Жыхары гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, што на Віцебшчыне, могуць трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса

Пакрывала перакінуць праз Даўгаву

Жыхары гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, што на Віцебшчыне, могуць трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Яны сталі ўдзельнікамі цікавага міжнароднага  культурнага праекта, ініцыятарам якога выступіў Наўенскі краязнаўчы музей з Даўгаўпілскага краю Латвіі. Сутнасць задумкі ў тым, каб аб’яднацца і звязаць самае вялікае на Зямлі палатно такой даўжыні, каб яго можна было перакінуць з аднаго берага ракі Даўгавы (Дзвіны) на другі, і дзякуючы гэтаму заявіць усяму свету пра прыгажосць і маляўнічасць свайго роднага краю, пра добразычлівасць і таленавітасць людзей, якія ў ім жывуць.



Адбыцца гістарычнае пера­кідванне палатна павінна каля стараверскай этнаграфічнай вёскі Слуцішкі. Яна знаходзіцца ў Латвіі на тэрыторыі прыроднага парку Аўшдаўгава, які з 2011 года ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта ўнікальнае месца з вялікай колькасцю рэдкіх відаў раслін і жывёл. Тут звужаецца старажытная даліна ракі і знахо­дзяцца «Вароты Даўгавы» — таксама прыродны помнік, залічаны ў спіс дзесяці самых значных прыродных аб’ектаў гэтай краіны.

Ідэю стварэння рукатворнага пакрывала Аўшдаўгавы падтрымалі спачатку ва ўсіх рэгіёнах Латвіі, а затым у Літве, Эстоніі, Германіі, Турцыі, Японіі. Летась да акцыі далучыліся шаркаўчане.



За працу ўзяліся мясцовыя рукадзельніцы, наведвальніцы клуба «Жаночы час» у Доме культуры, школьнікі. У выніку ўжо гатовыя дзясяткі фрагментаў памерам 20х20 сантыметраў, якія перададуць у Наўенскі краязнаўчы музей і там аб’яднаюць у 20-метровае палатно, — уклад у агульную справу майстрых Шаркаўшчынскага раёна. Усяго ж, каб быць прызнаным рэкордам, пакрывала Аўшдаўгавы павінна мець даўжыню 500—600 метраў. Пакуль з усіх зробленых фрагментаў, над стварэннем якіх працавалі  больш за 3 тысячы чалавек, у Латвіі сабрана 100 метраў палатна.

Работы шаркаўшчынскіх удзельнікаў звязаны на спіцах і кручком, вышытыя крыжыкам, выкананыя ў тэхніцы пэчворк. Абавязковая ўмова — на кожнай імя, прозвішча, узрост аўтара. Узоры — самыя розныя. Малюнкі — таксама. А ў цэнтры будучага кавалка палатна — метровы вывязаны квадрат, упрыгожаны выявай талісмана Шаркаўшчыны — сімпатычнага Дзядка-Шарачка з сакавітым яблыкам у руцэ. Гэты плод з’яўляецца брэндам горада і раёна, штогод у жніўні тут, на радзіме вядомага селекцыянера-аматара Івана Сікоры, праходзіць фестываль «Яблычны Спас». 

Дарэчы, рабіць маштабнае рукатворнае палатно мясцовым майстрыхам давялося не ўпершыню. Два гады таму спецыяльна да юбілею роднага горада яны стварылі абярэг Шаркаўшчыны. Палотнішча 8 метраў даўжынёй і амаль 2 метры ў шырыню сабрана з асобных сурвэтак, у кожнай з якіх свой аўтар, свой сюжэт і свая тэхніка выканання — аплікацыя, вышыўка, ткацтва, вязанне... Рабілі абярэг лепшыя рукадзельніцы раёна. Самай старэйшай — за дзевяноста гадоў, самай маленькай — восем. Зараз маляўнічае палатно знаходзіцца ў экспазіцыі раённага Дома рамёстваў.

Ірына СВІРКО

Фота Сяргея ВЫСОЦКАГА

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter