Мы ўсё яшчэ пішам галоўную кнігу пра вайну

Пакуль ідуць бацькоўскія гадзіннікі

ВЫТОКІ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ З УЛАДЗІМІРАМ СУБАТАМ

Мы ўсё яшчэ пішам галоўную кнігу пра вайну


У ГІСТОРЫІ многіх народаў ёсць такія падзеі і даты, у якіх з найбольшай паўнатою адлюстроўваецца дух і гістарычная значнасць часу. Для беларусаў, для народаў рэспублік былога Савецкага Саюза, для многіх людзей свету такой падзеяй стала Перамога над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. У сем’ях жыве памяць пра вытокі ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі, пра родных, лёсы якіх апаліла страшэнная вайна.

ЯК САМАЯ памятная рэліквія захоўваюцца ў маёй сям’і некалькі пажоўклых больш як за сем дзесяцігоддзяў франтавых салдацкіх трохкутнікаў ад дзядулі Мікіты, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны атрымлівала ад свайго мужа-франтавіка бабуля Вольга Сцяпанаўна. У радках, напісаных у акопах хімічным алоўкам аднапалчанінам пад дыктоўку няграматнага палешука Мікіты Лукшы, больш хвалявання за лёс сям’і і скупы расповед пра свае баявыя справы. Апошняй весткай пра дзеда была пахаванка, у якой указана, што чырвонаармеец Мікіта Лукша загінуў у баі з нямецкімі фашыстамі на беразе Дуная. Без бацькі раслі сын Усевалад і дачка Фядора. Салдацкая ўдава Вольга Сцяпанаўна Лукша, як тысячы іншых абабраных вайной савецкіх жанчын, з усіх сіл падымала на ногі сваіх сірот, дапамагла ім атрымаць сельскагаспадарчую адукацыю. У вечнасці ўжо і бабуля Вольга Сцяпанаўна, на месцы яе падворка асірацела ўсыхаюць адзінокія старыя яблыні. А франтавыя пісьмы дзеда Мікіты, як святая часцінка памяці пра вытокі Вялікай Перамогі, чытаюцца-перачытваюцца яго нашчадкамі. Другая ж мая бабуля Ганна Якаўлеўна Жук не дачакалася з вайны сына Станіслава. Яшчэ доўга пасля вайны яна, амаль аслеплая ад слёз, да апошняга дня свайго жыцця не верыла пахаванцы на сына Станіслава, які навекі застаўся ляжаць у зямлі каля Будапешта.

Бацьку майму пашчасціла вярнуцца з вайны жывым. У нашым невялікім палескім гарадку заўжды ў Дзень Перамогі ладзяцца ўрачыстасці і ўшанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Па традыцыі былым франтавікам уручалі кветкі і падарункі. Кожны свой такі прэзент — наручны гадзіннік — бацька перадаваў чарговаму ўнуку. Так атрымалася, што ўсім унукам, а іх восем, пакінуў ён памятныя гадзіннікі, як і расповеды пра эпізоды франтавога мінулага.

А таксама віншавальнае пісьмо ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка ў Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзе ёсць такія радкі: «Усе, хто ішоў у тыя гады пад пулі, снарады і бомбы, хто ў тыле ворага каваў перамогу над фашызмам, гатовыя былі цярпець любыя пакуты, аддаць сваё жыццё, каб толькі жыла і квітнела Радзіма, быў вольны і шчаслівы народ». Усе пасляваенныя гады бацька прысвяціў працы на зямлі: вырошчваў хлеб, касіў травы, пас авечак. Вечарамі расказваў пра перажытае, узгадваў баявых сяброў. Быццам жывыя паўставалі перад намі вобразы яго аднапалчан.

Узгадваюцца і ўспаміны маці пра жыццё ў бежанцах з двума малымі дзецьмі на руках. Нашу драўляную хату занялі акупанты. Так і засталася тырчаць у верхнім кутку сцяны пад дахам гільза артылерыйскага снарада, праз якую быў праведзены дрот, што злучаў з назіральным пунктам на высокім дубе. Фашысцкія назіральнікі з вяршыні высокага дрэва ў бінокль аглядалі шырокі пойменны плацдарм. Як толькі заўважалі нейкі рух на вайсковых пазіцыях, тузалі за дрот. У хаце раздаваўся гук, і фашысцкія салдаты ўскоквалі па трывозе. Больш як год стаяў фронт у гэтым кутку беларуска-украінскага Палесся.

Ужо няма бацькоў. У доме жывуць іх унукі. А на сцяне ледзьве прыметная, выцвілая ад часу і такая дарагая сэрцу шыльдачка з зорачкай і намаляванай баявой стужкай з надпісам, што тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны...

Многія вуліцы ў нашым гарадку носяць імя самых бясстрашных мясцовых герояў. Увекавечана памяць і даваеннага дырэктара сярэдняй школы Мікалая Абадоўскага, які ў першыя дні фашысцкай акупацыі арганізаваў маладзёжнае падполле. Учарашнія вучні збіралі звесткі пра размяшчэнне акупантаў, устройвалі акцыі, дыверсіі супраць ворага. І цяпер у раённым краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы маладых падпольшчыкаў Міхаіла Кавальца, Паўла Дабрынца, Максіма Гліняніцы, Мірона Галузы, Веры Дзяжурка, братоў Івана і Аляксандра Барэйкаў, Леаніда і Саламона Робцаў, якія смела выконвалі заданні свайго школьнага дырэктара. Маладыя мсціўцы па ўказанні кіраўніцтва штаба партызанскага руху на Палессі ўзарвалі майстэрню па рамонце варожых танкаў, а потым і лесазавод. Усе гады нямецкай акупацыі маладзёжнае падполле не давала ворагу спакою. Пры выкананні аднаго з заданняў фашысцкі патруль высачыў падпольшчыцу Веру Дзяжурка. Ворагі доўга катавалі дзяўчыну, здзекаваліся над ёю, але нікога з маладзёжнай падпольнай групоўкі яна так і не выдала. Яе і школьнага сябра Максіма Гліняніцу азвярэлыя акупанты расстралялі. У брацкай магіле, што ў гарадскім парку Століна, пахаваны і малады падпольшчык Мірон Галуза.

У 1942 годзе на Палессе для актывізацыі партызанскага руху быў засланы з Масквы камандзір дыверсіённага атрада Антон Брынскі. Маладыя падпольшчыкі дапамагалі яму. За паспяховае выкананне асабліва важных заданняў па знішчэнні ворага Антону Пятровічу ў 1944 годзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Столінскаму маладзёжнаму падполлю Антон Брынскі прысвяціў кнігу «Бязвусая каманда». Так, на самой справе не давала спакою акупантам гэтая бязвусая каманда, якою кіраваў дырэктар Столінскай сярэдняй школы Мікалай Абадоўскі.

ТАКІЯ каманды дзейнічалі па ўсёй акупаванай фашыстамі Беларусі. На сінявокай Віцебшчыне, у Расонах і навакольных вёсках, з першых дзён вайны стварылася падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя з настаўнікаў і навучэнцаў сярэдняй школы. Узначаліў яе педагог Пётр Міронавіч Машэраў. Да снежня першага года вайны пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гэтай арганізацыі на Віцебшчыне былі створаны падпольныя камсамольска-маладзёжныя групы. Расонская маладзёжная падпольная арганізацыя да ліпеня 1942 года дзейнічала самастойна і насіла назву атрада «Дубняк». Налічвалася ў ёй 163 партызаны. Частка маладых падпольшчыкаў уладкавалася на працу ў розныя ваенна-гаспадарчыя, адміністрацыйныя і іншыя ўстановы захопнікаў. Гэта давала магчымасць атрымліваць неабходныя дакументы, інфармацыю пра планы і намер акупацыйных уладаў, падтрымліваць сувязь з падпольнымі групамі і асобнымі патрыётамі.

Атрад, якім кіраваў Пётр Машэраў, у жніўні 1942 года зладзіў буйную аперацыю — узрыў моста праз раку Дрыса на чыгунцы Віцебск—Рыга. Камсамольцы-падпольшчыкі папаўнялі партызанскія атрады. А іх школьны настаўнік Пётр Машэраў у сакавіку 1943 года быў прызначаны камісарам партызанскай брыгады імя Ракасоўскага. У абставінах агалцелага тэрору, калі многія мясцовыя жыхары ледзьве не страчвалі веру ў перамогу над ворагам, Пётр Міронавіч з вялікай рашучасцю і выключнай асцярожнасцю аб’ядноўваў вакол сябе былых школьных вучняў. Сваімі паводзінамі малады настаўнік паказваў прыклад мужнасці і патрыятызму для ўчарашніх навучэнцаў. Праз гады, калі Пятра Машэрава прадстаўлялі да прысваення звання Героя Савецкага Саюза, пра яго пісалі: «…першы арганізатар партызанскага руху ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, які пераўтварыўся ва ўсенароднае паўстанне і стварыў абшырны партызанскі край у дзесяць тысяч квадратных кіламетраў, поўнасцю скінуўшы нямецкае іга і аднавіўшы савецкую ўладу. Двойчы паранены, таварыш Машэраў за час двухгадовай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі праявіў асабістую мужнасць і адвагу, аддаючы ўсе свае сілы, веды і здольнасці гэтай барацьбе і не шкадуючы свайго жыцця. Варты прысваення звання Героя Савецкага Союза».

І гэтага звання Пётр Машэраў быў удастоены яшчэ ў час вайны, у 1944 годзе.

У Расонскім раённым краязнаўчым музеі прасторную залу займае экспазіцыя, прысвечаная Герою Савецкага Саюза Пятру Машэраву і яго баявым сябрам — былым вучням. У глыбіні сасновага бору дагэтуль падтрымліваецца партызанскі лагер, дзе мясціліся маладыя байцы. Зямлянкі, партызанская сталоўка, загон для коней, умывальнікі — усё гэта можна ўбачыць сярод векавых сосен — сведкаў тых незабыўных ваенных падзей. У жывых застаўся адзін партызан з брыгады імя Шчорса, якою камандаваў Пётр Міронавіч, — дзевяностагадовы Канстанцін Павялечка.

У КОЖНАЙ сям’і нашай шматпакутнай Беларусі памятаюць пра ўсенароднае змаганне з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Філосаф мінулага веку Віктар Франкл, якому давялося таксама перажыць вайну і тры гады канцэнтрацыйных лагераў смерці, з упэўненасцю заявіў, што калі ведаеш навошта, пераадолееш любыя як. Наш народ ведаў, дзеля чаго змагаўся да апошняга з акупантамі і знаходзіў шляхі да перамогі.

У новым цыкле «Вытокі Вялікай Перамогі» наша газета плануе знаёміць чытачоў з асабліва яркімі эпізодамі змагання савецкіх людзей з захопнікамі. Запрашаем да ўдзелу ўсіх, каму ёсць што ўспомніць, з чаго пачыналася і як вялася ўсенародная барацьба з фашызмам. Кожны самы маленькі эпізод, фрагмент, успамін пра баявое мінулае вартыя памяці.

Ёсць што прыгадаць пра ліхія часы дзевяностагадоваму брэстчаніну, маёру ў адстаўцы Аркадзю Маісеевічу Бляхеру. Васемнаццацігадовым юнаком сустрэў ён вайну ў беларускай сталіцы. Пасля школьнага выпускнога вечара з сябрамі збіраўся на адкрыццё Камсамольскага возера, але па радыё пачулі страшэнную вестку аб вераломным нападзе на нашу краіну. Далей — артылерыйскае вучылішча ў Сталінградзе і накіраванне на Данскі фронт. Потым, пасля кароткатэрміновых курсаў камандзіраў батарэй пад Чалябінскам — Трэці Украінскі фронт, удзел у Яса-Кішынёўскай аперацыі. Ніколі не забудзе Аркадзь Маісеевіч апошні лістападаўскі дзень 1942 года, калі ён цудам застаўся ў жывых. Цяжка параненага маладога байца Аркадзя Бляхера выхадзілі ў ваенным шпіталі. Як і не забыць яму бой пад данскім хутарам Іларыёнаўскі, дзе савецкім войскам удалося разграміць вялікую нямецкую групоўку, што імкнулася выйсці з акружэння. У пасляваенны час былы франтавік Аркадзь Маісеевіч Бляхер працаваў журналістам, часта друкаваўся ў нашай газеце і цяпер пастаянна чытае яе.

Вытокам усеагульнай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прысвечана большасць твораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Законы праўды і чалавечнасці — галоўныя ў яго творчасці. Яны ўзнялі літаратара да сусветнага прызнання. Васіль Уладзіміравіч адзначаў, што вытокі масавага гераізму нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны праглядаюцца ў нашай гісторыі. Пісьменнік глыбока і таленавіта даследаваў, адлюстраваў у сваіх творах псіхалогію масавага гераізму. Яго гераіня Сцепаніда з аповесці «Знак бяды» загінула, але не страціла чалавечую годнасць. Хочацца, каб і нашы нашчадкі таксама заставаліся годнымі.

ДЗЕЛЯ выхавання моладзі настаўнік гісторыі Слабадской сярэдняй школы Лепельскага раёна Валерый Уладзіміравіч Тухта стварыў невялікі музей пра вясковых змагароў з фашызмам, у якім усе экспанаты сабраны школьнікамі: фотаздымкі, аўтабіяграфічныя звесткі пра мясцовых партызан, франтавікоў, дакументы, узнагароды, баявыя снарады, гільзы, патроны і іншыя рэчы ваенных часоў. У школе дзейнічае ваенна-пошукавы гурток «Нашчадкі». Кожнае лета вучні разам з настаўнікам Валерыем Уладзіміравічам Тухтай ладзяць экспедыцыі па навакольных вёсках і лясах, мясцінах, дзе былі стаянкі партызанскіх атрадаў, запісваюць успаміны старажылаў пра змаганне з акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

А ў Лёзненскім краязнаўчым музеі сярод мноства самых цікавых гістарычных экспанатаў нельга не заўважыць звычайны школьны сшытак, дзе пакінула запісы мясцовая сялянка Домна Сільвестраўна Рагалёва. Глыбокі след у гэтых мясцінах застаўся пасля вайны. За час акупацыі нямецка-фашысцкія нелюдзі знішчылі тут 2901 мірнага жыхара. Яшчэ грымелі баявыя залпы, савецкія войскі вызвалялі ад фашысцкіх акупантаў першыя беларускія гарады і вёскі. Жорсткім быў бой за вызваленне Лёзна. Шмат палегла нашых салдат, многіх пахавалі на лёзненскіх могілках. Домна Сільвестраўна абышла ўсе магілкі і перапісала ў школьны сшытак прозвішчы пахаваных франтавікоў. Стала пісаць пісьмы родным загінуўшых салдат у розныя куткі былога Савецкага Саюза, расказваючы пра месца пахавання мужных герояў вайны. Атрымлівала адказы, знаходзіла час і жаданне падтрымліваць перапіску. А пасля і прымала ў сваім сялянскім доме гасцей, што прыязджалі пакланіцца сваякам, загінуўшым пры вызваленні Лёзна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Быццам звычайная гісторыя, але вартая глыбокай пашаны і ўвагі да простай беларускй сялянкі Домны Сільвестраўны Рагалёвай.

УЗГАДВАЕЦЦА, як некалі мне, яшчэ зусім юнаму журналісту Беларускага радыё, пашчасціла сустрэцца з вядомымі савецкімі пісьменнікамі Канстанцінам Сіманавым, Аляксандрам Чакоўскім, Сяргеем Смірновым, якія прыехалі ў беларускую сталіцу на творчую сустрэчу. Запісваючы на магнітафон інтэрв’ю з імі, я прагна лавіў кожнае слова легендарных літаратараў. На ўсё жыццё запомнілася, што трэба збіраць па зярнятку і захоўваць усё пра ваенны гераізм савецкага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта надзвычай важна як для нас, так і для нашых нашчадкаў.

«Самая галоўная кніга пра мінулую вайну яшчэ не напісана», — сказаў мне тады ў інтэрв’ю Канстанцін Сіманаў.

Мінула шмат гадоў з той памятнай сустрэчы з вялікімі савецкімі пісьменнікамі, якія самі зведалі жахі ваеннага ліхалецця. Іх наказ памятаю і імкнуся іншым перадаць. Колькі самага цікавага можа расказаць кожны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны і той, каму давялося быць сведкам яе. Усёй краінай набліжаў наш народ Вялікую Перамогу. Толькі разам і змаглі ўстаяць перад націскам фашысцкіх войскаў, павярнуць ход гістарычных падзей на фронце і бліскуча закончыць Другую сусветную вайну поўнай капітуляцыяй фашысцкай Германіі. Сем дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад тых векапомных апошніх дзён вайны. Усё радзей можна пачуць і ўбачыць у нашых гарадах і вёсках жывога ўдзельніка мінулай страшэннай бойні. Далей адыходзіць у гісторыю тая цяжкая эпоха. Вельмі важна паспець сабраць і занатаваць успаміны апошніх сведкаў самай жорсткай сусветнай вайны.

P.S. Першы герой цыкла «Вытокі Вялікай Перамогі» — поўны кавалер ордэнаў Славы Віктар Дзмітрыевіч Ветошкін. Сустрэча з ім — праз тыдзень на старонках нашай газеты.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter