Нашы палярнікі ўвялі ў эксплуатацыю тры секцыі новага антарктычнага модуля

Пакоі ледзянога дома

Сабраны санітарна-гігіенічная, лабараторна-жылая і жылая секцыі. У канцы студзеня супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў адправілі нашым палярнікам яшчэ адну секцыю — гаражны бокс. Яна прыбудзе ў Антарктыду арыенціровачна ў канцы лютага — пачатку сакавіка. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася аб ходзе работ па мантажы нашай антарктычнай станцыі.

— У мінулым годзе пераправілі ў Антарктыду платформу для размяшчэння на ёй чатырох секцый. Зараз сама платформа і ўсе чатыры секцыі на ёй ужо сабраныя. А ўдзельнікам экспедыцыі перададзены сімвалічныя ключы ад сучасных навуковых лабараторый, службовых і жылых памяшканняў, — уводзіць у курс справы начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Ігар Пільшчыкаў.

Каманда палярнікаў на фоне сабраных секцый антарктычнай станцыі

У санітарна-гігіенічнай секцыі, акрамя сантэхнікі і душавой кабіны, маюцца дзве пральныя машыны і іншыя дапаможныя рэчы для забеспячэння побыту: прасы, прасавальныя дошкі і iншае — усё, што неабходна чалавеку для камфортнага пражывання ўдалечыні ад цывілізацыі. Таксама ў гэтай секцыі змешчаны запас прэснай вады, неабходны для забеспячэння яе функцыянавання.

Што датычыцца лабараторна-жылой секцыі, то яна падзелена на дзве паловы. Адна прызначана для пражывання супрацоўніка экспедыцыі, другая — для правядзення даследаванняў.

— У гэтай лабараторна-жылой секцыі размесціцца вучоны-фізік, бо яна прызначана для правядзення фізічных даследаванняў, — паказвае макет бокса Ігар Пільшчыкаў. — Секцыя мае спецыяльны люк у столі. Праз яго можна выстаўляць  абсталяванне для правядзення фізічных эксперыментаў па даследаванні атмасферы. Другую лабараторна-жылую секцыю збяром падчас наступнай экспедыцыі. У будучыні ў ёй размесціцца вучоны-біёлаг.

У трэцяй секцыі, сабранай у гэтым сезоне, размесцяцца два ўдзельнікі экспедыцыі. У новых жылых памяшканнях ёсць усё неабходнае: тумбачка, шафа для адзення, рабочы стол, мяккае крэсла, шырокі ложак з артапедычным матрацам, чайнік і іншае. Важны нюанс: жылы бокс падзелены на дзве паловы, бо патрэбы ў асабістай прасторы яшчэ ніхто не адмяняў. Асабліва ўлічваючы той факт, што ў будучыні палярнікі плануюць перайсці да круглагадовых зімовачных экспедыцый.


Усяго ў другім модулі нашай антарктычнай станцыі будзе восем секцый. Кожная з іх здольная працаваць аўтаномна. Падчас будучых экспедыцый платформу, на якой ужо размясціліся чатыры секцыі, падоўжаць і збяруць на ёй яшчэ чатыры боксы. Гэта будзе цэнтральная ўваходная секцыя, амбулаторна-хірургічная, лабараторна-жылая і жылая.

Пакуль палярнікі размясціліся ў камандна-штабным модулі і памяшканнях былой расійскай станцыі. Модуль сабралі падчас 8-й экспедыцыі. Ён таксама стаіць на платформе. Гэта абараняе яго ад снежных заносаў. Выпрабаванне надвор’ем канструкцыя прайшла: мінус 40 градусаў і парывы ветру да 50 метраў за секунду вытрымлівала.

29 студзеня каманда вучоных адправіла палярнікам канструкцыі яшчэ адной секцыі — гаражнай. Лагістыка не змянілася. Гаражны бокс даставяць на Белы кантынент тым жа маршрутам, што і папярэднія секцыі. Груз ужо адправіўся ў Санкт-Пецярбург. Адтуль на караблі «Акадэмік Трошнікаў» яго даставяць у нямецкі порт Брэмерхафен. Затым у Кейптаўн і, нарэшце, у Антарктыду. На нашу станцыю модуль прыбудзе арыенціровачна да сярэдзіны сакавіка.

Адна палова лабараторна-жылой секцыі прызначана для пражывання супрацоўніка экспедыцыі, другая — для правядзення даследаванняў

— Гаражная секцыя звонку выглядае гэтак жа, як і ўсе астатнія. Яна зроблена на базе дваццаціфутавага марскога кантэйнера, — паказвае фота бокса Ігар Пільшчыкаў. — Секцыя прызначана для захоўвання спецтэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў Антарктыдзе. Гэта ў асноўным снегаходы і ўсюдыходы. Да таго ж гаражная секцыя — гэта свайго роду СТА. Пры неабходнасці ў ёй можна рамантаваць тэхніку. Поўны набор інструментаў для гэтага маецца.

Дарэчы, бокс ацяпляецца. Яго падключаць да агульнага энергетычнага вузла станцыі. Наогул на станцыі двайныя і нават трайныя сістэмы рэзервовага энергазабеспячэння. Калі выходзіць са строю ці спыняецца адзін дызель-генератар, спрацоўвае аварыйны. Акрамя гэтага, у кожным модулі маюцца аўтаномныя крыніцы цеплазабеспячэння.

Пасля таго як выгрузяць канструкцыі гаражнага бокса, на гэтым жа караблі «Акадэмік Трошнікаў» нашы палярнікі пакінуць Антарктыду. Судна таксама забярэ расійскіх палярнікаў. Удзельнікаў экспедыцыі высадзяць ва ўругвайскім порце Мантэвідэа. Калі атрымаецца ўзгадніць візавыя пытанні, то з Уругвая нашы палярнікі прыляцяць у Мінск самалётам. У іншым выпадку шлях дадому ім трэба будзе пераадолець па моры.

Фота прадастаўлена Цэнтрам палярных даследаванняў

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter