Тысячы пілігрымаў прыбудуць у нядзелю ў Будслаў

Пакланіцца апякунцы

Будслаў — месца намоленае. Здаецца, не толькі зямля, але нават паветра насычана тут духам малітвы. На працягу стагоддзяў людзі прыходзілі сюды, станавіліся на калені, маліліся...

фота catholic.by

Першыя манахі-бернардзінцы, якія і заклалі парафію ў Будславе, з’явіліся тут яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. А ў 1613 годзе сюды быў прывезены цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Вядома, што ў 1598 годзе рымскі папа Клімент VIII падараваў яго мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю — ён, узрушаны набажэнствам у Будславе, і ахвяраваў яго касцёлу і бернардзінцам. З самага пачатку будслаўскі абраз атрымаў пашану ў людзей. Звесткі пра цуды, якімі ён адорваў веруючых, хутка разляцеліся далёка па краіне і за яе межы. Пра іх нават кнігу напісалі — яшчэ ў XVII стагоддзі.

Сёння абраз шануецца і католікамі, і праваслаўнымі, і беларусамі, і замежнікамі. Найбольш вернікаў тут бывае падчас Будслаўскага фэсту. Людзі пераадольваюць сотні кіламетраў пешшу, на веласіпедах і аўтамабілях, каб аддаць пашану і аддзячыць Маці Божай Будслаўскай, якая лічыцца Апякункай і Заступніцай Беларусі.

Сёлетнія ўрачыстасці пройдуць 1—2 ліпеня пад дэвізам “Моладзь — надзея Касцёла і грамадства”. Фэст прысвечаны 20-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Пачнецца свята ў нядзелю з сустрэчы і прывітання пілігрымаў. Вядома, што сёлета ў Будслаў рушыла каля дваццаці пілігрымак з розных куткоў краіны. Першая і найбольш працяглая стартавала ў Брэсце яшчэ 16 чэрвеня — удзельнікам пілігрымкі наканавана было пераадолець больш за паўтысячы кіламетраў.

У першы дзень урачыстасцей запланаваны малітвы, святыя імшы, начная працэсія са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Спаць Будслаў не будзе да самай раніцы. Пілігрымаў чакаюць моладзевая праграма ў намётавым гарадку, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і гэтак далей. Найважнейшая падзея ўрачыстасцей у Будславе — галоўная святая імша — адбудзецца 2 ліпеня, яна пачнецца ў 11 гадзін раніцы. Цэлебраваць яе будзе Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter