У Мінску прэзентавана кніга пра беларускія звонавыя традыцыі

Пакуль гучаць званы...

У Мінску прэзентавана кніга пра беларускія звонавыя традыцыі ды на высокім узроўні адзначана падзвіжніцкая праца дзесяці адметных званароў

Нашы чытачы, пэўна, памятаюць тэкст “Званы. Званіцы. Званары” (ГР, №8, 3.03.2016) — пра тое, што ў Беларусі ацалелі ды зберагаюцца звонавыя традыцыі продкаў. Аўтар публікацыі — Алена Шацько, этнамузыказнаўца-кампанолаг, кандыдат мастацтвазнаўства. Спадарыня Алена правяла вялікую даследчую работу. З 2003 па 2011 год яна пабывала ў 287 храмах розных рэгіёнаў Беларусі, гутарыла там з прадстаўнікамі духавенства, вернікамі, званарамі, склала рэестр званоў і з камандай аднадумцаў зрабіла запісы іх гучання. І калі напрыканцы траўня ў Белай зале мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх святых прэзентавалася яе чарговая кніга “Колокольный звон Белой Руси: Тысячелетие традиции”, то згадвалася: навукоўца працавала і ў 15 музеях Беларусі, а таксама 25 архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі.

У прэзентацыі ўдзельнічалі настаяцель Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Фёдар Поўны і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. “Звон — частка нашай духоўнай культуры, голас народнай душы. Пакуль гучаць званы, на зямлі — час спрыяльны, грамадства арыентуецца на духоўнае развіццё”, — адзначыў Фёдар Поўны. Ён нагадаў, што на званіцы Храма-помніка вісяць тры званы. Самы вялікі з іх, вагою 5 тон, перадаў у дар Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, сярэдні — Патрыярх Маскоўскай і ўсяе Русі Алексій II, малы — мітрапаліт Філарэт, цяпер ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

За асабісты ўклад у захаванне гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі падзякамі Міністра культуры адзначаны 10 званароў, якія захавалі канон царкоўнага звону свайго храма ды перадаюць майстэрства моладзі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter