Хоць ураджэнка беларускай вёскі Бабышкі Ніна Янсанэ мае латышскае грамадзянства і надзел зямлі на Рыжскім узмор’і, аднак сэрцам яна застаецца з Беларуссю

Паклон Табе, мая сястрыца!

Хоць ураджэнка беларускай вёскі Бабышкі Ніна Янсанэ мае латышскае грамадзянства і надзел зямлі на Рыжскім узмор’і, аднак сэрцам яна застаецца з Беларуссю


Уладзімір Караткевіч, Мухабат з Душанбэ, Ніна Янсанэ, Рыгор Барадулін. Каўгуры, 1966 г.
Фота: Сяргей Панізьнік


У беларусаў з латышамі — даўнія крэўныя повязі, і лёс маёй сястры Ніны, у дзявоцтве Панізьнік, таму пацвярджэнне. Пра яе хочацца расказаць якраз сёлета, калі адзначаюцца 150-я ўгодкі паэта, драматурга, грамадскага дзеяча Яніса Райніса, якому ў 1940 годзе было пасмяротна нададзена званне Народнага паэта Латвіі. Цяпер вядома: ад маці Дарты з роду Грыкоўскіх ён вызнаў мову і народныя песні беларусаў, якія перадаліся Янісу ад карэнных жыхароў латгальскай зямлі. Згадаем: у 1920-м некалькі прыдзвінскіх паветаў Віцебскай губерні былі перададзены Латвіі. Але нашчадкам крывічоў пашанцавала. Іх прадстаўнікі звярнуліся па дапамогу да Райніса, і ў 1921-м пры яго падтрымцы пры Міністэрстве асветы Латвіі быў створаны Беларускі аддзел для кіраўніцтва школьнымі ўстановамі. Гэта родны нам па крыві Райніс пасадзейнічаў адкрыццю гімназій у Даўгаўпілсе і Лудзэ. Беларускія дзеячы выказалі яму за тое падзяку: у 1922 годзе дырэктар Нацыянальнага тэатра быў абраны ганаровым сябрам Культурна-асветніцкага таварыства беларусаў у Латвіі “Бацькаўшчына”. Зрэшты, пра знакамітага сябра Янкі Купалы можна пісаць бясконца. Нагадаю, што ў 1926-м Райніс быў у Мінску: удзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі. А ў Віцебску праз колькі дзён быў на адкрыцці драматычнага тэатра (БДТ-2).

Падрадкоўнікі ад Ніны

Шмат твораў Райніса перакладзена ў Беларусі. Спрычынілася да таго і мая сястра. Як рыхтавалася кніга “Ян Райніс. Выбранае” (1993), то ўкладальніца тома Мірдза Абала папрасіла рыжанку Ніну Янсанэ зрабіць падрадкоўнікі паэтычных твораў, перакласці празаічныя тэксты. Хоць сястра дасканала валодае латышскай мовай, але сутыкнулася з сакрэтамі знакамітага аўтара. Значэнне многіх яго слоў не змаглі растлумачыць нават знаёмыя рыжане! Чаму? Бо Райніс пазбаўляўся даўніх згерманізаваных запазычанняў і шырока ўжываў дыялектныя пярлінкі. Іх дапамагаў Ніне асвяціць Андрыс Веянс, сын латгальскай зямлі.

У той том дзякуючы падрадкоўнікам Ніны Янсанэ трапіла і некалькі маіх перакладаў вершаў Яніса Райніса. Адзін з іх называецца “Блудны сын”. Некаторыя перакладзеныя Нінай райнісаўскія артыкулы беларускай тэматыкі потым увайшлі ў кнігу “Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі”. Там жа змешчаны і пераклад латышскай народнай казкі, тэкстаў Айі Лацэ, Андрыса Веянса. Актыўным кансультантам ужо згаданай Мірдзы Абалы, доктара філалогіі, Ніна была і тады, калі тая пачала працаваць над стварэннем “Беларуска-латышскага, латышска-беларускага слоўніка” — ён пабачыў свет у 2010 годзе ў тым ліку і дзякуючы намаганням Саюза беларусаў Латвіі.

Дзе сонца па зямлі хадзіла...

Пераклады маёй сястры друкаваліся ў штогодніку “Ветразь”, часопісе “Вожык”, у газетах “Наша слова”, “Набат”. Апублікаваны і яе згадкі “Помню свой мацярык”. Надта ж уразіла яе выслоўе пра незвычайную зямлю, дзе нарадзілася, бо “там сонца па зямлі хадзіла…” З верша-прысвячэння Ніне — вось такія мае радкі: “Дзвіна — суседка бальшакоў — / і нас на хвалі пасадзіла./ Ці ж  вернемся мы ў след бацькоў,/ дзе сонца/ па зямлі / хадзіла?/ Сястра, зажурынка мая,/ і мне ты кладачкі масціла./ Вясной пакормім салаўя,/ каб сонца/ па зямлі/ хадзіла”. А нарадзілася Ніна, дачка Сцяпана Панізьніка, 21 лістапада 1933 года ў вёсцы Бабышкі Браслаўскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мёрскі раён Віцебшчыны). Добра памятае, як нашы бацькі, ды і яна з імі жылі “пры паляках, пры саветах, пры немцах…” У 1942-43-х гадах хадзіла ў беларускамоўную школу, дзе, расказвала, настаўнік Янка Манета прымушаў вучыць напамяць паэму Якуба Коласа “Новая зямля”. І больш як праз 70 гадоў з тае “пакуты” Ніна мне пры сустрэчах нагадвае ўрыўкі са знакамітага твора.

І якім жа няпростым, “непрамалінейным” бывае, аднак, жыццё! Па вызваленні ад акупацыі той Янка Манета, расказвала сястра, пад’ехаў з саслужыўцамі на конях да бабышкаўскага двара. Быў у вайсковай форме, пры партупеі. І загадаў называць яго цяпер Аляксандрам Пархоменкам, афіцэрам Чырвонай арміі. Вось такія “калабаранты” настаўнічалі ў Остландзе.

“Svejki!” — гэта“Сваякі!”

З 1951 года сястрыца мая жыве ў Латвіі, бо да Рыгі  прытуліліся нашы родзічы яшчэ з петраградскіх часоў. Не без дапамогі знаёмых латышоў Ніна паступіла на вучобу ў тэхнікум малочна-мясной прамысловасці. Праца ў гандлёвай сферы вымагала выдатнага валодання латышскаю моваю, і Ніна яе засвоіла да глыбінных пластоў. І мяне, помніцца, вучыла “апраўдвацца” перад нечаканым субяседнікам. Прыблізна так: “Pietodet, ludzu, es nesaprot: runaju baltkrieviski”, што азначае: “Прабачце, калі ласка, я не разумею: размаўляю па-беларуску”. А латышскае прывітанне “Svejki!” я пераклаў для сябе словам “Сваякі!” Так  з дапамогай сястры і сёння пачуваю сябе сваяком-сабрысам дружалюбных латышоў.

У жыцці Ніны адбылося многа значных пераменаў, як пачала працаваць майстрам на Рыжскім заводзе ювелірных вырабаў. Прафсаюз дапамагаў лепшым умельцам, ці пераможцам у сацспаборніцтве, наведаць ГДР, агледзець прасторы рэспублік Сярэдняй Азіі… Добра запомніўся адзін з маіх прыездаў да сястры. Вядзе мяне са станцыі Слока ў напрамку Рыжскага заліва. Пераходзім шашу на славутыя тады Кемеры. Ледзь чутны ўсплёскі мора. Дарога да яго пазначана канавамі, запоўненымі балотнай вадой. Яшчэ ідзе асушэнне тэрыторыі. А справа і злева ад дарогі пазначаны надзелы ў сотак дваццаць. “Сёмы на-дзел — гэта мой!” — заганарылася былая хутаранка. І як яна змагла на ўзмор’е выклікаць з калгаснай Беларусі нашых бацькоў? Дзівусенькі, але бацькі злаўчыліся прадаць сваю гаспадарку ў прыдзвінскім мястэчку Лявонпаль (Мёрскі раён) і пачаць ладзіць сядзібу на вуліцы Дзэлмэс, 7 у юрмальскім пасёлку Каўгуры. Сядзіба тая і сёння — адпраўным пунктам для выхаду да мора сухапутных беларусаў. Не згаслі ў ёй і запісаныя сястрою ад мамы народныя песні Прыдзвіння. Пры кожнай сустрэчы памятлівая Ніна агучвае паданні пра нашых продкаў, не забываючы маўленне роднай зямлі.

... Даруй, Айчына!

Расказвала, як у 1998-м стала грамадзянкай Латвіі. На прыёмнай камісіі пасля выканання гімна трэба было даць прысягу новай дзяржаве. Ніна прамовіла патрэбныя словы і ўголас папрасіла прабачэння ў сваёй Беларусі, бо гэтай клятвай яна не здраджвае сваёй Радзіме, а вельмі хоча, каб на новай для яе зямлі ўсім жылося лагодна. У некаторых жанчын з прыёмнай камісіі ў той момант паказаліся слёзы.

Дзякуючы перакладам сястры мне адкрыліся многія старонкі латышска-беларускіх літаратурных стасункаў, бо якраз такую тэму для распрацоўкі далі мне ў колішнім Скарынаўскім цэнтры. Я даведаўся, як у 20-я гады беларускія дзеячы, у тым ліку кіраўнік Беларускага аддзела Сяргей Сахараў, інспектар школаў Кастусь Езавітаў, стараліся шырэй знаёміць латышоў з духоўнымі дасягненнямі сваёй нацыі. Вось такая іскрынка. Выкладчыкамі на настаўніцкія курсы былі запрошаны Ігнат Дварчанін, Паўліна Мядзёлка, Максім Гарэцкі… А каб дабавіць аўтарытэту, ну хаця б Гарэцкаму, у “Штомесячніку Міністэрства Адукацыі” з’явіў­ся артыкул Кастусёнка (псеўданім К. Езавітава) пад назвай “Гісторыя беларускае літаратуры. (Максім Гарэцкі). Другое дапоўненае выданне. Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна. 1920.”

Ніна пераклала і даследаванне Матыльды Езавітавай “Кароткі агляд даўняй беларускай культуры і літаратуры”, надрукаванае ў часопісе “Домас” (“Думкі”). Чакаюць публікацыі яшчэ і перакла-дзеныя Нінай Янсанэ брашура Вілбертса Краснайса “Беларусы як адгалінаванне народа латышскага” (Рыга, 1929), старонкі ўспамінаў Яніса Ніедрэ, а таксама апавяданне Саўлцэрытэ Віесэ пра дзіцячыя прыгоды Жаныня Пліекшана, які потым дарасце да Яніса Райніса.

Жывая памяць

Ніна і на дзявятым дзясятку гадоў захавала добрую памяць. Нашы Бабышкі былі вёскай да рассялення на хутары, і кожная мясціна ля рэчкі Волты мела сваё найменне. Наша сядзіба, напрыклад, стаяла каля Французкай дарогі — бо вядзе яна ад Дрысенскага лагера 1812 года да Друі. Пытаюся, а чаму мясцінка з таполямі і збуцвелым крыжам на той дарозе называецца “Бальшавік”? Ніна: “А гэта калі ішла Польска-бальшавіцкая вайна, сюды ад Дзвіны дабрыў паранены рускі салдат і сканаў у канаве. Яго там пахавалі…” Праз 30 гадоў пасля таго я ў школу хадзіў каля “бальшавіка”. У 43-м, згадвае сястра, на бабышкаўскім полі загінуў партызан-разведчык. Пад жульвіцай-ракітай сяляне яго пахавалі. І штогод туды стала прылятаць зязюля і дужа шчыра куваць над магілай: аж пакуль парэшткі партызана не перахавалі ў брацкую магілу ў Лявонпалі. І яшчэ згадка пра вайну. Карнікі на гумовых лыжах праходзяць балота “Мох” і расстрэльваюць на купінах партызанскія сем’і. Знішчылі і паселішча. Захавала сястра трагічны ўсхліп ацалелай жанчыны: “Загарэліся Гулякі ззаду, спераду, з бакоў…”

Я запісваў ад Ніны, дзе жылі Ладзюк, Ладымер, Проска, Ванюга ды іншыя людзі з цікавымі імёнамі, мянушкамі. А жылі ў Прорвах, Брэдзіве, Кульвоку, Панізьніках, Тарараках… Наша радня па-кудзелі — Танайна Параска, Падабыцька Ганэта…  А маму ў дзявоцтве звалі Нюрай Сялюн. Такія імёны-назвы гучалі там. Сястра мая паэтка!  Неяк прыслала з Юрмалы свае радкі пра зорную пошту: “Уначы я гляджу на сузор’е Мядзведзіцы, —/ Каб зорнаму небу расказаць / Пра тое, як жывецца нам тут,/ Перадаць яму свой боль і свой сум,/ І нашы маленькія радасці,/ Якія падараваў прамінулы дзень./ Браце! Калі хочаш уведаць пра нас,/ Навіны спазнаць, успомніць мора,/ Юрмалу і сваіх сяброў, —/ Глядзі ў гэты час на зоры!/ І яны табе перакажуць,/ Чаму нашы маркотныя сэрцы/ Сумуюць і чакаюць сустрэчы./ Але зямныя спатканні адкладваюцца…/ Таму самая надзейная — зорная пошта./ Глядзі на неба, браце! І мы не згубімся пад нашым сузор’ем”.

Сустрэчы ў Каўгуры былі  розныя. Няпраўда, што беларусы не маюць выхаду да мора! Ніна сама выводзіла іх, калі нашы бацькі частавалі вышуканых у Юрмале Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Многа радні, гасцей сабралася ў доме на вуліцы Дзэлмэс. Колькі вершаў, песень пачулі з вуснаў дарагіх мінчанаў! Калі паеду адзначаць 82-ю гадавіну ад нараджэння сястры, то папрашу Ніну, яе мужа Віталда прайсціся па ўзбярэжжы Рыжскага заліва, каб узгадаць той выхад да мора балткрэваў-беларусаў, які быў першы, але не апошні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter