Почему 97 процентов операций на белорусском фондовом рынке — это сделки с облигациями

Пакуль абыходзіцца без акцый

Нягледзячы на тое што ў краіне робіцца няма­ла для развіцця фі­нан­савага рынку, некаторыя задачы пакуль вырашаюцца не ў поўнай меры. Фінансісты канстатуюць: пры росце неабслугоўваемых акты­ваў рынак неабходна разві­ваць па ўсіх напрамках — ад актывізацыі аперацый з акцыямі да ўкаранення лічбавых тэхналогій. Чаму сёння большая колькасць здзелак праводзіцца з аблі­гацыямі, дзе Беларусь плануе размяшчаць каштоўныя паперы і як будзе пагашаць у гэтым годзе знешні доўг, эксперты абмеркавалі падчас «круглага стала» Cbonds «Пазыковы рынак Рэспублікі Беларусь».

ru.fxpro.news

Аблігацыі ідуць уверх

Па ацэнцы дырэктара Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Аляксея Красінскага, на беларускім рынку аблігацый у мінулым годзе колькасць эмітэнтаў вырасла на 10 працэнтаў, агульны аб’ём эмісіі папер склаў 30 млрд рублёў на 1 студзеня 2019 года (каля 30 працэнтаў да ВУП). Пры гэтым аб’ём карпаратыўных аблігацый набліжаецца да 20 млрд рублёў. Пазітыўны момант — аб’ём здзелак на другасным рынку таксама набліжаецца да 30 млрд рублёў, што дазваляе гаварыць і аб паступовым развіцці другаснага рынку каштоўных папер:

— На жаль, для нас па-раней­шаму з’яўляецца даміную­чым неарганізаваны рынак каш­тоў­ных папер. Але далейшую перспектыву развіцця фондавага рынку мы бачым у напрамку арганізаваных таргоў каштоўнымі паперамі і максімальна імкнёмся да гэтага. Па структуры аперацый хацелася б звярнуць увагу вось на што: у мінулым годзе рынак акцый яшчэ больш паменшыўся. Па факце каля 97 працэнтаў аперацый на фондавым рынку — гэта здзелкі з аблігацыямі. Пры гэтым неабходна адзначыць значнае скарачэнне аб’ёму дзяржаблігацый і аблігацый Нацбанка на фоне прыкметнага росту аблігацый банкаўскіх структур і карпаратыўных нябанкаўскіх пазычальнікаў.

Яшчэ адна тэндэнцыя: калі раней рынак валютных і рублёвых аблігацый быў парытэтным, то ў другой палове 2018 года, пасля таго як Нацбанк абвясціў аб сур’ёзных мерах па дэдаларызацыі, многія эмітэнты змянілі крэдытны партфель. Перш за ўсё менавіта банкі звярнуліся да валютных аблігацый. Праўда, на гэтым фоне агульны аб’ём эмісіі на 1 студзеня 2018-га і 2019-га не змяніўся.


Плата па даўгах

Не засталося ўбаку і пытанне выплаты дзярждоўгу краіны. Нагадаем, пагашэнне асноўнага доўгу на 2019 год ацэньваецца ў памеры 2,1 млрд долараў. Начальнік галоўнага ўпраўлення дзярждоўгу Міністэрства фінансаў Міхаіл Прышчэпа падрабязна раскладвае гэтую суму на часткі: 0,8 млрд долараў будзе кампенсавана за кошт недаўгавых крыніц фінансавання, на 600 млн долараў чакаецца крэдыт з бюджэту Расіі (такая сума ў ім ужо прадугледжана), яшчэ 700 млн долараў разлічваюць прыцягнуць непасрэдна за кошт размяшчэння каштоўных папер на ўнутраным і знешніх рынках:

— Апошні выпуск еўрааблігацый у нас адбыўся ў 2018 годзе. Гэтая дарожка ўжо, можна сказаць, для Беларусі з’яўляецца пратаптанай, у гэтым годзе мы чакаем выхад на дадзены рынак нашых карпаратыўных каштоўных папер. Мы будзем старацца дыверсіфікаваць свой партфель запазычанняў, глядзець на іншыя рынкі. Ужо прапрацоўваецца пытанне размяшчэння каштоўных папер на расійскім рынку, а таксама ў Кітаі. Нашы рэсурсы і магчымасці сёння дазваляюць не бегчы, ламаючы галаву, туды, а глядзець на кан’юнктуру, цэнавую палітыку і прымаць рашэнні па аб’ёме выпуску і часе дадзенага выпуску, зыхо­дзячы ўжо з выгадных для нас умоў.

Банкінг чакае развіцця

Сёння Урад і Нацбанк робяць актыўныя крокі па развіцці фінансавага рынку, аднак галоўныя задачы пакуль вырашаюцца не ў поўнай меры. Аналіз сітуацыі ў інвестыцыйнай сферы паказвае: ва ўмовах недастатковасці ўласных рэсурсаў, абмежаванасці бюджэту, прамых замежных інвестыцый адзіным спосабам фінансавання рэальнага сектара эканомікі застаецца банкаўскі крэдыт. Што за гэтым стаіць, вядома — рост неабслугоўваемых актываў. На думку начальніка ўпраўлення развіцця інвестыцыйных аперацый Нацбанка Аляксандра Ракава, адзін з магутных крокаў — развіццё фінансавага рынку па ўсіх напрамках: актывізацыя рынку акцый, павышэнне канкурэнцыі сярод удзельнікаў, фарміраванне эфектыўнага рынку праблемных актываў, укараненне лічбавых тэхналогій.

Адной з такіх кропак росту можа стаць інвестыцыйны банкінг (карпаратыўнае фінансаванне, брокерская і дылерская дзейнасць банкаў, давернае кіраванне, інвестыцыйнае фінансаванне). У той жа час Аляксандр Ракаў агучвае меркаванне банкіраў, якія тлумачаць, чаму інструмент пакуль не развіваецца ў поўнай меры. Асноўныя прычыны — нізкая зацікаўленасць беларускіх інвестараў у размяшчэнні сродкаў на ўнутраным рынку каштоўных папер, недастатковая інтэграцыя нашай дэпазітарнай сістэмы ў сусветную, недастатковы ўдзел фізічных асоб у інвесціраванні на рынку каштоўных папер, а таксама слабая прапанова з боку фінансава-ўстойлівых эмітэнтаў. Так што працаваць пакуль ёсць над чым.

ТЫМ  ЧАСАМ

Паводле ацэнкі намесніка старшыні праўлення Белару­скай валютна-фон­давай біржы Барыса Фрыдмана, у мінулым годзе біржавы аб’ём гандлю аблігацыямі склаў 8 млрд руб­лёў. Прычыны росту аб’ёмаў — павелічэнне аперацый з дзяр­жаў­нымі аблігацыямі. Аб’ём першаснага рынку гэтых папер вырас на 74 працэнты, другаснага — у 2,5 раза.

На другасным рынку ў 5,3 раза павялічылася колькасць аперацый з дзяржаўнымі паперамі, намінаванымі ў беларускія рублі. У карпаратыўным сегменце ў 2,5 раза вырас аб’ём банкаўскіх аблігацый. Па стане на 1 студзе­ня дапушчаны да абароту 448 выпускаў аблігацый 102 эмітэнтаў.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter