляксандраўну і разглядала гліняныя гарлачыкі, драўляныя пралкі, качалкі, ступкі і маслабойкі, увесь час думала: такі сельскі Дом культуры цалкам можа быць філіялам Дома рамёстваў. Адны ручнікі чаго вартыя. Акрамя вышыўкі чорна-чырвонай градацыі, сустракаюцца і шэра-чырвоныя тоны з перавагай шэрага колеру і ў вышывальных нітках, і ў карунках. Наогул, як мне паведамілі, на Крычаўшчыне падобнага дэкаратыўна-афарміцельскага рашэння нідзе больш няма.

Затое ў навакольных вёсках праводзяцца абрады «Юр’еў дзень», «Багач», «Жаніцьба коміна», «Заручыны»… Лабковічы ганарацца «Кумленнем». На сёмы дзень пасля Вялікадня дзяўчаты ідуць у гай з песнямі: «Пойдзем, дзеванькі, мы ў гай гуляць, мы ў гай гуляць, вянкі завіваць. А заўём вянкі, ды на ўсе святкі, ды на ўсе святкі, ды на духаўскія». Пасля завіваюць бярозку, скручваючы голле ў вяночак. Затым праходзяць пад варотамі ўдваіх, мяняючыся крыжыкамі альбо хустачкамі. Цалуюцца скрозь вянкі, гаворачы адна адной пажаданні: «Яшчэ табе падрасці, дый болей расцвесці».  Потым гавораць такія словы: «Пакумімся, кума, пакумімся, нам з табою не сварыцца і вечна дружыцца». Пакуміўшыся, дзяўчаты лічацца сяброўкамі на ўсё жыццё альбо да кумлення на наступны год. Тая ж бярозка была галоўным сімвалам і на Тройцу. Маладую дзяўчыну прыбіралі, як дрэўца, заплятаючы ў косы рознакаляровыя стужкі. Вадзілі па вуліцы з песнямі, каб людзі жылі добра, а ўраджай быў багатым.

За абрад «Кумленне» кожны год на міжрэгіянальным конкурсе «Зялёныя святкі» ў Чавусах Лабковіцкі СДК займае прызавыя месцы. На стэндах — пацвярджэнні творчых заслуг самадзейнага калектыву, які прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах і фестывалях самых разнастайных узроўняў. У райвыканкаме тлумачаць, Алена Балдзесава родам з Лабковічаў, узначальвае Дом культуры ўжо 32 гады — пасля заканчэння  Магілёўскага культасветвучылішча. Чалавек адданы сваёй справе ўсім сэрцам, а побач з ёю людзі, якія і дапамагаюць, і падтрымліваюць. На спеўкі ў клуб аматараў народнай песні «Прысожжа» прыходзяць 7 жанчын, яны ж і галоўныя артысты на ўсіх пляцоўках. Малодшай крыху больш за 40 гадоў, старэйшай — 81.

ДАВЕДКА «СГ»

У 1971 годзе рэжысёр Валерый Рубінчык здымаў у Лабковічах гістарычную драму «Магіла льва». Вёска — малая радзіма дзяржаўнага дзеяча, намесніка міністра чорнай металургіі СССР, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Барысава і дыпламата, дзяржаўнага дзеяча Беларусі, міністра замежных спраў, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, кандыдата медыцынскіх навук Кузьмы Кісялёва.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара і Крычаўскага аддзела ідэалогіі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter